Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катэдра паліталёгіі БДУ: да казусу Шапуцькі


Наталка Васілевіч
Наталка Васілевіч

Меркаваньне Натальлі Васілевіч.

Васілевіч, — грукаецца мне ў скайпе Чавусаў, — я вось думаю, можа, нам ад імя палітолягаў якую заяву замуціць па Тані Шапуцьцы.

Я прызвычаілася згаджацца з усімі прапановамі Чавусава, а тут і справа такая добрая, сама думала нешта па Тані Шапуцьцы замуціць, але яшчэ ня ведала, што Таня — вучылася на той самай катэдры на тым самым аддзяленьні паліталёгіі БДУ, якую скончылі мы з Чавусавым.

Паступала я ў 1999 г., пасьля ліцэю. Заўжды хацела пайсьці па генэалягічнай лініі, у юрысты, але Беларускі ліцэй, палітычная актыўнасьць і юнацкая рамантыка штурхнулі мяне стаць палітолягам.

Акурат у 1999 г. я ўдзельнічала ў палітычнай школе, якую праводзіла Беларуская асацыяцыя маладых палітыкаў, і там сустрэла сп. Уладзімера Роўду, ён расказваў нам пра дэмакратычны транзыт, і да таго самага транзыту, падавалася, рукой падаць. Перада мной стаяў выбар — ці ехаць вучыцца ў Польшчу (ужо тады выбраныя ліцэісты мелі мажлівасьць скіравацца на Захад), ці заставацца на Радзіме — вучыцца на аддзяленьні паліталёгіі юрфаку БДУ. Дакладней, выбару не стаяла, тады выпускнікі ліцэю часьцей выбіралі застацца ў Беларусі і змагацца ці зьмірыцца. А тут яшчэ і аказваецца, што на катэдры працуюць апазыцыянэры, дык і вучыцца апазыцыянэрам там не супрацьпаказана. Але на ўсякі выпадак зь першага курсу да дыплёму я стала трымацца сп. Роўды ў якасьці навуковага кіраўніка.

У першы ж дзень на факультэце я пабачыла знаёмы белабрысы твар — Коля Астрэйка, якія скончыў ліцэй на год раней. Тады я падумала — і ліцэісты тут ёсьць, можна жыць. Коля Астрэйка ўзяўся мной апекавацца, адразу — 8 верасьня, на Дзень беларускай вайсковай славы — пазнаёміў мяне са старажылам — Юрам Чавусавым, праваабаронцам, а таксама са сваім аднакурсьнікам Пашам. У той жа дзень, на Дні беларускай вайсковай славы, было абвешчана пра маючы адбыцца Марш Свабоды, і першыя дні навучаньня для мяне сталі і першымі днямі цяжкой працы — раскідваньня ўлётак па пад'ездах з кодавымі замкамі, і праз Марш Свабоды і памянёнага Пашу ў мяне выйшла і першая спакуса. На Маршы Паша засьвяціўся, супраць яго пачалі крымінальную справу, і ён вымушаны быў зьехаць у Чэхію, кінуўшы навучаньне на другім курсе. Ніхто яго не выключаў, Паша зьехаў сам. Дзясяткі разоў я ставіла сябе на ягонае месца.

2000 г. Тады мы разам з Колем Астрэйкам забясьпечвалі працяканьне кампаніі “Байкот-2000” па Савецкай акрузе г. Менску, па якой вылучалася Вольга Абрамава. І вось ідзем мы такія, байкатуем усіх сустрэчных, і тут на праспэкце Машэрава сустракаем групу палітолягаў за нас старэйшых — Андрэя Казакевіча, Андрэя Ягорава, Кірыла Чачко і Лёшу Абарамава, і давай іх за байкот агітаваць. І раптам высьвятляецца, што яны — зь іншага боку барыкадаў, агітуюць за тую самую Вольгу Абрамаву, на акрузе якой мы мусім забясьпечыць байкот. Ды што рабіць — дзе яшчэ палітолягам пры адсутнасьці рэальных палітычных кампаній досьведу набірацца? Потым нават скандал разгарэўся ў незалежнай прэсе, і з чыёйсьці лёгкай рукі “Народная воля” абвінаваціла нашых калегаў, “канструктыўных” палітолягаў, у ціску на нас, правільных байкатуючых апазыцыянэраў.

Той скандальчык, калі рэпутацыя нашых калегаў была, на мой погляд, беспадстаўна, падмочаная, павінен быў пакласьці паміж намі лінію разлому. Па ідэі, мы ўсе мусілі палаяцца, і больш ніколі нічога. Але стала відавочна, што і байкот не атрымаўся, сродкі “Хартыі-97” не працуюць; і хоць і перамагла Вольга Абрамава, але і ў членаў каманды пераможцы з розных прычынаў унутранага задавальненьня не было. Палітолягі пакаштавалі палітычных тэхналёгій, цяпер іх калектыўная душа ляжала да чагосьці больш істотнага, і мы вырашылі — трэба нешта рабіць з палітычнай навукай. Найлепшае, што прыйшло ў галаву і што ляжала на паверхні, — стварыць навуковы часопіс. Так пачалася “Палітычная сфэра”. Першы нумар адкрываўся моднай цяпер рубрыкай — двубоем: пра праблемы сучаснай палітычнай навукі разважалі праф. Рашэтнікаў, загадчык катэдры паліталёгіі, і Натальля Васілевіч, студэнтка другога курсу. Натальля Васілевіч у артыкуле “Беларуская паліталёгія: “нуль” над узроўнем гуманітарнае дысцыпліны” прыклала ўсе свае публіцыстычныя здольнасьці, яшчэ не растрачаныя на блогі і інтэрнэт, і выказала ўсе свае прэтэнзіі да “гістарычнага цэнтру айчыннай паліталёгіі”. З таго першага ці нават “нулявога” нумару паўстаў паўнавартасны часопіс “Палітычная сфэра”, нумары якой упрыгожвалі паліцы на катэдры паліталёгіі. Першыя “студэнцкія” спробы былі не зусім удалымі, але выкладчыкі нашай катэдры з ахвотай падтрымлівалі імпэт маладых калегаў, аддавалі ў “Палітычную сфэру” свае тэксты. Праўда, з кожным годам усё часьцей і часьцей артыкулы гэтых самых выкладчыкаў сталі выходзіць падпісаныя псэўданімамі. Аднойчы, здаецца, Валер Булгакаў надаў некаму з выкладчыкаў псэўданім Андрэя Казакевіча. Казакевіч, другі пасьля А.Курэйчыка, ужо тады ў зэніце славы, гонар нашай катэдры, так і не атрымаў заключэньня на сваю дысэртацыю і ступіў на сьлізкую сьцяжынку ЭГУ, але гэта ўжо зусім іншая сюжэтная лінія: наколькі я зразумела, Тацяна Шапуцька ў ЭГУ не зьбіраецца. Прынамсі пакуль.

На катэдру прыйшла гадзіна “Ч”. Не чарговая выбарчая кампанія, не. Сталі ўводзіць у Беларусі ідэалёгію беларускай дзяржаўнасьці, і галаўной катэдрай тут выбралі каго? Палітолягаў. Усе нашыя апазыцыянэры затрымцелі, а проста “аб'ектыўныя дасьледчыкі” паўсталі перад выбарам — куды рушыць палітычную навуку ў Беларусі. Многа было роздумаў, але “канструктыўная пазыцыя”, сфармуляваная “калі ўжо тая ідэалёгія будзе, то лепей, каб ёй займаліся мы”, перамагла. Праўду сказаць, ніхто нікога дужа не душыў. Як яно было са мной. Першы раз мяне затрымалі ў 1999 г. І што вы думаеце, я знайшла поўнае спачуваньне з боку начальства. Сп.Калінін, які ў сюжэце пра Тацяну Шапуцьку аказваў на яе ціск за ўдзел у антыкамуністычнай акцыі, раіў мне, як правільна пісаць заяву ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў. Пазьней ніводнае затрыманьне, у тым ліку з адкотваньнем пальчыкаў, ня стала прычынай майго адлічэньня. Больш за тое, спакойна так сабе я і магістратуру скончыла, і асьпірантуру; і нават чатыры гады пісала курсавыя тарашкевіцай. Вядома, ніхто ня быў асабліва шчасьлівы ад прысутнасьці “адмарозкаў”. Былі розныя дробныя падколкі, якія ў асноўным ішлі ў двух рэчышчах: “ты спачатку атрымай дыплём (скончы магістратуру, абарані дысэртацыю), а потым будзеш выказваць сваё меркаваньне” і “вось ты ня хочаш выкладаць ідэалёгію, хочаш застацца чыстай, пакуль уся катэдра вымушаная гэта рабіць”; але ніколі ніхто мэтанакіравана не гнабіў. Нават, думаю, каб ня ВАК, мне б і дысэртацыю далі абараніць у тым выглядзе, у якім хацела я сама, але ж ня коштам уласнай бясьпекі. Пазыцыю можна зразумець, тым больш што адбылося на катэдры нешта, пра што гаварыць не прынята, тэма, якую лепей абыходзіць маўчаньнем.

2006 г., справа “Партнэрства”. Выпускнік аддзяленьня паліталёгіі і асьпірантка катэдры Мікола Астрэйка і Эніра Браніцкая — двое з чатырох абвінавачаных. “Вплоть до смертной казни” — пагражае тэлевізар. І загалоўкі са сноў жахаў: “Катэдра паліталёгіі БДУ выхоўвае тэрарыстаў”, “Рассаднік дэструктыўных сілаў на юрыдычным факультэце”, “Катэдра паліталёгіі падрывае канстытуцыйны лад”, “Оборотни в стенах БГУ” і пад. Лягічным стала разьвіцьцё падзеяў, калі Эніру Браніцкую, якая знаходзілася ў засьценках “амэрыканкі”, адлічылі. І ўсе перажывалі, і за яе, і за сябе.

Адлічэньне Франка. Хоць ён і быў студэнтам журфаку, але ягонае адлічэньне ўспаміналі ў нас на катэдры. Мой навуковы кіраўнік, праф. Землякоў, скардзіўся, што Францішак цалкам праігнараваў курс ідэалёгіі беларускай дзяржаўнасьці, а цяпер вунь замежныя ўнівэрсытэты спыняюць супрацоўніцтва з БДУ. З таго часу стала зразумела, што часы зьмяняюцца, заставалася толькі парадавацца, што гэта мой апошні год з 9-ці, праведзеных на катэдры. Нешта мне падказвала, што больш мне сюды не вярнуцца, што катэдру я таксама прытаміла сваёй прысутнасьцю, і па заканчэньні нам было б найлепей проста мірна разысьціся. І разыходзілася я без надзеі. Пра першакурсьніцу Шапуцьку я нічога тады ня ведала, затое бачыла, як у асьпірантуры і ў студэнцкім асяродку паціху перарывалася традыцыя “сваіх”. На кожным курсе так ці інакш прысутнічаў нехта беларускамоўны, ці выпускнік ліцэю, ці маладафронтавец. І цяпер у жж я сустрэла некалькі такіх чалавек. Але вось гэтай інфраструктуры, якая была раней і якая дазваляла асьпірантам апошніх гадоў і студэнтам-першакурсьнікам пачувацца нейкай еднасьцю, больш ня стала. Магчыма, у гэтым віна вось гэтых асьпірантаў апошніх гадоў, да якіх я адношу сябе ў першую чаргу. І калі б не адлічэньне Тацяны Шапуцькі, я б і не зірнула ў бок малодшых курсаў. Але мне пагрукаўся ў скайп Чавусаў: “Васілевіч, я вось думаю, можа, нам ад імя палітолягаў якую заяву замуціць па Тані Шапуцьцы”. І тая інфраструктура раптам зафункцыянавала — усе тыя “свае” знайшлі адзін аднога. 15 подпісаў палітолягаў — гэта ня так мала, улічваючы, што было 11 выпускаў і па 25 чалавек у групе. 15 палітолягаў — гэта больш за 5 адсоткаў. І ўсе яны раптам адчулі адказнасьць і за Таню Шапуцьку, і за катэдру паліталёгіі, на якой вучыліся. Раптам адшукаліся людзі, якіх сто год ня бачылі. Некаторыя ўжо не ў Беларусі. Некаторыя ўжо пасьпелі падпісаць ліст аб уціску акадэмічных свабодаў у ЭГУ. Некаторыя пасьпелі адседзець. Хтосьці пасьпеў абараніцца. Хтосьці заснаваў Інстытут палітычных дасьледаваньняў. А хтосьці проста мірна сабе працуе юрыстам на прадпрыемстве.

Але, на мой погляд, пасьля “Палітычнай сфэры” ліст у абарону Шапуцькі — найлепшае апраўданьне існаваньню катэдры паліталёгіі юрыдычнага факультэту БДУ. Чакаем адказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG