Амаль штогод на пачатку года паміж Расеяй і адной з суседніх краінаў даходзіць да канфлікту ў справе паставак энэргарэсурсаў, -- адзначае карэспандэнт газэты Sueddeutsche Zeitung і нагадвае, што ў 2007 годзе Масква прыпыняла пастаўкі нафты ўз Беларусь, што прывяло да скарачэньня паставак у краіны Цэнтральнай і Заходняй Эўропы.
Канфлікт паміж Расеяй, Украінай і Беларусяй мае карані ў савецкім часе, адзначае газэта. Тады, у адзінай дзяржаве, рэспублікі карысталіся прывілеямі на пастаўку энэргарэсурсаў. Але зараз ні “Лукойл”, ні “Газпрам” не жадаюць зьмяншаць кошты суседзям. Захад мае засьцярогу, што Крэмль можа скарыстаць энэргетычную залежнасьць для ціску на былыя савецкія рэспублікі. Нямецкая газэта заўважае, што Беларусь заявіла пра магчымасьць падвышэньня транзытнага мыту ў дзесяць разоў – да 45-ці даляраў за тону. Гэта можа паставіць пад пагрозу транзыт нафты ў Польшчу і Нямеччыну.
Брытанская The Guardian адзначае, што залежнасьць краінаў Эўропы ад расейскіх энэрганосьбітаў павялічваецца, і Крэмль за гэты кошт набывае большую палітычную вагу. Газэта нагадвае, што праз Беларусь у Эўропу штодня паступае 400 тысяч барэляў нафты, у тым ліку – больш як дзесятая частка ад імпарту нафты Нямеччыны і тры чвэрці імпарту нафты Польшчы.
Financial Times, паведамляючы аб тым, што Беларусь і Расея ня здолелі заключыць пагадненьня аб пастаўках расейскай нафты ў 2010 годзе, прыгадвае, што ў гісторыі беларуска-расейскіх дачыненьняў ужо здарылася падобная спрэчка пра нафтавыя тарыфы ў пачатку 2007 году, калі Расея прыпыніла пастаўкі сваёй нафты на тры дні. Газэта адзначае, што тады тарыфная спрэчка была вырашаная ў карысьць Расеі.
Financial Times таксама прыгадвае газавую вайну паміж Расеяй і Ўкраінай у пачатку 2008 году, якая мела сваім наступствам прыпыненьне паставак расейскага газу ў некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы.
"Расея даўно хацела накласьці мыта на экспарт нафты ў Беларусь", — піша Financial Times. — "Беларусь гадамі атрымлівала прыбытак, імпартуючы нафту для сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў бяз поўнага мыта і потым прадаючы надбаўкі нафтапрадуктаў ў Эўропе па цане ніжэйшай, чым расейскія кампаніі".
The New York Times пры нагодзе паведамленьня аб расейска-беларускай нафтавай спрэчцы таксама прыгадвае расейска-ўкраінскую газавую вайну 2008 году і яе наступствы да Ўсходняй Эўропы.
Як і Financial Times, The New York Times таксама піша пра даходы, якія атрымлівае Беларусь зь продажу перапрацаванай расейскай нафты, плацячы за яе імпарт толькі 35.6 адсоткі стандартнага нафтавага мыта. Газэта адзначае, што гэтыя даходы за кошт Расеі ўмацоўваюць рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Пра няўдачу расейска-беларускіх перамоваў аб пастаўках нафты і магчымых наступствах гэтага для Эўропы паведамляе і The Wall Street Journal.
Усе тры згаданыя газэты цытуюць выказваньні афіцыйных асобаў з нафтавага сэктару Расеі, паводле якіх транзыт расейскай нафты цераз Беларусь у Эўропу не пацерпіць ад цяперашняга нафтавага канфлікту зь Беларусьсю.