Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стужка Белсату атрымала прыз на фэстывалі “Prix Europa”


Дакумэнтальная стужка “Рабінзоны Мантсінсаары”, зьнятая тэлеканалам “Белсат” пры ўдзеле партнэраў зь Нямеччыны, Фінляндыі ды Францыі, атрымала адмысловую ўзнагароду ў катэгорыі “тэлевізійны дакумэнтальны фільм” на фэстывалі “Prix Europa” — найбуйнейшым форуме радыё- і тэлежурналістаў Эўропы, паведамляе прэс-служба тэлеканалу.

Фільм распавядае пра двух немаладых ужо мужчынаў, якія жывуць на апусьцелым востраве. Адзін зь іх — беларус Клюня, другі — фін Мацьці. Яны жывуць ва ўзаемнай варожасьці.

Прычына ў тым, што да ІІ Сусьветнае вайны востраў Мантсінсаары на Ладажскім возеры належаў Фінляндыі. Фіны жылі тут заўсёды, любілі сваю прыроду, лясы. Але пасьля вайны выспу засялілі грамадзянамі Савецкага Саюзу, адным зь іх быў беларускі лясьнік Клюня. Аднойчы ён трапіў у пастку, нібыта пастаўленую суседам. З гэтага і пайшла няпрыязь. Мацьці ня лічыць сябе браканьерам. У яго тыпова фінскі характар: ён ціхі і спакойны, асабліва блізка людзей да сабе не дапускае. Беларус зусім іншы: вясёлы, артыстычны, з адкрытаю душою. На востраве ён стварыў свой уласны сьвет, уласную краіну. Ён і распавядае гісторыю двух народаў і гэтай выспы.

Сярод 33-х працаў, заяўленых у катэгорыі “тэлевізійны дакумэнтальны фільм”, была яшчэ адна стужка, створаная для “Белсату”, — “Сьвята на нашай вуліцы”.

Галоўную ўзнагароду “Prix Europa” ў катэгорыі “тэлевізійны дакумэнтальны фільм” атрымала стужка “Хімія” польскага рэжысэра Паўла Лазіньскага, створаная для Польскага грамадзкага тэлебачання (TVP S.A.).

Узнагароды “Prix Europa” для тэлевізійных дакумэнтальных фільмаў фінансуе Эўрапэйская Камісія.

У 13-ці катэгорыях радыё-, тэле- і “новых мэдыяў” за ўзнагароды змагаўся 231 твор з 35-ці краінаў.



Анонс фільму “Рабінзоны Мантсінсаары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG