Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Беларусі новы Мытны зьвяз?


З новага году павінен запрацаваць новы Мытны зьвяз у складзе Беларусі, Расеі, Казахстану. Які лёс цяперашняга беларуска-расейскага Мытнага зьвязу? Навошта Беларусі гэтае новае аб’яднаньне? Як тры краіны зьбіраюцца ўступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю?

Удзельнікі: экспэрт дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая і журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацьцяна Манёнак.

Новы ці стары Мытны зьвяз?


Валер Карбалевіч: “Інфармацыя пра стварэньне новага Мытнага зьвязу ў складзе Беларусі, Расеі, Казахстану, які павінен пачаць працу з новага году, даволі супярэчлівая. Найперш давайце абмяркуем такое пытаньне. Вядома, што паміж Беларусьсю і Расеяй Мытны зьвяз існуе з 1995 году. Памятаем, як Лукашэнка з тагачасным расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным выкопвалі мытны слуп на мяжы дзьвюх краінаў. Тое, што цяпер ствараецца, — гэта нешта прынцыпова новае, старая дамова аб беларуска-расейскім мытным зьвязе будзе адкінутая? Ці проста Казахстан далучаецца да існуючага Мытнага зьвязу Беларусі і Расеі?”

Ірына Тачыцкая: “Стварэньне гэтага мытнага зьвязу ляжыць у плашчыні даўніх спробаў краін СНД стварыць нейкае рэгіянальнае гандлёвае аб’яднаньне. Паколькі ўсе гэтыя спробы выявіліся ня надта ўдалымі, то было прынятае рашэньне аб рознахуткаснай інтэграцыі. Беларусь, Расея і Казахстан выказалі жаданьне больш шчыльна інтэгравацца, стварыць Мытны зьвяз, да якога, магчыма, потым далучацца Кыргызстан і Таджыкістан”.

Тацьцяна Манёнак: “Расея імкнецца стварыць аб’яднаньне, якое б магло стаць прыкладам для іншых дзяржаў СНД, прадэманстраваць сваю прывабнасьць, інтэграцыйную моц. Гэта больш дэманстрацыйны праект.

Мытны зьвяз Беларусі і Расеі, які будаваўся шмат гадоў, так і застаўся даўгабудам.
Мытны зьвяз Беларусі і Расеі, які будаваўся шмат гадоў, так і застаўся даўгабудам. Мытныя праблемы ў гэтым беларуска-расейскім зьвязе з далучэньнем Казахстану абвострацца. Пакуль што ствараецца прававая база зьвязу, а ўсе балючыя пытаньні вынесеныя за дужкі гэтых перамоваў. Напаўняць рэальным зьместам гэты мытны зьвяз давядзецца па ходу. І гэта будзе складаны працэс, бо інтарэсы краін не зусім стыкуюцца.

Высокі расейскі чыноўнік нядаўна сказаў, што ЭЗ ствараў свой мытны зьвяз каля 30 гадоў, а вось тры краіны ствараюць яго ў сьціслыя тэрміны. Але якая будзе ягоная якасьць? Пакуль што гэта толькі дэклярацыя”.

Ці патрэбны гэты мытны зьвяз Беларусі?


Карбалевіч: “Такім чынам, гэта найперш не эканамічны праект, а палітычны. Пра гэта сьведчыць той факт, што яшчэ ня ўзгодненыя шмат якія пытаньні, скажам, разьмеркаваньне мыта, а ўжо абвешчаныя тэрміны ўступленьня ў сілу гэтага аб’яднаньня.

Навошта гэты новы зьвяз Беларусі? Дагэтуляшні мытны зьвяз з Расеяй, пры ўсіх праблемах і супярэчнасьцях, дазваляў беларускай эканоміцы выжываць. Гандаль з Казахстанам у Беларусі невялікі, асаблівай патрэбы ў мытным зьвязе з гэтай краінай, здаецца, няма. Ня факт, што Беларусь атрымае лепшыя ўмовы, чым ёсьць сёньня. Вось, напрыклад, тое ж пытаньне пра новае, вышэйшае мыта на замежныя аўтамабілі. Тады навошта Беларусь увязалася ў гэтую гульню?”

Тачыцкая: “Згодная з тым, што эканомікі ў такім зьвязе для Беларусі мала.
Я ня ведаю прэцэдэнту, калі б краіны, якія так мала гандлююць адна з адной, стваралі мытны зьвяз.
Сапраўды, наш гандаль з Казахстанам мізэрны. Доля гэтай краіны ў экспарце Беларусі ў дзяржавы СНД складае 2,6%, а ў імпарце — 0,6%. Я ня ведаю прэцэдэнту, калі б краіны, якія так мала гандлююць адна з адной, стваралі мытны зьвяз. Варыянтаў таго, што ў бліжэйшай будучыні мы будзем гандляваць з Казахстанам больш, мала. Галоўная прычыны гэтага — вялікае транспартнае плячо.

Мытныя зьвязы, увогуле рэгіянальныя гандлёвыя саюзы часта перасьледуюць палітычныя мэты. І гэты праект больш палітычны. Беларусь удзельнічае ў ім таму, што імкнецца зь яго дапамогай атрымаць доступ да расейскіх энэргарэсурсаў на роўных умовах з суб’ектамі гаспадараньня РФ. Найперш, Менск зацікаўлены ў адмене расейскага нафтавага мыта пры пастаўках расейскай нафты ў нашу краіну. Акрамя таго, пры пастаўках беларускіх тавараў на расейскі рынак мы б хацелі мець менш пратэкцыянісцкіх абмежаваньняў з боку РФ”.

Манёнак: “Беларусь ухапілася за гэты мытны зьвяз і выкарыстоўвае яго як яшчэ адзін інструмэнт, каб штосьці вытаргаваць у Расеі. Найперш, пастаўкі нафты бяз мыта. Бо ў межах Мытнага зьвязу мыта быць не павінна. Таксама беларускія чыноўнікі імкнуцца атрымаць нізкія цэны на газ.

Казахстан заявіў, што падпіша дакумэнты аб стварэньні зьвязу, калі Расея пагодзіцца на адзіныя тарыфы на чыгуначныя перавозкі і забясьпечыць доступ да сваіх трубаправодаў, празь якія казахі хочуць пастаўляць сваю нафту на эўрапейскія рынкі. Але Масква лічыць, што гэтыя пытаньні павінны быць па-за дужкамі стварэньня Мытнага зьвязу.

Для Беларусі таксама выгадна, каб чыгуначныя тарыфы былі адзіныя на ўсёй тэрыторыі Мытнага зьвязу. Бо, напрыклад, нядаўна падпісана дэклярацыя аб стварэньні транспартнага калідору з Кітаю ў Літву праз Казахстан, Беларусь, іншыя краіны.

Мытны зьвяз і Сусьветная гандлёвая арганізацыя


Карбалевіч: “Пытаньне пра ўступленьне “тройкай” у Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Тут столькі блытаніны, супярэчлівых заяваў. Зразумела, тут Расея вядзе нейкую сваю гульню ў перамовах з Захадам. А Беларусь выйграла ці прайграла ў гэтым пытаньні? Можа, кіраўніцтва Беларусі ўвогуле ня надта зацікаўленае, каб уступаць у гэтую арганізацыю?”

Тачыцкая: “Не магу сказаць, што Беларусь ня моцна зацікаўленая ўступаць у СГА. Аднак сярод трох краін нашая дзяржава знаходзіцца далей за іншыя ад такога ўступу. Беларусь заўсёды выказвалася за каардынацыю высілкаў дзеля ўступленьня ў СГА з Расеяй, спадзеючыся на падтрымку РФ. Думаю, і Расея ў такім спосабе ўступленьня ў СГА ня надта зацікаўленая. Трэба разглядаць такія прапановы Расеі як палітычныя дэмаршы перад ЭЗ і ЗША, якія ўпарцяцца і не пускаюць РФ у СГА. Ня думаю, што ў межах Мытнага зьвязу Беларусь уступіць у СГА хутчэй.

Аднак уступіць у СГА супольна, “тройкай”, немагчыма тэхнічна. Увогуле, у СГА няма ні прэцэдэнтаў, ні правілаў, якія б прадугледжвалі ўступленьне цэлым мытным зьвязам. У СГА ўвогуле няма правілаў уступленьня. Кожная краіна ўступае на тых умовах, на якіх здолее дамовіцца”.

Манёнак: “Ёсьць адчуваньне, што ўступленьне ў СГА для кіраўніцтва Беларусі — другасны праект. Галоўнае для Менску — гэта мытны зьвяз з Расеяй. Больш за тое, магчыма, і для Расеі ўступленьне ў СГА ня надта актуальнае. Няма адзінай пазыцыі па гэтым пытаньні ў расейскай уладзе.

Нядаўна галоўны расейскі перамоўшчык па ўступленьні ў СГА Мядведкаў казаў, што каб разам уступаць, патрэбна, каб Беларусь рабіла адпаведныя крокі. Масква выкарыстоўвае Мытны зьвяз для шантажу СГА ва ўласных інтарэсах”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG