Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў прыляцеў раней за Мядзьведзева


Дзьмітрый Мядзьведзеў вітаецца з Нурсултанам Назарбаевым, архіўнае фота.
Дзьмітрый Мядзьведзеў вітаецца з Нурсултанам Назарбаевым, архіўнае фота.

Сёньня пачаўся візыт прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева ў Беларусь. 27 лістапада ў Менск прыбывае расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў. Яны возьмуць удзел у пасяджэньні Міждзяржсавету ЭўрАзЭС. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам яны павінны падпісаць дакумэнты па Мытным саюзе.

Афіцыйны візыт Назарбаева адбываецца пасьля дзевяцігадовага перапынку. Ён працягнецца да 26 лістапада. А 27-га лістапада ў Менску прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі возьмуць удзел у пасяджэньні Міждзяржсавету ЭўрАзЭС. На ім плянуецца падпісаць дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу. Аляксандар Лукашэнка ўжо выказаў сумнеў, што гэты саюз можа быць выгадным для Беларусі. Маўляў, Расея і Казахстан зарэзэрвавалі для сябе шэраг палажэньняў па найбольш адчувальных пытаньнях. Да таго ж гэтыя дзьве краіны вельмі падобныя, бо маюць вуглевадародную сыравіну. Таму, паводле А.Лукашэнкі, яны будуць выступаць кансалідавана. Напярэдадні кіраўнік Беларусі заявіў, што Мытны саюз прывядзе да ўзмацненьня пазыцый Расеі, а Беларусь і Казахстан могуць застацца на задворках.

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, наўрад ці Назарбаеў прыехаў, каб ўгаворваць Лукашэнку не зрываць падпісаньне Мытнага саюзу.

“Назарбаеў усё ж сапраўдны ўсходні ліс, і яго больш цікавяць пэрспэктывы, якія могуць скласьціся. І ёсьць рэчы, дзе пазыцыі Беларусі і Казахстану могуць быць кансалідаваныя і будуць на карысьць гэтых дзьвюх краінаў. Калі Назарбаеў і Лукашэнка будуць узгадняць пазыцыю супраць Расеі, то Мытнага саюзу ня будзе. Мытны саюз — гэта ўзгадненьне нацыянальных эканамічных інтарэсаў. А гэтыя інтарэсы ў Беларусі, Казахстану і Расеі не супадаюць”.

Напярэдадні пасол Казахстану ў Беларусі Анатоль Сьмірноў заявіў, што Мытны саюз адкрые магчымасьць паставак казахстанскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і адтуль у Эўразьвяз. Раней гэтаму перашкаджалі праблемы з транспартаваньнем праз Расею. Але калі будуць адзіныя тарыфы,то гэтая праблема адпадзе.

Андрэй Фёдараў
Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што гэтае пытаньне можа абмяркоўвацца на сустрэчы двух кіраўнікоў:

“Вядуцца размовы наконт нафтаправоду з поўдня на поўнач, Адэса — Броды, у якога ёсьць праблемы з запаўненьнем нафтай. Для гэтага неабходная казахстанская нафта. Беларускі бок будзе нейкім чынам уплываць на казахстанскіх партнэраў, каб яны таксама далучыліся да гэтай ідэі. Такія размовы вяліся, і калі сюды прыяжджаў Ільхам Аліеў. Але наколькі гэта рэальна і наколькі Астана гатовая пайсьці на такі крок, невядома”.

Палітоляг Уладзімер Улаховіч мяркуе, што візыт Назарбаева найперш тычыцца двухбаковых стасункаў, а потым ужо саміту. Ён кажа пра жыцьцяздольнасьць нафтавага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Казахстанам.

“Але ёсьць пэўныя тэрміны распрацоўкі гэтага пытаньня. І фінансавая аснова. Беларусь наагул хоча распрацоўваць усе варыянты па нафце, якія магчыма. Бо гэта сур’ёзная і важная справа для разьвіцьця беларускай эканомікі”.

Тацяна Манёнак
Эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак адзначае: беларускі бок разьлічвае, што Мытны саюз дасьць якасна новую магчымасьць доступу на расейскі рынак, верне тыя ідэальныя ўмовы, у якіх працавала эканоміка да крызісу. Але гэта малаверагодна, улічваючы ўзмацненьне пратэкцыянісцкай палітыкі той жа Беларусі.

“Што гэта будзе паўнавартасны эканамічны саюз, нейкая міні-Сусьветная гандлёвая арганізацыя, — гэта казаць цяжка. Бо беларускі бок не зьмяншаў пратэкцыянісцкую палітыку, а больш яе падвышаў. Гэта будзе даўгабуд. Кожная краіна будзе вытаргоўваць для сябе лепшыя ўмовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG