Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепшы помнік заснавальніцы Віцебску вызначыць не змаглі


Вынікі конкурсу скульптурных праектаў помніка княгіні Вользе журы абяцала абвясьціць у першых чыслах лістапада, але нечакана быў абвешчаны другі тур.

Чым выклікана неабходнасьць працягу, журы ня кажа. Невядома таксама, колькі работ удзельнікаў конкурсу адабраныя да ўдзелу ў другім туры. Тыя, хто бачыў усе 16 праектаў, прадстаўленыя на конкурс першапачаткова, кажуць, што ўсе яны досыць аднатыпныя: колькі гераіняў будучага помніка плывуць на ладзьдзі, большасьць зь іх трымае ў руцэ крыж, і часьцяком вобраз княгіні Вольгі дапаўняюць голуб, шчыт, меч, герб Віцебска.

Паводле паданьня, у 974-м годзе княгіня Вольга перапраўлялася са сваёй сьвітай па Дзьвіне і вырашыла спыніцца на ноч у маляўнічых мясьцінах, каля вусьця невялікай рачулкі Віцьбы. Месца, абранае для начлегу, ёй настолькі спадабалася, што яна вырашыла заснаваць тут горад.

Гэтае паданьне ня мае ніякіх гістарычных пацьвярджэньняў, але менавіта яго ўвасобіла бальшыня ўдзельнікаў конкурсу – скульптараў з Менску і Віцебску.

Праекты амаль цягам месяца экспанаваліся ў Музычнай гасьцёўні, і наведнікі мелі мажлівасьць выказаць уласнае меркаваньне, які помнік лепшы. Свае думкі на гэты конт запісалі ў адмысловым сшытку 90 чалавек. Грамадзкае абмеркаваньне праводзілася таксама і на інтэрнэт-сайце “Народныя навіны Віцебску”. У ім узялі ўдзел 183 чалавекі, зь іх 23% ўдзельнікаў прагаласавалі за праект №25909, а 11% сказалі, што такі помнік ўвогуле ставіць ня варта.

Першы тур конкурсу праводзіўся ананімна – журы ня ведала імёнаў стваральнікаў, а праекты былі пазначаны толькі пяцізначнымі лічбамі. Умовы другога туру яшчэ мусіць зацьвердзіць Віцебскі гарвыканкам, і ці будуць улічвацца меркаваньні грамадзкасьці гораду, ніхто ня ведае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG