Аляксандар Кузьняцоў патлумачыў, што сьцяг – гэта падарунак віцебскаму актывісту Сяргею Каваленку, якому сёньня споўнілася 35 год, і які 7-га студзеня вывесіў такі самы, толькі разоў у 5 большы, нацыянальны сьцяг на галоўную гарадзкую ёлку.
Міліцыянты сказалі, што забіраюць той сьцяг, які меўся быць падарункам, каб правесьці экспэртызу. Бо іх цікавіць, ці ня можа ён быць рэчавым доказам у крымінальнай справе Сяргея Каваленкі, распачатай пасьля ягонага ўчынку.
Аляксандра Кузьняцова тры гадзіны трымалі ў пастарунку, аднак пасьля адпусьцілі дадому. Ён распавёў, што да самага пад’езду яго праводзілі двое супрацоўнікаў АМАПу, якія шлі літаральна ў двух кроках за ім.
На думку моладзевага актывіста, міліцыянты прымаюць усе магчымыя захады, каб не дапусьціць вывешваньня бел-чырвона-белых сьцягоў з нагоды сёньняшняга агульнабеларускага Дня салідарнасьці.