Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агнешка Рамашэўская: “Белсат” змагаецца далей”


Агнешка Рамашэўская
Агнешка Рамашэўская

Сёньня спаўняюцца два гады з дня выхаду ў эфір тэлеканалу “Белсат”. Канал быў створаны ў 2007 годзе ў рамках польскага грамадзкага тэлебачаньня. Галоўная задача тэлеканалу – даваць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную інфармацыю аб падзеях у краіне, Эўропе і сьвеце. З нагоды другой гадавіны “Белсату” – гутарка з дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай.


Максімюк: Размову пра ўгодкі давайце пачнем не зь віншаваньняў, а зь ня надта прыемнай падзеі. У аўторак беларускія ўлады чарговы раз адмовілі "Белсату" ў рэгістрацыі карэспандэнцкага пункту ў Беларусі. Калі раней адмовы матываваліся тым, што "Белсат" нібыта не падаў усіх патрэбных дакумэнтаў на рэгістрацыю ў Міністэрства замежных справаў, дык цяперашняя адмова мае вельмі катэгарычны і, так бы мовіць, канчатковы характар. Ці і вы так прачыталі гэты дакумэнт зь беларускага МЗС?

Рамашэўская: Так, гэта ёсьць канчатковая адмова. Прынамсі, яна канчатковая на сёньняшні дзень, я б гэта выказала такім чынам. У дакумэнце згадваецца праца журналістаў, беларускіх грамадзянаў, якія нібыта працавалі для “Белсату” без акрэдытацыі і атрымалі так званыя “предупреждения”. Але гэты аргумэнт ня вельмі пасьлядоўны — таму што іншыя мэдыі паводзілі сябе падобна, але акрэдытацыю атрымалі. Трэба разумець, закон — ня роўны для ўсіх у гэтым выпадку. Ну і гэтая адмова стварае зачараванае кола. Нашы супрацоўнікі, ад якіх мы, напрыклад, купляем відэастужкі, — я іх не магу назваць нашымі працаўнікамі, бо яны фармальна не працуюць на “Белсаце”, — працуюць, як працуюць, бо ня могуць працаваць непасрэдна на нас, таму што мы ня маем рэгістрацыі ў Беларусі і ня можам зьвярнуцца па акрэдытацыю для іх. Таму працуем без акрэдытацыі. А калі мы працуем безь яе, дык нам кажуць, што мы ня можам атрымаць рэгістрацыі ў Беларусі. Такім чынам кола замыкаецца.

Максімюк: У мінулым людзей, якія працавалі для “Белсату”, улады затрымлівалі, бралі на прагляд іхныя кампутары і папярэджвалі. Ці вы не баіцеся, што ў сувязі зь цяперашняй адмовай у рэгістрацыі ўлады могуць ужыць больш жорсткія захады супраць вашых супрацоўнікаў у Беларусі? Напрыклад, арышты...

Рамашэўская: Такая пагроза існуе ўвесь час, але я думаю, што яна — малаімаверная. Сёньня міністар замежных справаў Польшчы
Міністар замежных справаў Польшчы размаўляў на тэму акрэдытацыі зь міністрам замежных справаў Беларусі...
Радаслаў Сікорскі, які наведаў нашу сядзібу, сказаў калектыву “Белсату”, што ўчора ён размаўляў на тэму гэтай акрэдытацыі зь міністрам замежных справаў Беларусі і даў зразумець, што было б вельмі пажадана, калі б можна было зрабіць крок уперад у гэтай справе. Я спадзяюся, што калі беларускія ўлады будуць падтрымліваць так званы курс на лібэралізацыю, дык ня будуць арыштоўваць і зьнявольваць журналістаў. Таму што гэта поўнасьцю кампрамэтавала б іхныя заявы аб дэмакратызацыі ці нават лібэралізацыі.

Максімюк: Так што вы ня страцілі надзеі на пасьпяховае завяршэньне справы з рэгістрацыяй?

Рамашэўская: Безумоўна, я ня страціла такой надзеі. Мы абавязкова будзем сачыць за разьвіцьцём палітычных падзеяў і абавязкова яшчэ раз зьвернемся з просьбай аб рэгістрацыі, бо мы перакананыя, што гэтая адмова грунтавалася на выкарыстаньні падвойных стандартаў. Таму мы ня можам зь ёю пагадзіцца. Да таго ж яна супярэчыць прынцыпу пашырэньня свабоды слова. Калі Беларусь хоча дэмакратызавацца згодна з ідэямі, якія заключаныя ва “Ўсходнім парнтэрстве”, дык мусіць пагадзіцца на свабоду слова ў шырэйшым абсягу, чым цяпер.

Максімюк: Калі мы размаўлялі з вамі год таму, вы ацанілі колькасьць гледачоў “Белсату” на прыблізна 200 тысяч чалавек. А як сёньня, паводле вашай ацэнкі, выглядае гэтая аўдыторыя — яна пабольшала, паменшала, засталася на ранейшым узроўні?

Рамашэўская: Для нас найважнейшай групай у Беларусі зьяўляецца група нашых сталых гледачоў. Паводле даследаваньняў, якія мы
Колькасьць нашых сталых гледачоў у Беларусі — прыблізна 225 тысяч чалавек...
зрабілі ў кастрычніку, гэтая аўдыторыя паволі, але стабільна расьце. На працягу гэтага году мы выкарыстоўвалі апытаньні розных дасьледчых асяродкаў, але ўсе дасьледаваньні давалі падобныя вынікі. Мінімальная ацэнка нашай аўдыторыі не сышла ніжэй за 160 тысяч чалавек. Цяперашні наш вынік — 2,6 адсотка грамадзянаў Беларусі заяўляюць, што пастаянна глядзяць “Белсат”, а яшчэ 6 адсоткаў дэкляруюць, што робяць гэта час ад часу. Гэта значыць, што колькасьць нашых сталых гледачоў у Беларусі — прыблізна 225 тысяч чалавек. Найбольшым выклікам для нас зьяўляецца факт, што ўсё яшчэ 50 адсоткаў беларускіх грамадзянаў ня ведае пра існаваньне нашага каналу. Гэта таксама рэсурс для нас у будучыні. Як бы на гэта ні глянуць, мы стабільна разьвіваемся. Я баялася, што скарачэньне нашай праграмы дзеля ашчаднасьці да 4 гадзін летам пацягне за сабою зьмяншэньне колькасьці гледачоў. Аказалася, што не. Колькасьць гледачоў паволі, але стабільна расла. Я абсалютна перакананая, што ў наступным годзе група сталых гледачоў вырасьце да 3 адсоткаў ды таксама пабольшыцца група людзей, якія глядзяць нас час ад часу.

Максімюк: А ці вернецца “Белсат” да папярэдняй працягласьці вяшчаньня?

Рамашэўская: Так, з 1 студзеня ў нас будзе новы расклад, і мы зноў вернемся да 6 гадзін вяшчаньня.

Максімюк: Спадарыня Рамашэўская, прыміце ад мяне і маіх калегаў з “Свабоды” віншаваньні з нагоды таго, што “Белсат” вытрываў гэтыя два нялёгкія гады і вырас. А на заканчэньне ў нас такое пытаньне. Калі б у вас у руках аказалася чароўная палачка і вы маглі б пры яе дапамозе споўніць адно сваё жаданьне, дык што гэта было б — афармленьне рэгістрацыі ў Менску, павелічэньне датацыі для “Белсату” ці яшчэ нешта іншае?

Рамашэўская: З гэтай палачкай я адразу пайшла б у Эўрапейскую камісію, каб дабіцца стабільнасьці фінансаваньня з боку Эўразьвязу.
Выжываньне залежыць толькі ад людзей, якія на “Белсаце” працуюць...
Гэта для нас абсалютна фундамэнтальная рэч. Цяпер толькі адна з нашых перадач фінансуецца Эўрапейскай камісіяй. Большая частка нашага фінансаваньня ідзе з польскага Міністэрства замежных справаў, трохі фінансуе нас польская публічная тэлевізія, нешта таксама фінансуюць брытанцы і галяндцы, калісьці фінансавалі амэрыканцы, але ніхто не ўзяў на сябе адказнасьці за тое, каб гэтая інстытуцыя выжыла. У сапраўднасьці выжываньне залежыць толькі ад людзей, якія на “Белсаце” працуюць. Калі б я мела такую чароўную палачку, дык пастаралася б зьмяніць гэтую сытуацыю, каб мы знайшлі сваё сталае месца ў мэдыяльным краявідзе Беларусі, бо я думаю, што мы гэтага заслугоўваем і што гэта можа даць вынікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG