Беларуская эканоміка перажывае найбольш складаны за апошняе дзесяцігодзьдзе пэрыяд. Скарачаецца вытворчасьць, зьніжаюцца заробкі, многія людзі цалкам або часткова страцілі працу. Усе гэтыя праблемы знаходзяць адлюстраваньне ў пошце “Свабоды”.
Свой погляд на прычыны і наступствы эканамічнага крызісу — у нашага даўняга сябра, настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Слухач піша:
“На мой погляд, крызіс узьнікае ў асноўным таму, што эканомікай некаторых краін кіруюць не прафэсіяналы-эканамісты, а гора-палітыкі. Гэтыя гора-палітыкі хацелі б уласных грамадзянаў (а значыць, і выбаршчыкаў) апрануць у дарагія футры да пят, а сваіх гандлёвых партнэраў зь іншых краін пакінуць у адных портках да каленяў.
Такім чынам, парушаецца балянс эканамічных узаемадачыненьняў, парушаецца стабільнасьць у гандлі, узьнікае недавер і ўсталёўваецца эканамічны хаос.
Усё сьведчыць пра тое, што эканомікай павінны кіраваць высокаадукаваныя эканамісты, адмыслоўцы з высокімі маральнымі якасьцямі, для якіх аднолькава важнымі былі б інтарэсы ня толькі сваёй дзяржавы, але і замежных партнэраў.
Цяжка спрачацца з Вашымі, спадар Алесь, высновамі пра тое, якімі якасьцямі павінны валодаць тыя, хто бярэцца кіраваць нацыянальнай эканомікай. Хоць прычыны эканамічных крызісаў, відавочна, больш глыбокія і складаныя, чым хцівасьць і сквапнасьць палітыкаў, якія імкнуцца падмануць сваіх замежных партнэраў. Тэме эканамічнага крызісу, ягоных прычынаў і наступстваў апошнім часам прысьвечаны многія перадачы “Свабоды”.
Аўтар наступнага ліста — Павал Давыдзенка з пасёлку Парычы Сьветлагорскага раёну — лічыць, што беларускае грамадзтва апынулася сёньня ў крытычнай сытуацыі. Слухач піша:
“Народ наш апусьціўся ў яму нянавісьці, зла, галечы і беззаконьня. Замест прававой дзяржавы — падман, самавольства чыноўнікаў, якія любымі спосабамі імкнуцца бясконца заставацца пры ўладзе. Квітнее карупцыя. Нацыянальная мова, культура, традыцыі — вынішчаюцца. Народ сьпіты і сколаты. Зразумела, такімі людзьмі кіраваць лягчэй, чым здаровымі, цьвярозымі, адукаванымі.
А што тым часам робіць апазыцыя? Чаму не ідзе ў народ, каб расказаць усю праўду? Яна баіцца народу і займаецца толькі балбатнёй, а не барацьбой за дэмакратыю. І народ застаецца ў цемры і страху. Ніхто для гэтага народу нічога ня робіць.
Выбачайце за грубасьць і непісьменнасьць, але гэта — маё цьвёрдае выпакутаванае меркаваньне”.
Пра народ вы, спадар Павал, пішаце, нібы пра малое дзіця, якое трэба выхоўваць, навучаць, адукоўваць, даглядаць... Хоць у Беларусі ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў дзейнічае закон аб абавязковай сярэдняй адукацыі. Амаль усе ўмеюць і пісаць, і чытаць, і шукаць інфармацыю... Той, хто хоча ведаць праўду — заўсёды знойдзе магчымасьць адшукаць яе. Наўрад ці варта спадзявацца толькі на тое, што нехта збоку прыйдзе, выведзе зь цемры і галечы, навучыць, як жыць заможна і шчасьліва.
Дзіцячы доктар зь Віцебску Ігар Пасноў паведамляе пра тое, што яго найбольш турбуе — пра стан беларускай сыстэмы аховы здароўя. У сваім новым лісьце на “Свабоду” слухач піша:
“Хвалюе стан мэдычных устаноў Віцебшчыны — інфэкцыйнай бальніцы, дзіцячых паліклінік нумар 1, 2, 3. Заняпад, разруха, асыпаецца тынкоўка, усё разбураецца. А тым часам на паказушныя мерапрыемствы так званага Году Зямлі выдаткавана каля 168 мільярдаў рублёў. Пір падчас чумы. Змагаюся з гэтым”.
Пра ваша змаганьне, спадар Пасноў, мы ня раз паведамлялі ў эфіры “Свабоды”. Наколькі ведаем, гэтыя намаганьні не дарэмныя: вы маеце грамадзкую падтрымку, і чыноўнікі, хоць і не ўва ўсім, але часта вымушаныя прыслухоўвацца да вашых справядлівых заўваг і прэтэнзіяў.
Аўтар наступнага вялікага ліста — грамадзкі актывіст са Смаргоні Ўладзь Шульжыцкі. Два гады таму ягонае імя часта гучала на Радыё Свабода. Каб трапіць на Чарнобыльскі шлях-2007, Уладзь, якому мясцовыя ўлады тады чынілі ўсялякія перашкоды, выправіўся ў Менск на ровары. У новым лісьце старшыня смаргонскай суполкі Моладзі БНФ Уладзь Шульжыцкі піша пра сваё цяперашняе жыцьцё, пра тое месца, якое займала і займае ў ім Радыё Свабода. Цытую допіс:
“Радыё Свабода я стала слухаю клясы з восьмай. Але і раней, памятаю, круціў бацькаў “Мэрыдыян-235” і таксама шукаў альтэрнатыўныя навіны. Было і такое, што ня верыў Свабодзе, станавіўся шчырым “лукашыстам”. Але чамусьці заўжды мяне цягнула на альтэрнатыву.
Я вучыўся ў ПТВ, калі па тэлевізары пачалі паказваць галоўным чынам адны сэрыялы — ніякай цікавай інфармацыі. І таму ўвечары, калі маці з бабуляй глядзелі чарговую мыльную опэру, я ішоў у іншы пакой і ўключаў Радыё Свабода. Параўноўваючы “Свабоду” і БТ, я на пачатку 2006-га году прапанаваў свае паслугі ў распаўсюдзе ўлётак Мілінкевіча. І цэлую ноч сядзеў каля прымача 19 сакавіка. Ехаць у Менск на плошчу Каліноўскага адвагі не хапіла.
На пачатку 2007-га я вырашыў надрукаваць і распаўсюдзіць невялічкія ўлёткі з частотамі Радыё Свабода. Па гэтых улётках мяне вылічылі і 24 красавіка 2007-га году затрымалі. У пратаколе напісалі, нібы я лаяўся матам.
Вельмі ўдзячны Радыё Свабода за маральную ды інфармацыйную падтрымку. Дзякуючы ёй я ўсё ж трапіў тады на Чарнобыльскі шлях у Менск — хоць дзеля гэтага і давялося праехаць 40 кілямэтраў на ровары. Пасьля выхаду ў эфіры “Свабоды” гэтай гісторыі я прачнуўся знакамітым. Шмат хто ў Смаргонях, пачуўшы прозьвішча “Шульжыцкі”, пытаўся, ці гэта ня той самы, што на Чарнобыльскі шлях на ровары паехаў.
Потым у маім жыцьці была праграма Каліноўскага і Гданьск, дзе я з прымачом адмыслова хадзіў у горы, каб знайсьці месца, дзе лепш чуваць “Свабоду”. На праграме Каліноўскага, на жаль, не ўтрымаўся. І зараз слухаю “Свабоду” зноў у родных Смаргонях. На прымачы “Грундзік” настроіў будзільнік на патрэбныя частоты і кожную раніцу прачынаюся пад знаёмыя пазыўныя.
Пры адсутнасьці інтэрнэту радыё для мяне зараз — адна зь нешматлікіх крыніц інфармацыі”.
Далей у сваім лісьце Уладзь Шульжыцкі са Смаргоні выказвае шэраг прапаноў. Ён піша:
“Я вельмі зацікаўлены выданьнем вашага новага дыску “Барды Свабоды”, бо калекцыяную беларускую музыку, у тым ліку і бардаўскія песьні. Набралася ўжо на два mp3-дыскі ў невялікім фармаце толькі бардаў. Палічу за вялікі гонар дадаць ваш дыск да сваёй калекцыі. Няблага было б мець на дысках і запісы іншых свабодаўскіх перадач — “Вострай Брамы”, “Беларускай Атлянтыды”. Гэта — важныя тэмы, якія заўжды будуць актуальнымі. Абяцаю набыць па два асобнікі кожнага такога дыску.
А яшчэ мне цікава было б слухаць перадачы пра гісторыю нашага супраціву і змаганьня за незалежнасьць у 20-м і 21-м стагодзьдзях, расповеды гісторыкаў, успаміны сьведкаў, камэнтары мясцовых краязнаўцаў, успаміны дысыдэнтаў. Было б вельмі добра, каб на Радыё Свабода зьявілася асобная перадача на гэтую тэму, а потым і адпаведны дыск”.
Дзякуй, Уладзь, за цікавыя прапановы і ўспаміны, за цёплыя словы на адрас “Свабоды”. Абавязкова ўлічым вашы ідэі пры плянаваньні сваіх праграмаў.
На заканчэньне — ліст ад яшчэ адной даўняй слухачкі, адданага сябра “Свабоды”. Вось што піша Валянціна Богуш зь Менску:
“Наша сям’я вельмі даўно слухае “Свабоду”. Усе вашы паведамленьні своечасова даносяць сутнасьць падзей і ў рознай ступені дапамагаюць разабрацца ў жыцьцёвых пытаньнях. За гэта мы вам вельмі ўдзячныя.
Вы заслужылі давер, таму падтрымліваю вашы новыя пляны. І ўпэўнена, што вы іх цікава рэалізуеце. Асабліва дзякую вам за выдавецкія праекты. Для мяне кніга была, ёсьць і будзе самай вялікай каштоўнасьцю. Раней я мела вялікую хатнюю бібліятэку. Але ў сувязі з частымі пераездамі ад многага давялося адмовіцца.
Зараз асноўную перавагу аддаю кнігам (чытаю) і слухаю любімую “Свабоду” — разам з унукам.
Таму вельмі прашу, калі гэта магчыма, вышліце кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, выдадзеныя ў гэтым годзе. Якія толькі можна. Накладным плацяжом. Грошы ў мяне на гэта ёсьць.
Усім вам жадаю добрага здароўя, спору ў працы і штодзённай сустрэчы на Радыё Свабода”.
І вы, спадарыня Валянціна, і многія іншыя нашы даўнія сябры, аўтары цікавых допісаў, успамінаў, расповедаў — у блізкім часе атрымаеце кнігі “Свабоды” ў якасьці падарунку.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by