Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску і намесьнік дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі і ўсясьветнай палітыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту — Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў з Масквы.
Ці заняла Масква больш жорсткую пазыцыю?
Валер Карбалевіч: «Паводле інфармацыі беларускага боку, Расея заняла на перамовах больш жорсткую пазыцыю, адрынула кампрамісныя варыянты і вярнулася на пазыцыі канца мінулага году. Ці сапраўды гэта так? Што адбываецца на перамовах?»
Аляксандар Класкоўскі: «Найперш трэба адзначыць, што мы дакладна ня ведаем, пра што дамовіліся бакі 10 сьнежня летась на перамовах у Маскве. Думаю, быў комплекс узаемазьвязаных дамоўленасьцяў. І калі адна зь іх выпала, то і ўся канструкцыя папаўзла.
Толькі з вуснаў віце-прэм’ера Сямашкі зьявілася інфармацыя пра вынікі тых перамоваў. Ён тады пераможна абвясьціў, што Беларусь дамаглася паставак 8-9 млн. т бязмытнай нафты. Але літаральна праз 2-3 дні яго расейскі калега, віцэ-прэм’ер РФ Сечын паправіў Сямашку — сказаў, што ўмовы зусім інакшыя, што бязмытна Расея гатова паставіць толькі 5-6 млн. т нафты.
Магчыма, беларускі бок ня выканаў нейкай умовы. Напрыклад, вядома, што нафтавыя перамовы моцна завязаныя на продаж расейскім кампаніям комплексу „Нафтан“ — „Палімір“. Дарэчы, „Палімір“ — гэта прычэп, які расейскі капітал ня надта хоча на свае плечы ўзвальваць.
Увогуле мы маем клясычную сытуацыю, якая характарызуе так званую „братнюю інтэграцыю“, калі дамовы непразрыстыя, адбываюцца, так бы мовіць, „па паняцьцях“. У выніку кожны бок пачынае цягнуць коўдру на сябе, і атрымліваецца чарговая скандальная калізія».
Суздальцаў: «Ніякай больш жорсткай пазыцыі Масквы няма»
Андрэй Суздальцаў: «Найперш, у адрозьненьне ад Беларусі, для Масквы гэта ня надта вялікая тэма. Цікава, што яшчэ зь сярэдзіны лістапада беларускае кіраўніцтва пачало ствараць запасы нафты і газу. То бок яно рыхтавалася да гэтай сытуацыі.
Калі падпісваўся Мытны саюз, то была дамоўленасьць, што пасьля стварэньня ўсьлед за Мытным саюзам Адзінай эканамічнай прасторы Беларусь і Казахстан атрымаюць вялікія магчымасьці апэрыраваць на расейскім энэргетычным рынку. Беларусь інтэрпрэтавала гэта так, што ўсе праблемы зьнятыя.
10 сьнежня падчас саміту ў Маскве размова ішла аб прыватызацыі беларускіх актываў. Але гаворка была тэарэтычная. Канкрэтыкі не было. І, дарэчы, Лукашэнка пасьля саміту, магчыма, упершыню за шмат гадоў не казаў пра перамогу. Ён адмаўчаўся і ўхіліўся ад ацэнкі гэтага саміту.
Пазыцыю Расеі выказаў Сечын. 6 млн. т. бязмытных паставак, а на астатнія 14,5 млн. т будзе 100% мыта. Нават гэтыя 6 млн. т складаюць 2,5 млрд. даляраў расейскіх датацыяў Беларусі. Ад гэтай формулы Расея не адыходзіла, таму ніякай больш жорсткай пазыцыі Масквы няма».
Хто каго бярэ на змор?
Карбалевіч: «Такім чынам, перамовы зайшлі ў тупік. На каго працуе час у гэтых перамовах? Хто каго, умоўна кажучы, бярэ на змор? Расея спадзяецца, што нафта на беларускіх НПЗ хутка скончыцца, і Менск пойдзе на саступкі?
Вось сп. Суздальцаў сказаў, што для Масквы гэта ня надта вялікая тэма. А калі паўторыцца сытуацыя 2007 году і здарыцца нафтавая вайна, спыніцца транзыт нафты празь Беларусь, хто ад гэтага больш прайграе? Ці ў Маскве так упэўненыя, што гэтым разам Менск ня пойдзе на радыкальныя захады?»
Аляксандр Класкоўскі:
Імідж Беларусі такі дрэнны, што страчваць няма чаго. А вось узяць Маскву на спалох і нешта выбіць можна.
Думаю, кампраміс палягае ў долі бязмытнай нафты, якую мусіць паставіць РФ. У любым выпадку далейшай дурніцы ня будзе і нафтавы афшор прыпыняецца. У стратэгічным пляне выйграе Масква.
Хоць Расея прапаноўвае празрыстыя формулы, але заўжды адбываецца палітычная карэляцыя. На прэсавай канфэрэнцыі 30 сьнежня Лукашэнка адзначыў, што за вайсковыя паслугі трэба плаціць. Гэта яшчэ адзін козыр Менску. Калі будуць пабудаваныя абходныя трубаправоды, то Беларусі цяжэй будзе ўваходзіць у такі клінч».
Формула Лукашэнкі
Андрэй Суздальцаў: «Аб’ектыўна кажучы, часу для ўрэгуляваньня шмат. Нават калі зыходзіць з формулы Сечына (6 млн. т бязмытных), гэты аб’ём будзе пастаўляцца да сярэдзіны сакавіка.
Але існуе пэўная інтрыга. Па-першае, зьвяртае на сябе ўвагу, што перамовы вядуць чыноўнікі нават не другога, а трэцяга эшалёну. Віцэ-прэм’ер Беларусі Сямашка сядзіць у Менску і чакае, калі на белым кані прыедзе ў Маскву падпісваць дамову. Дарэчы, рэпутацыя Сямашкі ў Маскве вельмі нізкая.
Кіраўніцтва Беларусі вядзе сябе надзвычай спакойна, бо ўпэўнена ў посьпеху. Разьлічваюць выбіць у Расеі 21,5 млн. т бязмытнай нафты. Каб дэманстратыўна прынізіць РФ перад Эўропай. Бо Лукашэнка, мусіць, упэўнены, што ў выпадку нафтавай вайны, прыпыненьня транзыту Эўропа яго падтрымае.
Лукашэнка імкнецца забіць трох зайцоў. Па-першае, прадэманстраваць Захаду, што ён можа выбіваць з Масквы, што захоча. Па-другое, прадэманстраваць палітычнай клясе Беларусі сваю запатрабаванасьць падчас перадвыбарчай кампаніі. Па-трэцяе, заснаваць эканамічную аснову для перадвыбарчага году. На кану 4,5-5,5 млрд. даляраў. Ёсьць за што ваяваць.
Таму Лукашэнка, магчыма, сьвядома цягне час, напружвае сытуацыю, каб потым ператварыць яе ў вялікі міжнародны скандал і на гэтай аснове атрымаць свой чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін.
Лукашэнка, магчыма, сьвядома цягне час, напружвае сытуацыю, каб потым ператварыць яе ў вялікі міжнародны скандал і на гэтай аснове атрымаць свой чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін.
Карбалевіч: «Формула даволі рацыянальная. Дарэчы, Менск выкарыстоўвае яшчэ адзін аргумэнт. Ён пагражае выйсьці з Мытнага саюзу, калі Расея ня пойдзе на саступкі. А гэта для Масквы таксама міжнародны скандал».
Чаму няма інфармацыйнай вайны?
Карбалевіч: «Яшчэ адна тэма: чаму няма інфармацыйнай вайны? Дзяржаўныя мэдыі Беларусі і Расеі паводзяць сябе надзіва стрымана. Маўчаць і вышэйшыя дзяржаўныя асобы абедзьвюх краін.
Узгадваю, як у 2007 годзе ў аналягічнай сытуацыі Лукашэнка адразу пасьля Новага году сабраў нараду і фактычна абвясьціў, што Бацькаўшчына ў небясьпецы. А цяпер маўчыць, гуляе ў хакей. Чым вы патлумачыце такую цішыню?»
Класкоўскі: «Вядома, што мэдыі і з аднаго, і з другога боку — паднявольныя. Таму фармальна адказ просты: няма адмашкі. Чаму няма? Што тычыцца беларускага боку, то, па-першае, Мядзьведзеў падчас прэсавай канфэрэнцыі для беларускіх мэдыяў прачытаў натацыю Лукашэнку, каб той ня крыўдзіў Пуціна, Кудрына і іншых расейскіх афіцыйных асобаў.
Па-другое, у Беларусі разгортваюцца дзьве перадвыбарчыя кампаніі. Таму недарэчы цяпер дражніць быка. А раптам Масква яшчэ саступіць? Навошта біць посуд раней часу? Дарэчы, калі сарвуцца перамовы, то эмацыйны выбух зь беларускага боку ня выключаны.
Што тычыцца Расеі, то яна ня хоча разбураць Мытны саюз, дзе ў адным фляконе ідзе і палітыка, і эканоміка. Ёсьць яшчэ вайскова-стратэгічныя інтарэсы. Дарэчы, Беларусь не ратыфікавала дамову аб стварэньні адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Гэта таксама козыр, які Лукашэнка трымае ў руках».
Суздальцаў: «Ёсьць дамоўленасьць, каб падчас перамоваў не даваць інфармацыі. Традыцыйна беларускі бок гэтую дамоўленасьць не выконвае. Акрамя таго, у Расеі выходныя. З 11 студзеня нейкая інфармацыя ў расейскіх мэдыях зьявіцца.
Далей, Масква разумее, што Лукашэнка падчас скандалу будзе апэляваць да Эўропы, таму яна сьвядома зьніжае градус канфлікту і важнасьці праблемы.
Пасьля будаўніцтва абходных нафтавых і газавых трубаправодаў транзытны статус Беларусі будзе падарваны. І краіну чакае барацьба за ўласнае сувэрэннае існаваньне на эканамічным фронце».