Паводле аналітыкаў STRATFOR, у 2010 наступіць кульмінацыя шматгадовых намаганьняў Расеі пазбавіць Захад і Турцыю істотнага ўплыву ва Ўкраіне, Беларусі, Казахстане, Армэніі і Азэрбайджане ды пакласьці фундамэнты пад новы палітычны саюз большасьці постсавецкіх краінаў. "Гэты праект ня будзе закончаны ў 2010, але напрыканцы году стане ясна, што былая тэрыторыя Савецкага Саюзу — гэта зона расейскага ўплыву, і што трэба будзе дакласьці неймаверных (monumental) намаганьняў кожнаму, хто захоча гэта зьмяніць", — прарочыць Stratfor.
Амэрыканскія аналітыкі мяркуюць, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, дзе тры вядучыя кандыдаты "знаходзяцца ў кішэні Крамля", Расея здолее дабіцца выдаленьня ўсіх празаходніх палітыкаў з вышэйшага кіраўніцтва краіны і нанава замацуе свой уплыў ва ўкраінскай арміі, спэцслужбах і эканоміі.
Другім месцам прасоўваньня вялікадзяржаўных амбіцый Расеі, паводле STRATFOR, будзе мытны саюз зь Беларусьсю і Казахстанам. Расея імкнецца пашырыць гэты мытны саюз на Ўкраіну, Армэнію, Кыргызстан і Таджыкістан ды з часам зрабіць яго трамплінам для глыбейшай палітычнай інтэграцыі постсавецкай прасторы.
Што тычыцца ядзерных амбіцый Ірану, аналітыкі STRATFOR зьвяртаюць увагу, што ў выпадку, калі ні ЗША, ні іншыя краіны ня здолеюць адмовіць Тэгерану ад прадукцыі ядзернай бомбы, Ізраіль несумненна нанясе вайсковы ўдар па іранскіх ядзерных аб’ектах, гэтым самым, у крыху далейшай пэрспэктыве, выклікаючы шырэйшы ўзброены канфлікт у рэгіёне Пэрсыдзкага заліву.
"У 2010 Ізраіль пастараецца выклікаць такі канфлікт, амэрыканцы будуць старацца пазьбегчы яго, іранцы будуць рыхтавацца да яго, а расейцы будуць старацца маніпуляваць усімі бакамі так, каб вырашэньне канфлікту не наступіла захутка", — піша STRATFOR.
Зь іншых вартых увагі сусьветных падзеяў у 2010 годзе STRATFOR выдзяляе пабольшаньне амэрыканскага вайсковага кантынгенту ў Аўганістане і магчымае пашырэньне аўганскага канфлікту на Пакістан.
У Эўропе, на думку аналітыкаў STRATFOR, сёлета Францыя і Нямеччына кансалідуюць сваё лідэрства ў Эўразьвязе, выкарыстоўваючы нядаўна ратыфікаваную Лісабонскую дамову.