Сяргей Навумчык: Я цяпер знаходжуся ў раёне Альбэртаў, гэта стары цэнтар Прагі, непадалёк ад Вышаграду. і тут ідзе вялікая калёна --5-10 тысячаў людзей, і менавіта такім чынам яны адзначаюць 20 годзьдзе пачатку Аксамітнай рэвалюцыі. 20 гадоў таму яна пачалася як раз адсюль, з гэтага месца, дзе я цяпер знаходжуся.
Алена Каварава: Сяргей, нагадайце абставіны той падзеі.
Навумчык: 17 лістапада -- гэта Міжнародны дзень студэнта, а прымеркаваны ён да пахаваньня студэнта мэдычнага факультэта Яна Оплетала, які быў сьмяротна паранены падчас маніфэстацыі супраць фашысцкай акупацыі Чэхаславаччыны ў лістападзе 1939 году. Усё пачалося адсюль з Альбэртава. Тады сотні студэнтаў былі разагнаныя. А 17 лістапада эсэссаўцы ўзялі ў аблогу студэнцкія інтэрнаты, і больш як тысяча студэнтаў былі арыштаваныя, а 9 кіраўнікоў студэнцкага зьвязу былі расстраляныя.
І вось 20 гадоў таму 17 лістапада 1989 году праскія студэнты вырашылі адзначыць гадавіну, сабраўшыся каля мэдычнага анатамічнага факультэту тут на Альбэртаве. Прычым акцыя была дазволеная ўладамі. А тое, што адбылося далей, не чакалі ані ўлады, ані паліцыя, ані самі студэнты, ані лідэры студэнцкага руху, як цяпер яны самі прызнаюцца. Сабралася тады каля 15 тысячаў чалавек, а потым калёна, як прыгадваюць сёньня ўдзельнікі, абсалютна стыхійна рушыла да цэнтру гораду, што ўладамі дазволена не было. І ў раёне Нацыянальнай вуліцы, калёна дасягнула 50 тысячаў чалавек, адбыліся жорсткія сутычкі з паліцыяй, паліцыянты жорстка зьбівалі людзей, 568 чалавекі зьвярнуліся па мэдычную дапамогу.
А тое, што адбылося далей, не чакалі ані ўлады, ані паліцыя, ані самі студэнты, ані лідэры студэнцкага руху, як цяпер яны самі прызнаюцца
Людзі патрабавалі адстаўкі камуністычнай ўлады, і неўзабаве камуністычны рэжым у Празе абрынуся. Вось так адбылася гэтая аксамітная рэвалюцыя. А пачатак гэтага студэнцкага шэсьця, студэнцкага руху і ў літаральным сэнсе, і ва ўскосным адбыўся адсюль.
І вось цяпер падыходзіць яшчэ калёна студэнтаў, яны апранутыя ў чорнае. У кагосьці фарбаваныя валасы. Гучаць барабаны. Усё гэта вельмі нагадвае буфанаду. Зрэшты большасьці з гэтых людзей, у лепшым выпадку, калі былі тыя падзі, было 2-3 гады. Для іх гэта гісторыя, можа быць міталягізаваная гісторыя, таму такое шэсьце крыху жартаўлівае, апраўданае.
Тут не толькі рэпрадукцыя тых падзеяў, тут ёсьць і карыкатурныя плякаты, якія адсылаюць у сёньняшні дзень, ад Вацлава Гаўла да сёньняшніх кіраўнікоў. Тут палітычная сатыра даволі яскрава прысутнічае.