Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Дынько: “Наша ніва” і праз 103 гады — абсалютна незалежнае выданьне


Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

10 лістапада 1906 году выйшаў першы нумар “Нашай Нівы”. З “Нашай Нівай” зьвязаныя такія выбітныя асобы, як Антон Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля.

Газэта выходзіла да 7 жніўня 1915 году, потым аднавілася на кароткі час у 1920-м. У 1991 годзе “Нашу Ніву” адрадзілі ў Вільні. У 1996 годзе было прынятае рашэньне перанесьці рэдакцыю ў Менск і трансфармаваць “Нашу Ніву” з выданьня літаратурна-інтэлектуальнага ў выданьне грамадзка-палітычнага характару. Цяпер “Наша Ніва” — гэта друкаванае выданьне і інтэрнэт-сайт.

Карэспандэнтка: “На пачатку ХХ стагодзьдзя “Наша Ніва” стала ўвасабленьнем Беларусі і беларушчыны. Праз 103 гады гэтая праблема ў Беларусі па-ранейшаму актуальная. Зараз, вядома, новыя тэхналёгіі, інтэрнэт — ці дапамагае гэта выданьню прасоўваць беларушчыну?”

Дынько: “Тая “Наша Ніва” выканала сваю задачу — яна прывяла да стварэньня дзяржавы Беларусь. А цяпер ужо трэба менш рыторыкі, а больш прафэсійнай працы па будаваньні”.

Карэспандэнтка: “Сайт “Нашай Нівы” стаў даволі папулярным: 5 тысяч наведнікаў — салідная колькасьць. Чаму вы аддаяце перавагу: газэтнай вэрсіі альбо разьвіцьцю сайту?”

Дынько: “На сёньня перад незалежнымі СМІ стаяць вялікія выклікі. Сродак масавай інфармацыі — гэта ўжо далёка ня тое, чым ён быў яшчэ 20 гадоў таму. Перад намі стаіць задача адначасова вырабляць пісьмовыя тэксты, відэаматэрыялы, фатаграфіі, аўдыёматэрыялы. З аднаго боку — вырабляць, а з другога — даносіць іх да чытачоў рознымі спосабамі. Камусьці зручней чытаць папяровую газэту, камусьці зручней чытаць сайт, камусьці зручней чытаць праз мабільнік ці праз Twitter. І мы мусім усё гэта забясьпечыць.
Каб культура стваралася, яна павінна мець грошы. Таму рабіце час ад часу ахвяраваньні на выданьне газэты”.

Больш за тое, менавіта ад таго, ці зможам мы — “Наша Ніва”, іншыя беларускамоўныя выданьні — гэта забясьпечыць, і залежыць будучыня беларускай культуры, беларускай мовы. Не ад гучнасьці слоў, якія мы вымаўляем, а ад таго, ці здолеем адпавядаць тэхнічным патрабаваньням.

Наша спэцыфіка яшчэ ў тым, што вакол — аўтарытарны рэжым, які абмяжоўвае свабоду фактычна тым колам, якое мы вырываем, якога мы дамагаемся ледзьве не крывёю. Тым з чытачоў інтэрнэт-сайту, ці каму зручней чытаць нашу газэту іншымі спосабамі, не папяровымі, хачу нагадаць: для таго каб культура стваралася, яна павінна мець грошы. Таму нават калі вы чытаеце “Нашу Ніву” ў інтэрнэце ці праз мабільныя тэлефоны, рабіце час ад часу ахвяраваньні на выданьне газэты”.

Карэспандэнтка: “Амаль год таму “Наша Ніва” пасьля даволі працяглага пэрыяду забароны зьявілася ў шапіках, была дазволена падпіска. Ці зьмянілася ў сувязі з гэтым канцэпцыя папяровай газэты?”

Дынько: “Ясна, што Беларусь ужо не такая, якой была нават год таму. Адбыліся значныя зьмены ў эканамічнай галіне. Гэта зьмяніла ўмовы гаспадараньня, у тым ліку і “Нашай Нівы”. Палітычных зьменаў яшчэ ня так шмат. І Беларусь яшчэ ня стала дэмакратычнай краінай, палітычна свабоднай краінай. І ў гэтым сэнсе застаецца падзел паміж лукашэнкаўскімі сродкамі масавай інфармацыі і тымі СМІ, якія не залежаць ад Лукашэнкі. “Наша Ніва” — абсалютна незалежнае выданьне”.

Карэспандэнтка: “Некаторыя абвінавачваюць “Нашу Ніву” ў асьцярожнасьці, стрыманасьці. Раней, маўляў, сьмялейшая газэта была. Вы пагаджаецеся з гэтым?”
“Наша Ніва” цяпер ня будзе выразна падтрымліваць тую ці іншую палітычную сілу.

Дынько: “У 1990-я гады “Нашай Ніве” давялося існаваць, як і ўсяму нашаму грамадзтву, калі дамінавалі анамаліі ў чыстым выглядзе. Напрыклад, дамінавала палітычная плятформа, скіраваная на ліквідацыю незалежнасьці Беларусі. Пра гэта даводзілася пісаць адкрыта і выкрываць гэтыя анамаліі. Для многіх гэта здавалася радыкалізмам. На сёньня такія анамаліі не прысутныя ў беларускім грамадзтве ў такіх выразных формах. У гэтым сэнсе многія чакаюць, што “Наша Ніва” будзе працягваць выразна станавіцца за адну ці іншую палітычную сілу. А “Наша Ніва” цяпер ня будзе выразна падтрымліваць тую ці іншую палітычную сілу. Менавіта гэта разумеюць пад асьцярожнасьцю. За асьцярожнасьць прымаюць нашу роўнааддаленасьць ад розных палітычных сілаў. У гэтым сэнсе мы будзем і надалей асьцярожнымі”.

Карэспандэнтка: “А што цікавага чакаць прыхільнікам ад выданьня ў найбліжэйшы час?”

Дынько: “Алег Дзярновіч пачынае друкаваць вялікую і наватарскую "Гісторыю Беларусі". Найбольшых зьменаў чакае бліжэйшым часам інтэрнэт-сайт. Цалкам зьменіцца дызайн, зьявяцца новыя сталыя рубрыкі, каб яшчэ больш людзей маглі вычарпальна задавальняць свае патрэбы ў інфармацыі. Там будзе ўсё па-беларуску — ад надвор’я, ад палітыкі да навінак транспарту і тэхналёгій”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG