Выбарчая мапа Ўкраіны, як і ў 2004 годзе, падзялілася амаль напалову: заходнія і цэнтральныя вобласьці аддалі перавагу Юліі Цімашэнцы, усходнія і паўднёвыя – Віктару Януковічу. Пры гэтым нямала галасоў сабралі Сяргей Цігіпка, Арсэній Яцэнюк, Віктар Юшчанка. Палітыкі ў атачэньні Юліі Цімашэнка падлічылі, што дэмакратычныя кандыдаты разам набралі 60 працэнтаў галасоў.
Абодва фіналісты прэзыдэнцкай гонкі заявілі аб гатоўнасьці весьці перамовы з кандыдатамі, якія выбылі з кампаніі. Кіраўнік перадвыбарчага штабу Юліі Цімашэнкі першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчынаў нават назваў прозьвішчы кандыдатаў, на галасы ў чыю падтрымку ён разьлічвае: Цігіпка, Яцэнюк, Юшчанка.
Аднак тыя, хто выбыў з гонкі зусім не сьпяшаюцца да перамоваў зь пераможцамі. Амаль усе яны заявілі, што не будуць падтрымліваць ані Януковіча, ані Цімашэнку.
Ці можна "перадаць" галасы?
Ключавой фігурай называецца Сяргей Цігіпка, які стаў адкрыцьцём цяперашняй выбарчай кампаніі, заняўшы трэцяе месца. Цігіпка больш папулярны на поўдні і ўсходзе Украіны. Кіеўская газэта “Сегодня” піша, што Цігіпка ўвогуле мае залатую акцыю ў другім туры.
Кіеўскі палітоляг Уладзімер Палохала перакананы, што словы пра залатую акцыю – перабольшаньне, аднак мяркуе, што перамовы кандыдатаў, якія выбылі, з фаварытамі ўсё ж пачнуцца:
“Думаю, што хутчэй за ўсё перамовы адбудуцца, хаця яны рэальна не ўплываюць на свой электарат, ні Цігіпка, ні Яцэнюк. Людзі самі ўхваляюць рашэньне, за каго галасаваць. Яны могуць уплываць на 0,3 – 0,5 працэнта сваіх прыхільнікаў, таму што яны не маюць базавага электарату”.
Іншыя палітолягі кажуць пра тое, што галасы ўсё ж могуць “пераходзіць” ад кандыдата да кандыдата працэнтаў на сорак.
Блізкі да БЮТ дэпутат Вярхоўнай рады Мікола Катэрынчук стрымана ставіцца да магчымасьці альянсу Цімашэнкі і Цігіпкі:
“Усю выбарчую кампанію Цігіпка вельмі асьцярожна казаў пра адносіны з Расеяй. Казаць аб ягоным узроўні дэмакратычнасьці цяжка, хаця перамовы патрэбна будзе весьці”.
Новыя майданы?
Юлію Цімашэнку чакае складаная задача апярэдзіць Віктара Януковіча ў другім туры выбараў, але гэта магчыма, перакананы палітоляг Уладзімер Палохала. Паводле яго, "барацьба будзе адчайнай, не выключаецца і магчымасьць акцый супрацьстаяньня”.
“Цяжка прагназаваць. Гэта будзе залежыць ад таго, якое рашэньне прымуць алігархі, што спансіруюць Партыю рэгіёнаў. Калі яны вырашаць падтрымліваць Януковіча далей, тады магчыма фэрмэнтаваньне розных канфліктных акцыяў з боку штаба Януковіча”.
Тым часам Партыя рэгіёнаў распачала падрыхтоўку да поствыбарнага маратону пасьля 7 лютага. Раніцай каля будынка ЦВК ў Кіеве на мітынг сабралася каля 2 тысяч прыхільнікаў Віктара Януковіча, іх намётавыя гарадкі зьявіліся каля галоўных дзяржаўных установаў у сталіцы.