Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавая вайна вывела на дыстанцыю


Перамовы з расейскім бокам пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь працягваюцца “на дыстанцыі”. Пра гэта паведаміў карэспандэнту “Свабоды” прэсавы сакратар беларускага ўраду Аляксандар Цімашэнка. Пакуль бакі не прыйшлі да пэўнай дамовы.

Сёньня ў Маскве выходны дзень. Сьвяты працягнуцца да 10 студзеня, што ўскладняе перамоўны працэс. Паводле прэсавага сакратара беларускага ўраду Аляксандра Цімашэнкі, перамовы праходзяць “дыстанцыйна”. Ён не паведаміў, хто зь беларускіх прадстаўнікоў знаходзіцца ў Маскве, але сказаў, што прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі і асноўны перамоўшчык першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка знаходзяцца ў Менску:

“Перамовы вядуцца, ніхто не сядзіць проста так. Аднак гэта не азначае, што сядзяць вышэйшыя прадстаўнікі ўраду, вышэйшае кіраўніцтва. Пра гэта размова не ідзе, але перамовы, зразумела, вядуцца”.

Ці ёсьць ужо нейкія вынікі перамоваў?
Я ведаю, што перамовы вядуцца, і яны не спыняліся ...

“Пакуль больш дакладнай інфармацыі пра ход перамоваў у мяне няма. Я ведаю, што перамовы вядуцца, і яны не спыняліся”.

У беларускім Міністэрстве замежных спраў пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў.

Нагадаем, пасьля няўдалых перамоваў 30—31 сьнежня пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь расейскі ўрад праінфармаваў афіцыйны Менск пра пераход ад 1-га студзеня да спагнаньня мыта на нафту ў поўным аб’ёме. Беларускі бок настойвае на тым, што да падпісаньня адмысловых дакумэнтаў з расейскім бокам пастаўкі расейскай нафты павінны застацца бязмытнымі. Пры гэтым афіцыйны Менск спасылаецца на дамоўленасьці, дасягнутыя раней прэзыдэнтамі абедзьвюх краінаў.

На пытаньне, ці спаганяе Расея стопрацэнтнае мыта на нафту, прэсавы сакратар “Белнафтахіму” Марына Касьцючэнка сказала, што перамовы вядзе ўрад.

“Усё ў такім жа рэжыме, як і было. Пастаўкі нафты ідуць. Наконт мыта перамовы ня скончыліся. У Расеі адзін пункт гледжаньня на гэтыя падзеі, у беларускага боку — іншы. Дачакайцеся афіцыйнага падпісаньня дамоў”.

Тым часам сёньня прадпрыемства “Белэнэрга” заявіла пра магчымае спыненьне транзыту расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць і для камэрцыйных паставак у краіны Балтыі.

У прэсавай службе расейскага ўраду новай інфармацыі пра нафтавыя перамовы зь Беларусьсю не падалі.

Паводле расейскага палітоляга Сяргея Маркава, да нафтавай вайны яшчэ не дайшло. Аднак у рамках Мытнага саюзу Расея пастаўляе Беларусі нафту зь вельмі сур’ёзнай зьніжкай. І ўзамен на гэта Расеі патрэбныя пазытыўныя крокі ў адказ зь беларускага боку ў сфэры вайскова-палітычнага супрацоўніцтва.
Там, дзе нафта — заўсёды палітыка ...

“Там, дзе нафта — заўсёды палітыка. На падтрымку беларускай эканомікі Расея ўклала многія мільярды даляраў, і Расея працягне гэта рабіць. Улічваючы, што Беларусь зьяўляецца часткай адзінай саюзнай дзяржавы і адзінай эканамічнай прасторы, нафту яна будзе купляць са зьніжкай. Іншая справа — якія аб’ёмы і зь якой зьніжкай”.

Паводле спадара Маркава, расейскае кіраўніцтва ня згоднае, каб нафта затанна куплялася і задорага прадавалася на зьнешніх рынках.

“Зразумела, што пэўныя сілы ў Беларусі, якія маюць прыбыткі ад перапродажу расейкай нафты ці нафтапрадуктаў, зацікаўленыя атрымліваць з Расеі як мага таньней і болей. Гэтае пытаньне колькаснай спрэчкі знойдзе нейкі кампраміс”.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, відавочна, што ніякіх пагадненьняў з расейскім бокам наагул не было дасягнута. Інакш Аляксандар Лукашэнка ўжо выступіў бы з заявай.

Андрэй Фёдараў
“Магчыма, ён лічыць, што яшчэ ня ўсе магчымасьці вычарпаныя, што нейкім чынам ягоным міністрам удасца пра нешта дамовіцца. Напэўна, у вышэйшых колах разумеюць, што такія сваркі не дадаюць аўтарытэту нікому. Я думаю, там ідзе нейкі торг. Застаюцца нейкія надзеі, што пытаньне будзе вырашана. Тут разьлік на тое, што Масква пабаіцца разбурэньня Мытнага саюзу і пойдзе на нейкія саступкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG