Літаратар, грамадзкі рэдактар “Свабоды” на гэтым тыдні Віталь Рыжкоў: “Шкада, што Павіч не дачакаўся Нобэлеўскай прэміі”
Рыжкоў: Для кагосьці сьмерць аўтара (і гэта ня толькі культуралягічны або філязофскі тэрмін) – гэта нагода пасумаваць, а для кагосьці – прарэклямаваць ягоныя кнігі, вартыя кнігі, якія трэба прачытаць абавязкова. “Хазарскі слоўнік”, “Зваротны бок ветру”, “Пэйзаж, намаляваны гарбатай” – гэта тры мае ўлюбёныя кнігі Міларада Павіча. Для кагосьці – гэта нагода пасумаваць, што аўтар, які так шмат зрабіў для адной з так званых малых літаратур, не атрымаў, не дачакаўся Нобэлеўскай прэміі. Нават адкрыцьцё прыжыцьцёвага помніка Мілараду Павічу ў Маскве адбылося безь яго прысутнасьці (праз хваробу, наколькі я ведаю). Вельмі цяжка казаць, калі ўвогуле ніякіх словаў, апроч словаў жалю, не нараджаецца.
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч: “Міларад Павіч разбурыў нашы ілюзіі”
Хадановіч: Безумоўна, сьмерць Павіча – гэта значная ў літаратуры падзея са знакам мінус, значная страта. Бо Міларад Павіч – пісьменьнік, ад якога заўсёды чакалі цікавых тэкстаў, найнавейшых, найбольш моцных, найбольш актуальных у літаратуры адкрыцьцяў.
Спадар Павіч досыць позна здабыў міжнародную літаратурную славу, досыць доўгі час заставаўся вядомы толькі ў межах Сэрбіі і Югаславіі як перакладчык і паэт. Перакрочыў ён нацыянальныя моўныя межы досыць позна і разам з Умбэрта Эка сказаў новае слова ў літаратуры, пакончыўшы, можа быць, назаўсёды зь яе наіўнасьцю. Пачаў такія практыкі, як гіпэртэкст і лінейнае пісьмо. Стварыў раман-слоўнік, які можна чытаць запар, а можна чытаць тэматычна. Стварыў раман-крыжаванку, які можна чытаць запар, а можна чытаць па вэртыкалі і па дыяганалі. Стварыў раман-клепсыдру, які можна чытаць справа налева, а можна перакуліць кніжку і чытаць яе зьлева направа. Стварыў раман-інструкцыю для варажбы на картах таро. Стварыў п’есу, у якой адразу некалькі п’есаў, дзе пралёгі і эпілёгі чытач альбо глядач выбірае сам, як выбірае мэню ў рэстаране, бо фактычна ў адной п’есе было дзевяць п’есаў. Гэта стылістычныя адкрыцьці, але гэта і інтэлектуальныя адкрыцьці.
Для мяне чытаньне Павіча стала шчасьлівым разьвянчаньнем ілюзій, што нашы найбліжэйшыя суседзі, славяне і іншыя, з маленькіх краін Цэнтральнай Эўропы – гэта штосьці менш цікавае, чым самыя модныя і вялікія краіны ў літаратуры. Раптам аказалася, што сэрбская літаратура ня менш цікавая, чым ангельская, амэрыканская альбо лацінаамэрыканская. Аказваецца, што магічны рэалізм і адначасова постмадэрнізм ляжаць зусім побач. Аказваецца, што маленькім краінам, невялікім культурам ёсьць што сказаць усяму сьвету”.
Пераклады твораў Міларада Павіча на беларускую мову:
фрагмэнты з “Хазарскага слоўніка” (пераклад Сяргея Шупы)
эсэ Міларада Павіча “Пачатак і канец раману” (АРХЭ 1/2004, пераклад Аксані Пісецкай)