Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Генадзь Бураўкін і Віктар Хурсік


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 5 сьнежня


КНІГАГЛЯД

ВІКТАР ХУРСІК: “ЖЫЦЬЦЯПІС АЛЕНЫ СКІРМУНТ ЧАКАЎ НА ВЫДАНЬНЕ 123 ГАДЫ!”


Мастачка і ўладальніца багатага маёнтка на Піншчыне Алена Скірмунт за ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1863 году была сасланая ў Тамбоў. Там яна пісала дзёньнік і духова патрымлівала былых паўстанцаў. Жыцьцяпіс гэтай таленавітай і мужнай жанчыны нядаўна пабачыў сьвет у адным зь менскіх выдавецтваў. У менскай студыі мы сустрэліся з выдаўцом кнігі і аўтарам прадмовы да яе Віктарам Хурсікам.

Міхась Скобла: “Віктар, нават падчас апошняга перапісу ў Беларусі знайшліся людзі, якія пажадалі, каб іх запісалі літвінамі. Скажам, Ганна Матусэвіч зь Дзяржынску, – яна сама прызналася ў гэтым нашаму радыё. А кім вызнавала сябе Алена Скірмунт?

Віктар Хурсік
Віктар Хурсік:
“Толькі ліцьвінкай. І аўтар кнігі пра яе Браніслаў Залескі (дарэчы – сябра Тараса Шаўчэнкі) падкрэсьліў гэта ў назове кнігі. Увогуле, Алена Скірмунт – гэта вялікая постаць у нашай гісторыі. Яна нарадзілася на Піншчыне, была пляменьніцай мастака Напалеона Орды. У яе рана праявіліся здольнасьці да маляваньня, яна паехала на два гады ў Эўропу, дзе вучылася ў знакамітых мастакоў і скульптараў – у Вене, Бэрліне, Рыме. Алена Скірмунт была заможнай абшарніцай, у яе быў маёнтак, і яна добра ведала недахопы сялянскай рэформы, якую абвясьціла Расейская імпэрыя ў 1861 годзе. Яна ведала, што рэформа не падрыхтаваная, для выкупу зямлі ў сялянаў няма грошай, і ў яе былі свае погляды на гэтую праблему. І калі ў 1863 годзе палыхнула паўстаньне, яна апынулася на баку тых, хто быў нязгодны з царскім урадам. Пасьля паразы паўстаньня адбыўся арышт, і Алену Скірмунт адправілі ў ссылку ў Тамбоў”.

Скобла: “Кніга Браніслава Залескага “З жыцьця літвінкі” выходзіла ў Познані па-польску ў 1876 годзе. Частка тэксту ў ёй – на францускай мове. Кваліфікаваны пераклад – даволі клопатная справа. Чаму ўсё ж вы ўзяліся за гэты праект?”

Хурсік: “Праект гэты толькі распачынаецца, і постаць Алены Скірмунт тут не адзіная. Польскамоўны варыянт кнігі Залескага захаваўся ў Беларусі толькі ў адзіным асобніку, які здабыць было вельмі няпроста… А чаму я за гэта ўзяўся? Мяне вельмі ўразіла гераічная постаць жанчыны. Яе вялікі духоўны сьвет, які адкрываецца са старонак кнігі, яе пакуты ў ссылцы не маглі пакінуць мяне абыякавым. Мы ж сёньня шукаем героя Беларусі. Дык вось, Алена Скірмунт якраз і адпавядае маім уяўленьням пра нацыянальнага героя. Прынагодна хачу выказаць падзяку кіраўніку Польскага інстытуту ў Менску спадару Пятру Казакевічу за дапамогу ў выданьні кнігі “З жыцьця літвінкі”. А таксама падзячыць перакладчыкам з польскай Вікторыі Жук і Юліі Косьцінай, і з францускай – Ігару Лялькову. Добра, што хоць праз 123 гады кніга гэтая сустрэлася зь беларускім чытачом”.

Скобла: “Відаць, ніхто з удзельнікаў паўстаньня 1863 году не апісаў так падрабязна свайго змушанага падарожжа ў ссылку, як тое зрабіла Алена Скірмунт. Пінск – Тамбоў – вось канцавыя пункты гэтай вандроўкі. Што найбольш уразіла яе па дарозе?”

Хурсік:
“Уражвала яе і ўражваліся ёю. Расейцаў уражваў незвычайны выгляд карэты, на якой ехала Алена Скірмунт. Гэта эўрапейскі экіпаж, якога ў Расеі ня бачылі. На прыпынках народ зьбягаўся паглядзець на яго. А што бачыць сама Алена? Яна бачыць дзікі, забіты край. Прыкладам, у Ліпецку яна заўважыла каля аднаго з дамоў грамаду жанчын. Вось яе дакладнае апісаньне: “Шматлікія гурты жанчын бачыліся перад хатамі ў скоках з музыкай. Апошняя складалася з касы, на жалезе якой дзеўка палкай выбівала жвавы такт, астатнія тупалі на месцы ці падскоквалі ў крузе”. Гэтыя танцы Алену проста “выбілі з каляіны”. У той час на яе радзіме ўжо танчылі пад скрыпку, пад цымбалы, гучала дуда. А тут, у глыбіннай Расеі, яна бачыць у якасьці музычнага інструмэнту – касу!”

Скобла: “А мяне ўразілі шахматы, зробленыя Аленай Скірмунт. Гэта, відаць, самы незвычайны яе твор”.

Хурсік: “Слова “шахматы” тут, бадай, умоўнае. Уявіце – на шахматнай дошцы стаіць шэраг выдатных скульптурак, у якіх увасобленыя розныя асобы, гістарычныя постаці і сымбалі. Скажам, фігура каня была зробленая ў выглядзе Пагоні. Пра гэтую фігуру сама мастачка напісала так: “Малады рыцар зь мячом, узьнесеным угару, поўны запалу, ад дубовага зарасьніку пераскоквае цераз шчыты Палямонавых калюмнаў.” Цікава, што, сасланая ў дзікі Тамбоўскі край, Алена Скірмунт здолела прадставіць свае шахматы на Венскай выставе, дзе гэты твор атрымаў выдатныя водгукі. Зразумела, гуляючы ў такія шахматы, ссыльныя адчувалі, што яны зноў змагаюцца з расейскім самадзяржаўем, і што перамога будзе на іхным баку”.

Скобла: “Што яшчэ захавалася з мастацкай спадчыны Алены Скірмунт? І ці ведаюць пра яе на Піншчыне, на Століншчыне – на радзіме мастачкі?”

Хурсік: “Адна зь яе скульптурных выяваў Хрыста захоўваецца ў храме ў Іванаве. На Піншчыне, прыкладам, у Калодным, дзе нарадзілася мастачка, ёсьць дасьледчыкі яе лёсу, творчасьці. Яе добра ведаюць і ў Берасьці. Такім чынам, памяць пра яе жыве. Прыемна, што і пінскія ўлады не стаяць убаку. Літаральна ў найбліжэйшы час у Пінску, дзе Алена Скірмунт пахаваная, мае адбыцца прэзэнтацыя кнігі Браніслава Залескага “З жыцьця літвінкі”.

АЎТАР І ТВОР


ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН: “Я ПРАВАКАЦЫЙНА ПІСАЎ ЭРАТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ”


Двухсоттомавы праект “Беларускі кнігазбор” папоўніўся кнігай выбраных твораў Генадзя Бураўкіна. Пад яе чырвона-залатымі вокладкамі надрукаваныя лепшыя вершы, тэксты песьняў, паэмы, эсэ і публіцыстычныя артыкулы знанага беларускага паэта, журналіста і дыплямата. Многія старонкі кнігі будуць адкрыцьцём для чытачоў, асабліва маладых. Пра эротыку ў лірыцы ды іншае з Генадзем Бураўкіным гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Задумваючы “Беларускі кнігазбор”, ягоны ініцыятар і нязьменны кіраўнік Кастусь Цвірка казаў, што пад чырвона-залатымі вокладкамі ён хоча выдаць усё лепшае, што створана беларусамі і ў Беларусі. І вось у гэтай сэрыі выйшаў і ваш том. Зь якімі пачуцьцямі вы яго сустрэлі?”

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін:
“Бясспрэчна, з пачуцьцём радасьці, бо сапраўды, калі стаіш на адной паліцы з такімі выдатнымі літаратурнымі постацямі, як клясыкі нашы, як сёньняшнія выдатныя творцы, такія, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, то ня толькі прыемна, а і трошачкі неяк нават боязна, адказна. Чытач жа можа ўзяць і адзін том, і другі, і трэці, параўнаць і зрабіць для сябе нейкія высновы, ацаніць цябе. Таму – гэта ў нейкім сэнсе справаздача і вялікая-вялікая радасьць”.

Аксак: “Вы самі складалі гэты том, рыхтавалі яго да друку. Адбіраць з напісанага самае лепшае – гэта, як мне здаецца, як маці выбіраць лепшых са сваіх дзяцей. У яе ж яны ўсе любімыя…”

Бураўкін: “Я думаю, што лепей было б, каб такі том складаў нехта іншы, у яго быў бы больш аб’ектыўны падыход, больш спакойнае бачаньне таго, што напісана. Мне было цяжка выбіраць таму, што ўсё, што ты некалі напісаў, яно табе дарагое. І ў той жа час ты разумееш, што праходзяць гады, мяняюцца нейкія настроі, урэшце, відавочныя зьмены і ў літаратуры адбываюцца, і тое, што некалі было больш прыкметным, цяпер натуральна павінна адысьці на другі плян. Акрамя ўсяго іншага, я, калі складаў, то думаў ня столькі пра сябе, колькі спадзяваўся на разуменьне чытача. Мне хацелася, каб ён хацеў гэта чытаць. У гэтай сэрыі своеасаблівы фармат, таму была яшчэ адна складанасьць у тым, што трэба было пазначаць гады напісаньня твораў. А ў мяне так атрымалася, што былі гады, як мне здаецца, больш удалыя і менш удалыя. Унутры ж гадоў напісаньня ёсьць свой сюжэт, свая драматургія, і хацелася, каб і ў кнізе гэта захоўвалася”.

Аксак: “У гэтай кнізе чытачы, я думаю, адкрыюць для сябе новага Бураўкіна. Для мяне, напрыклад, стала адкрыцьцём, што вы – аўтар эратычных вершаў. Хаця б такіх:

Ты стала ля дзьвярэй
У гулкай цішыні.
Шаптала мне: “Скарэй…”
Прасіла: “Зачыні.”


Скажыце, ці шмат у вас у далёкіх шуфлядах прыхавана ненадрукаваных эратычных строфаў?”

Бураўкін: “Я не скажу, што іх там шмат засталося, бо ўжо ня тыя гады, калі такія вершы трэба хаваць ад жонкі... Пражыўшы столькі гадоў са мной, яна ўжо ўсё разумее. Але гэтыя вершы ў свой час я нават правакацыйна ці сьвядома пачаў пісаць, бо ў нашай літаратуры за многія гады амаль не было эратычнай паэзіі, акрамя як у Максіма Багдановіча і яшчэ сёе-тое ў некаторых паэтаў. Я ў свой час задумаў такую кніжку, цалкам прысьвечаную каханьню, і яна выйшла пад назваю “Пяшчота”. Каханьне ў ёй было пераважна цнатлівае, але былі там і некаторыя вершы, як тады іх ацэньвалі, залішне сьмелыя. Яны пісаліся і пасьля кніжкі. Цяпер яны, канечне, ня пішуцца так, як пісаліся раней”.

Аксак: “Адкрыцьцём для мяне стала і ваша шчымлівая лірыка вяскоўца, удзячнага сына і тое, што называецца патрыятычнай лірыкай у вельмі канкрэтным разуменьні:

Ды хіба гэта мала,
Калі там пасяджу,
Дзе вясёлая мама
Серп схавала ў мяжу,
Дзе я мчаў з хлапчукамі
Да надрэчнай грады,
Дзе стаяў з васількамі
Бацька мой малады?..


Гэтыя неверагодна ўзрушлівыя вершы напісаны, калі вам было пяцьдзесят гадоў. Ці мае значэньне для лірыкі ўзрост аўтара?”

Бураўкін: “Ён мае значэньне ў тым, што з гадамі мудрэеш, пачынаеш больш цаніць тое, што ў маладосьці лічылася само сабой зразумелым. Працытаваны верш пра бацькоў я нёс у сабе даўно, але, як і многім вяскоўцам, мне ў маладосьці было боязна, а мо нават і сарамліва адкрыта гаварыць пра такія пачуцьці. А вось калі прыйшлі гады ўжо больш сталыя, тады боязь зьнікла, і я адчуў абавязак раскрыць тое, што ёсьць у сэрцы. У гэтым сэнсе я заўсёды адчуваў сябе вясковым чалавекам, гэта значыць – чалавекам, прывязаным да роднай прыроды, да прыроды маёй Полаччыны, прывязаным да роднай бацькоўскай хаты. Цяпер ужо ў хаце бацькі няма, але, на шчасьце, яшчэ ёсьць мама. Гэтыя пачуцьці, я думаю, адны з самых інтымных і з самых дарагіх для мяне і сёньня”.

Аксак: “У адным зь інтэрвію вы сказалі, што восень – ваша любімая пара для творчасьці. Кнігазбораўскі том падпісаны ў друк прыканцы лета, а значыць, вершы прамінулай восені не ўвайшлі ў гэты том”.

Бураўкін: “Ня толькі вершы мінулай восені, а і вершы папярэдніх гадоў не ўвайшлі ў гэты том. Я яго закрыў двухтысячным годам. А цяпер я падрыхтаваў кнігу “Лісты да запатрабаваньня” і спадзяюся, што напачатку наступнага году яна выйдзе. У ёй настрой асеньняй яснасьці, асеньняй справаздачнасьці і асеньняй спакойнай замілаванасьці і прыгажосьці ў прыродзе і ў душы”.

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. ВЕРШЫ З КНІГІ “ЛІСТЫ ДА ЗАПАТРАБАВАНЬНЯ”

* * *

Калі нянавісьць просіцца ў радкі,
І сэрца рвуць няўдачы і згрызоты,
Я пакідаю
Дом свой гарадзкі,
Шукаю цішыні і адзіноты.
І вось,
Здаецца,
Ад усіх уцёк,
Змог ад штодзённых звадаў зачыніцца…
Але ў вакно мне стукае
Жыцьцё
Галінкай бэзу,
Дзюбкаю сініцы.
Яно мне не дае ў глухой цішы
Схавацца ў цемры
І на ўсё забыцца,
Зьнявераным самотнікам зрабіцца
І моўчкі бавіць дні свае,
Як быццам
На высьпе ў першабытным шалашы.
Яно не адпускае ад сябе
Халодным ветрам
І дажджом краплістым,
Ядлоўцам і дубком зеленалістым,
Рыданьнем кані
І шпачыным сьвістам,
І зоркамі,
Што сьвецяцца ў журбе.
І колькі б я аб шчасьці ні маліў,
Як з горкаю нудой не разлучаўся б –
Жыць давядзецца ў гэтым смутным часе,
На гэтай неўладкованай зямлі…


* * *

Божа мой,
Як лёталі мы ў марах –
Сёньня і ня ўспомніць ані блізка.
Хіба што ў журботных мэмуарах
Рыпне,
Як вячэрняя калыска.
Вырасьлі даўно,
Працьверазелі,
Памудрэлі,
Сталі асьцярожныя.
Ад наіву вылечыла зельле –
Палыны сівыя,
Прыдарожныя.
Толькі і цяпер
Начамі мучае
У гадоў бязьлітаснай аблозе
Самае сьвятое і балючае,
Што дагэтуль так і не збылося…


* * *

Вось і неба раіцца са мною,
Сыпле зоркі ў прыгаршчы мае.
І ўздыхае глуха за сьпіною
Хвойнік,
Што сьцяною паўстае.
Чым мне ад няшчасьцяў засланіцца,
Дзе прычаліць лёсу карабель?
Адляцела ўжо мая сініца,
Затрымаўся недзе журавель.
Мару я аб прыстані далёкай,
Аб лагодным шуме чаратоў.
І шукаю
Невідушчым вокам
Сьцежку да пахіленых жытоў…


* * *

Павуцінку
Сівізною раньняй
Скінулі нам зь неба жураўлі.
Спадзяваньняў
І расчараваньняў
Столькі мы з табой перажылі!
Мы цяпер жывём у добрым ладзе.
Крыўды ўсе забыліся.
Але ж
Ні адной маршчынкі не разгладзіш,
Ні адной сьлязінкі не сатрэш…


* * *

Бурліць,
Шуміць,
Пяе юнацтва,
Як млын зь вірліваю вадой…
Ах, як хацелася б угнацца
Мне за паводкай маладой!
Вядома,
Сілы ўжо ня тыя,
Ня той запал,
Ня той імпэт.
І ў храме – новыя сьвятыя,
І ў садзе – новых яблынь цьвет.
Ды хай паможа мне Ўсявышні,
Каб у юначай гамане
Быў голас мой
Зусім ня лішні
І свой пасад
Быў у мяне…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG