Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грып у Беларусі: эпідэмія разьвіваецца так, як і ў іншых краінах


Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка заявіў, што расейскія мэдыкі асьцерагаюцца зьяўленьня гібрыду «сьвінога» і «птушынага» грыпу. Ці рыхтуюцца да новых відаў захворваньня ў Беларусі і як мяняецца эпідэміялягічнае становішча?

Афіцыйны інтэрнэт-сайт Міністэрства аховы здароўя падае інфармацыю пра стан захворваньняў на прастуду і грып тыднёвай даўніны — 179 выпадкаў захворваньняў на вірус грыпу А/H1N1. На 19 лістапада памерлі 13 чалавек, якія мелі гэты вірус. Пра разьвіцьцё сытуацыі у міністэрстве па-ранейшаму не паведамляюць. У прыватнасьці, вось што сказала кіраўніца прэсавай службы Вольга Шульпіна:

«У мяне пакуль няма інфармацыі ніякай. Рана пакуль, пачакайце».

Выступаючы ў Савеце Рэспублікі 27 лістапада, першы намесьнік міністра аховы здароўя Робэрт Часнойць паведаміў, што ўсяго на грып у Беларусі захварэлі 1,5 мільёна чалавек. Пры гэтым аптэкі краіны нібыта гэтак забясьпечаныя супрацьвіруснымі лекамі, што людзі нават вяртаюць лішкі прэпаратаў, набытых падчас дэфіцыту. Зараз у продажы больш за 7 тысяч упаковак таміфлю. Каб спраўдзіць гэтыя заявы, цікаўлюся становішчам у фармацэўта адной з аптэк дзяржаўнага прадпрыемства «Белфармацыя»:

Карэспандэнтка: «Ці дастаткова ў вашай аптэцы ёсьць супрацьвірусных прэпаратаў, да прыкладу, таміфлю?»

«Таміфлю» на гэты момант няма«.

Карэспандэнтка: «Ці ёсьць аксалінавая мазь?»

«Аксалінкі таксама няма. Але зараз спад захворваньняў, таму і попыт значна меншы».

Карэспандэнтка: «А ці былі ў вас выпадкі, калі людзі спрабавалі вярнуць лекі?»

«Не! Такіх выпадкаў у нас яшчэ не было».

Ва ўсіх краінах Эўропы ідзе аднолькавая эпідэмія, і ўсё. Пастаўлена кропка і спыненыя ўсе размовы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, напрыканцы лістапада ў Беларусь павінна была паступіць вакцына супраць вірусу А/H1N1. А ў Расеі ўжо заявілі пра небясьпеку мутацыі «сьвінога» і «птушынага» грыпу. Ці рыхтуюцца да новых праяваў захворваньня беларускія мэдыкі і якое становішча ў краіне з вакцынай і захворваньнямі, цікаўлюся ў кіраўніка Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Аляксандра Пяткевіча:

«Усё ідзе нармальна і разьвіваецца, як у іншых краінах. На жаль, шмат няяснага, у тым ліку адносна тых пытаньняў, якія вы задалі. Эпідэмія разьвіваецца паводле сваіх законаў. Камісія экспэртаў УААЗ, якая пабывала ва Ўкраіне, дакладна сфармулявала: нічым не адрозьніваецца вірус, нічым не адрозьніваецца дынаміка, нішто нічым не адрозьніваецца. Ва ўсіх краінах Эўропы ідзе аднолькавая эпідэмія, і ўсё. Пастаўлена кропка і спыненыя ўсе размовы».

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, ва Украіне на 29 лістапада зарэгістравана 1 800 хворых на грып, зь якіх памерлі 424 чалавекі. Нагадаю, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі заяўляе пра 1 500 хворых і толькі 13 памерлых.


Усясьветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што дадаткова паставіць ва Украіну 5 мільёнаў дозаў вакцыны супраць грыпу А/H1N1 у выглядзе гуманітарнай дапамогі. Беларусі гэтая арганізацыя ў дабрачынным парадку перадала 60 тысяч упаковак таміфлю. Як паведамляюць у беларускім прадстаўніцтве, па іншую дапамогу да Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь не зьвярталася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG