Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне нафтавай вайны


Беларуская дэлегацыя на перамовах па пастаўках расейскай нафты безвынікова пакінула Маскву. Наўздагон Крэмль агучыў папярэджаньне, што Беларусь можа пазбавіцца ўсялякіх льгот на нафту. Менск кажа пра бессэнсоўнасьць Мытнага саюза і спробы рэйдэрскага захопу беларускіх НПЗ з боку Расеі.

Расейскі бок пасьля сёньняшняга правалу перамоваў аб пастаўках нафты пачаў выкарыстоўваць тактыку інфармацыйных атак са спасылкамі на блізкіх да ўлады экспэртаў. Раней у часе нафтавых перамоваў такія камэнтары і ўцечкі дазваляў сабе пераважна беларускі бок.

Усе асноўныя расейскія агенцтвы сёньня ўвечары публікуюць камэнтары ананімных крыніц у адміністрацыі прэзыдэнта Мядзьведзева і “вядучых экспэртаў у нафтавай галіне”.

У адміністрацыі Мядзьведзева ў прыватнасьці нагадалі, што Крэмль пагадзіўся бязмытна пастаўляць у Беларусь 6,3 мільёна тон нафты, што прыносіць эканомію ў 1,8 мільярда даляраў. Гэта было прапанавана непасрэдна Д. Мядзьведзевым на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавета так званай саюзнай дзяржавы ў Маскве ў сьнежні мінулага года.

“З улікам асаблівых адносін расейкім бокам была зробленая прапанова, якая не рабілася нікому. Расея выказала гатоўнасьць пастаўляць у Беларусь бязмытна сырую нафту ў аб’ёме, неабходным для ўнутранага спажываньня за вылічэньнем уласнай здабычы Беларусі (каля 1,7 мільёна тон)”,-- цытуе крыніцу ў Крамлі “Інтэрфакс”.

У Крамлі нагадваюць, што за тры мінулыя гады Расея, дзякуючы паніжаным мытам на нафту для Беларусі субсідзіравала яе эканоміку на 10 мільярдаў даляраў.

РІА “Новости” цытуе “аднаго зь вядучых расейскіх экспэртаў ў нафтавай галіне”, якія заўляе, што Беларусь увогуле можа застацца без льготных паставак нафты:

“Беларускі бок пойдзе на падпіваньне міжурадавага пагадненьня на расейскіх умовах, якія і так надта льготныя. Зацягваючы перамоўны працэс, можна страціць гэтыя льготы”.

Аналітык прычынай упартасьці беларускага боку называе пазыцыю пасярэднікаў, якія дзейнічаюць са згоды беларускага кіраўніцтва.

Беларускі бок, паводле БЕЛТА, прадставіў "аргумэнтаваную пазыцыю, заснаваную на існуючай базе двухбаковых адносін і падмацаваную двухбаковымі разьлікамі":

“Аднак беларускія аргумэнты і разьлікі былі праігнараваныя расейскім бокам. Бакі абмяняліся пісьмовым выкладаньнем сваіх пазыцыяў і выказалі гатовасьць да працягу перамоваў”,-- паведамляе афіцыйнае беларускае агенцтва.

Паводле расейскіх крыніц, Беларусь вымагае павялічыць бязмытныя пастаўкі нафты да 30 мільёнаў тон. У адваротным выпадку Менск пагражае павялічыць мыта на транзыт расейскай нафты да 45 даляраў за тону (цяпер гэта 3,9 даляра).

Беларускае тэлебачаньне таксама ў вельмі рэзкіх танах камэнтавала правал сёньняшніх перамоваў у Маскве. Першы канал цытуе былога міністра эканомікі Уладзіміра Шымава, які называе пазыцыю Масквы “сілавым сцэнаром”. А блізкі да ўладаў менскі аналітык Сяргей Мусіенка мяркуе, што пазыцыя Масквы падрывае інтэграцыю і Мытны саюз.

“Мытны саюз праіснаваў толькі тры дні”, -- рэзюмаваў Першы канал, журналіст якога заявіў пра цікавасьць расейскіх кампаній да беларускіх НПЗ і нават спробах рэйдэрскага захопу іх зь расейскага боку, таму што пазыцыя Масквы можа паралізаваць іх працу:

“За ціскам на Беларусь нескладана пабачыць прыватныя інтарэсы буйных расейскіх кампаній. Беларускія НПЗ, першапачаткова накіраваныя на экспарт, -- надта ласы кавалак. Размова па-сутнасьці йдзе аб спробе рэйдэрскага захопу беларускай нафтаперапрацоўчай прамысловасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG