Амэрыканскі амбасадар у Расеі Джон Баерлі сказаў сёньня, што ЗША могуць разьмясьціць сваіх вайскоўцаў у Польшчы толькі ў сувязі з мадэрнізацыяй польскай арміі. "Гэта ніяк не зьвязана са зьнешняй пагрозай (для Польшчы), якой увогуле не існуе", — цытуе словы Баерлі Інтэрфакс.
Радаслаў Сікорскі сказаў учора ў Цэнтры міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў у Вашынгтоне, што Ўсходняя Эўропа патрабуе "стратэгічнага заспакаеньня" ад ЗША. Сікорскі даў выразна зразумець, што ў выпадку Польшчы гэткім "стратэгічным заспакаеньнем" было б разьмяшчэньне амэрыканскіх вайскоўцаў на тэрыторыя яго краіны.
Паводле Сікорскага, на тэрыторыі Польшчы цяпер знаходзіцца шэсьць амэрыканскіх вайскоўцаў.
"Калі б у вас з аднога боку было 900 танкаў, а з другога — шэсьць вайскоўцаў... вас былі б спакойнымі?" — запытаўся ў Вашынгтоне Сікорскі.
Паводле польскага міністра, нядаўнія расейска-беларускія вучэнні "Захад-2009" прадэманстравалі агрэсіўнасць плянаў Масквы, і цяпер неабходна ўзмацніць амерыканскую ваенную прысутнасць у Еўропе.
Канстанцін Касачоў, кіраўнік Міжнароднага камітэту Дзяржаўнай Думы Расеі, сказаў, што заява Сікорскага аб пагрозе Польшчы, якая нібыта існуе з боку Расеі, можа ўскладніць расейска-польскія адносіны.
"Заява кіраўніка МЗС Польшчы вельмі нязвыклая, яна яўна выпадае з лёгікі разьвіцьця міжнародных адносін у апошнім часе" — цытуе словы Касачова Інтэрфакс.
Выступаючы ў Вашынгтоне, Сікорскі нагадаў, што пры ўступленьні Польшчы ў НАТО Расея атрымала запэўніваньні, што альянс ня будзе разьмяшчаць ва Ўсходняй Эўропе значныя вайсковыя сілы. "Аднак у той час ніхто і ўявіць сабе ня мог, што войскі ўвогуле ня будуць размешчаны. Я думаю, гэта трэба зрабіць", — дадаў ён.
Сікорскі быў у Вашынгтоне дзеля размоваў з сакратаром Дзяржаўнага дэпартаманту ЗША Гілары Клінтан. Аднак Г. Клінтан нечакана працягнула свой візыт у Эгіпце, і Сікорскі зь ёю не спаткаўся.