Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьявіліся “антыгрыпозныя” каляндарыкі


Прафіляктычныя выданьні віцебскага Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.
Прафіляктычныя выданьні віцебскага Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.

Колькасьць захворваньняў на грып і ВРВІ ўжо пачала зьніжацца, калі віцебскі абласны Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі ўрэшце знайшоў грошы на выданьне каляндарыкаў з прафіляктычнымі парадамі, як засьцерагчыся ад хваробы.

Супрацоўніца аддзелу грамадзкага здароўя распавяла, што адмысловыя каляндарыкі на 2010 год, а таксама буклеты і плякаты адпаведнага зьместу былі падрыхтаваныя да выданьня яшчэ на самым пачатку эпідэміі. Але разьлік на іх не апраўдаўся: не знайшлося грошай на тое, каб усё надрукаваць і распаўсюдзіць.

Паводле інфармацыі, якую апублікавала агенцыя БелТА, каляндарыкі з парадамі, як абараніць сябе ад інфэкцыі, ужо бясплатна раздаюць у віцебскіх аддзяленьнях сувязі, шапіках «Белсаюздруку» ды проста раскідаюць па паштовых скрынях. Але ні на пошце, ні ў шапіках пра гэткую ініцыятыву нават ня чулі.

У Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі патлумачылі, што каляндарыкаў выдадзена ўсяго тры тысячы. Гэта значыць, што толькі 1% жыхароў абласнога цэнтру можа іх атрымаць. Абласная санітарна-эпідэмічная служба ня мае грошай, каб надрукаваць іх болей, аднак па ўсіх установах гораду былі разасланыя макеты, паводле якіх і каляндарыкі, і буклеты можна раздрукаваць на ўласным абсталяваньні за ўласныя сродкі. Праўда, з гэтай прапановы віцебскага Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі амаль ніхто й не скарыстаў — у цяперашніх складаных эканамічных умовах лішніх грошай на друкаваную прадукцыю не знайшлося.

У рэгіёнах фінансавае становішча яшчэ горшае, таму змушаць раённыя санітарныя службы да пошуку сродкаў на «антыгрыпозныя» каляндарыкі ды буклеты абласное кіраўніцтва проста ня стала.

Каляндарык на 2010 год з прафіляктычнымі парадамі наўрад ці можа лічыцца пераднавагоднім сувэнірам: на белым фоне тут зьмешчаны схематычныя малюнкі ды парады накшталт «рэгулярна мыйце рукі з мылам» ды «стойце на адлегласьці, кантактуючы з хворым». Але супрацоўнікі санітарнай службы лічаць, што своечасова нагадаць пра захады перасьцярогі было б карысна — каб на самым пачатку эпідэміі знайшліся грошы на дастатковую колькасьць друкаванай прадукцыі, мажліва, кагосьці гэтыя парады і ўратавалі б ад хваробы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG