Кароткія шэрыя дні, доўгія завейныя вечары і бясконцыя марозныя ночы можна перажыць, амаль не заўважыўшы, у кампаніі з аўтарамі кніг, якія наша экспэртка маладая перакладчыца і крытык Ганна Янкута называе найлепшай беларускай экзотыкай.
Янка Маўр, У краіне райскай птушкі. Менск, «Юнацтва», 2000.
Цяжка ўявіць больш экзатычны беларускі твор, чым аповесьць Янкі Маўра «У краіне райскай птушкі». Гэты твор я адрасую найперш загартаваным аматарам Г. Р. Хагарда і Ж. Вэрна. У папулярнай форме аўтар расказвае маладым чытачам (а твор і не прэтэндуе на іншую аўдыторыю) падрабязнасьці жыцьця ваяўнічых папуасаў, няшчасных кітайцаў і прыгнятальнікаў-ангельцаў у адным з самых экзатычных куточкаў зямнога шару. На старонках аповесьці водзяцца казуары, кенгуру, лятучыя сабакі, расьце бамбук, хлебнае дрэва, сагавая пальма.
Месца дзеяньня — Новая Гвінэя.
Зьмітрок Бядуля, У дрымучых лясах. Менск, «Кнігазбор», 2006.
У адрозьненьне ад Янкі Маўра, Зьмітрок Бядуля апавядае пра родную краіну, пра якую мы ўсе, здаецца, ведаем досыць шмат. Але пра такую Беларусь вы яшчэ не чыталі! Гэта — Беларусь даваенная, Беларусь габрэйскіх мястэчкаў, ад якіх сёньня амаль не засталося і згадак. Гэта — Беларусь з каляровым сьветам габрэйскіх звычаяў, вершаў пра Мірыям, рабінаў і ешыботаў, Беларусь, якая можа падацца зусім незнаёмай краінай, краінай, дзе жыве іншы дух і іншая паэзія. І гэтая краіна чамусьці здаецца надзіва сьвяточнай — магчыма, толькі таму, што мы ніколі ў ёй не бывалі і ніколі ня здолеем туды трапіць. Апрача, як праз старонкі гэтай чароўнай кнігі.
Месца дзеяньня — Беларусь.
Уладзімер Някляеў, Ложак для пчалы. У кнізе паэзіі «Так». Менск, выдавец Віктар Хурсік, 2004.
Нягледзячы на тое, што ўрыўкі фінскага эпасу «Калевала» ў перакладзе Якуба Лапаткі ўжо надрукаваныя ў часопісе «Дзеяслоў», зь «верным вешчым Вяйнямёйненам» беларусы мелі магчымасьць пазнаёміцца яшчэ раней, у паэме Ўладзімера Някляева «Ложак для пчалы». Лірычны герой твора, апынуўшыся на хутары Ану і Юхі, перажывае шэраг прыгодаў, сустракаючыся зь Леммінкяйненам, Ільмарыненам, Ахтам, і ўжо цяжка зразумець, хто гэта плыве на чаўне па возеры: ці то лірычны герой, ці то сам Вяйнямёйнен. Беларускае і фінскае пераплялося ў паэме тугім вузлом і паглынула аднае адно, і пазнала сябе ў іншым, і выйшла за межы сябе.
Месца дзеяньня — Фінляндыя.
Уладзімер Караткевіч, Чазенія. Менск, «Мастацкая літаратура», 1970.
У гэтай аповесьці аўтар адпраўляе свайго героя ў самы аддалены куток Эўразіі шукаць у лясах сваё шчасьце. Герою даводзіцца зьдзейсьніць некалькі падарожжаў, перажыць шмат прыгодаў і вытрываць процістаяньне з тыграм. Сама назва аповесьці «Чазенія» адсылае чытача да незнаёмага краю: чазенія — гэта рэліктавая вярба, што перажыла ледніковы пэрыяд і расьце на Далёкім Усходзе, у Кітаі, Карэі, Японіі. І нават героі ў гэтым творы крышачку экзатычныя. А чаго яшчэ можна чакаць ад пэрсанажаў, якіх завуць Севярын Будрыс і Гражына Арсайла?
Месца дзеяньня — Далёкі Ўсход.
Андрэй Хадановіч, Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі. Менск, выдавец Ігар Логвінаў, 2005.
Зазіраем у зьмест кнігі і бачым адно знаёмыя назвы: Гарадзеншчына, Віцебшчына, Меншчына... Але ва ўсіх гарадах, у поўнай адпаведнасьці з абраным жанрам, адбываюцца цалкам абсурдныя рэчы: то паэма «Курган» чытаецца па-шумэрску, то талмудысты зь беларускамі жэняцца, то самурай-будыст робіць харакіры кансэрвавым нажом. І ўсё б нічога, але кніга яшчэ і ілюстраваная такімі ж незвычайнымі малюнкамі Натальлі Паваляевай. І вось ужо няшчасны (ці, наадварот, вельмі шчасьлівы) чытач, скачучы са старонкі на старонку, як гераіня знакамітай кнігі — з адной шахматнай краткі на другую, зусім зьбіваецца з панталыку і пачынае думаць: а ці сапраўды Берасьце знаходзіцца ў Беларусі?
Месца дзеяньня: хацелася б даведацца...