У гэтыя дні і ў Беларусі, і ў сьвеце часта згадваюць падзеі 70-гадовай гісторыі: пачатак Другой сусьветнай вайны, якой папярэднічала змова двух дыктатарскіх рэжымаў — нацысцкага гітлераўскага і камуністычнага сталінскага. На тым драматычным тле, калі ў выніку нямецкай і савецкай акупацыі з палітычнай мапы Эўропы зьнікала польская дзяржава, у верасьні 1939-га адбывалася аб’яднаньне беларускіх земляў. Беларусы ад гэтага не станавіліся больш свабоднымі і незалежнымі: БССР не была самастойнай дзяржавай, а дзяржаўны лад, які прынесла Чырвоная армія, ня меў нічога агульнага са свабодай і дэмакратыяй. Але ўсё ж пасярод адзінага народу зьнікала дзяржаўная мяжа. І гэта давала беларусам большы шанец на свабоду і незалежнасьць у будучыні.
Пра гістарычныя паралелі і лёсы суседніх народаў, якія крута зьмяніў ’39-ы год — значная частка нашай верасьнёўскай пошты. Пачну размову на гэтую тэму з допісу Бярнарда Пакульніцкага з пасёлку Гарадзея Нясьвіскага раёну. Слухач піша:
“Балтыйскае ўзьбярэжжа Польшчы, а дакладней — Вэстэрплятэ ў раёне Гданьскай затокі 1 верасьня сустракала дэлегацыі больш чым 20 краін, каб ушанаваць 70-годзьдзе пачатку Другой сусьветнай вайны. Напярэдадні гэтай сустрэчы ў эфіры Радыё Свабода гучалі высновы некаторых беларускіх гісторыкаў кшталту гэтай: “Адназначна, Другая сусьветная вайна для Беларусі пачалася 1 верасьня 1939 году. Немцы пачалі бамбаваць Баранавічы, Гродна...”
Вельмі шкада, але ў большасьці беларускіх гісторыкаў савецкі падыход да гісторыі, погляды іх грунтуюцца на хлусьлівай камуністычнай прапагандзе мінулых гадоў. Перш чым рабіць заявы і высновы ды прадаўжаць дурыць галовы людзям, трэба падумаць. Паглядзіце на гістарычную карту і дакладна вызначце, дзе былі межы Савецкай Беларусі (БССР) і Другой Рэчы Паспалітай на 1 верасьня 1939 году. Гарады Баранавічы, Нясьвіж, Стоўбцы, Брэст, Навагрудак, Гродна знаходзіліся на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Дык якія гарады Савецкай Беларусі бамбілі немцы ў верасьні 1939 г.?”
Далей у сваім лісьце Бярнард Пакульніцкі дае ўласную ацэнку падзеям верасьня 1939-га году. Ён піша:
17 верасьня Чырвоная Армія, у радах якой служылі і беларусы з БССР, па-здрадніцку ўдарыла ў сьпіну польскай арміі, якая змагалася з гітлераўцамі за сваю зямлю і дзяржаву. Дарэчы, гэтую дату вельмі шануюць у цяперашняй Беларусі: амаль у кожным горадзе ці вёсцы ёсьць вуліца або калгас з такой назвай.
Мяркую, што неабходна сёньня гаварыць так: “Для некаторай часткі беларусаў Другая сусьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 г...” За пачатак Другой сусьветнай вайны ў аднолькавай ступені адказныя Сталін і Гітлер. Пакт Молатава-Рыбэнтропа зьяўляецца амаральным. На Нямеччыне і СССР аднолькава ляжыць адказнасьць за мільёны чалавечых ахвяр. Але вельмі цынічным ёсьць тое сьцьвярджэньне, што СССР прадстаўляецца ў ролі “вызваліцеля” і “абаронцы міру”, а беларускія гісторыкі дружна прадаўжаюць гістарычную хлусьню.
Ведаю, што вы ня можаце цярпець іншага погляду, але пошук праўды можа палепшыць стасункі паміж народамі”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Бярнард Пакульніцкі з пасёлку Гарадзея Нясвіскага раёну.
Сутыкненьне розных пунктаў гледжаньня на тую ці іншую праблему, цывілізаваная дыскусія — адзін з галоўных прынцыпаў дзейнасьці Радыё Свабода. У перадачах па гістарычнай тэматыцы нашы слухачы маюць магчымасьць пачуць тлумачэньні і аўтарытэтныя меркаваньні гісторыкаў, якія прытрымліваюцца розных пазыцыяў, даюць розныя ацэнкі — у тым ліку і падзеям ’39-га году. Але ніхто з навукоўцаў-гісторыкаў, якія ўдзельнічалі ў нашых перадачах на гэтую тэму, не сьцьвярджаў, што немцы ў верасьні ’39-га “бамбілі савецкія гарады Баранавічы і Горадню”. Так, гэтая тэрыторыя пасьля Рыскай дамовы ’21-га году належала Польшчы. Але пераважную большасьць насельніцтва на берагах Нёмана складалі беларусы. І ў этна-геаграфічным сэнсе тэрыторыя паміж Горадняй і Менскам была і заставалася Заходняй Беларусьсю — незалежна ад таго, якой дзяржаве яна ў розны час належала — Расейскай імпэрыі, Другой Рэчы Паспалітай ці Савецкаму Саюзу. Хоць, зразумела, у міжваенны пэрыяд палякі мелі сваю рацыю, называючы яе Ўсходняй Польшчай.
Наступныя кароткія лісты — таксама на тэму падзеяў верасьня 1939-га году. Ці варта беларусам адзначаць 17-га верасьня як сьвята? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Алесь Станкевіч з Горадні. Ён піша:
“Лічыць гэты дзень сьвятам ніяк не выпадае. Трэба далучыцца да эўрапейскіх дзяржаў і адзначаць 23-га жніўня — дзень змовы Гітлера і Сталіна аб падзеле Эўропы. Фактычна, Сталін запаліў перад Гітлерам зялёнае сьвятло ў ягонай агрэсіі супраць эўрапейскіх дзяржаў. А потым сам жа стаў ахвярай сваіх гульняў з агрэсарам.
Але расейскія лідэры пра гэта казаць ня хочуць. Там дагаварыліся да таго, што абвінавацілі Польшчу: маўляў, яна адмовілася даць у ’39-м годзе Гітлеру вольны калідор зь Нямеччыны ў Гданьск ды Ўсходнюю Прусію, а таму і справакавала Гітлера на пачатак вайны”, —
— гэтак лічыць Алесь Станкевіч з Горадні.
Лічыць гэты дзень сьвятам ніяк не выпадае. Трэба далучыцца да эўрапейскіх дзяржаў і адзначаць 23-га жніўня — дзень змовы Гітлера і Сталіна аб падзеле Эўропы. Фактычна, Сталін запаліў перад Гітлерам зялёнае сьвятло ў ягонай агрэсіі супраць эўрапейскіх дзяржаў. А потым сам жа стаў ахвярай сваіх гульняў з агрэсарам.
“Дзьве злосныя аўчаркі — нямецкая ды каўкаская — учапіліся ў горла адна адной, і пачалі рваць Польшчу на кавалкі. Вось што было ў верасьні ’39-га. Я гэта памятаю. Так што вайна для нас пачалася менавіта тады, а не 22-га чэрвеня ’41-га году, як чамусьці вучаць нашых дзяцей у школе”, —
— напісаў Эдуард Зяновіч зь Ліды.
І яшчэ адзін ліст на гэтую тэму, дасланы нашым сябрам Мікалаем Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Ён таксама лічыць, што ў падзеях верасьня ’39-га цяжка знайсьці нешта сьвяточнае. Слухач піша:
“Паводле Рыскай мірнай дамовы, савецкая ўлада сама аддала Польшчы Заходнюю Беларусь. А ў ’39-м забрала назад, правёўшы этнічную і сацыяльную чыстку, саслаўшы ў Сыбір асаднікаў, распачаўшы раскулачваньне і рэпрэсіі. У Катыні сярод расстраляных польскіх афіцэраў было мноства беларусаў.
Вільню, якая была ў складзе Заходняй Беларусі, у ’40-м годзе Масква перадала Літве, каб заахвоціць тую да ўступленьня ў СССР. Тое ж адбылося пасьля вайны зь Беластоцкай вобласьцю — перадаўшы яе Польшчы, Масква хацела падсаладзіць Варшаве прымусовае далучэньне да сацыялістычнага лягеру.
Як бачым, бальшавікі Беларусьсю ваўсю гандлявалі, зусім ня дбаючы пры гэтым пра інтарэсы нашага народу”, —
— гэтак лічыць Мікалай Куксо з пасёлку Івянец Валожынскага раёну.
Адметна, што ўцямных пэўных ацэнак тых падзеяў з боку беларускай улады дагэтуль не прагучала. Часта і шмат выказваюцца лідэры Польшчы, Літвы, Расеі… Афіцыйны ж Менск пераважна маўчыць. Гэта ж можна сказаць і пра падручнікі гісторыі, па якіх вучацца беларускія дзеці. Пазыцыя адносна падзеяў ’39-га году, якая ў іх выкладаецца і адстойваецца, хутчэй прасавецкая і прарасейская, але не прабеларуская.
Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе допісу, наш даўні сябар Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну, працягвае распавядаць пра некаторыя рэаліі сёньняшняга вясковага жыцьця. У сваім новым лісьце на “Свабоду” слухач апісвае наступны выпадак:
“Вось што здарылася ў нас з адной заслужанай пэнсіянэркай, ардэнаноскай. Вартавала збожжа — і папалася на нядобрай справе, як у нас кажуць — “заляцела”. Выявілася, што сама ж вартаўніца тое збожжа і крала. І злавілі — сам гаспадар раёну. Штраф — 300 тысяч рублёў.
Што тут скажаш: цяжка сумленна пражыць на адну пэнсію, якую да таго ж даўно не падвышалі. А тут яшчэ дачка-настаўніца зь вядома якім заробкам. Ды ўнук побач. Трэба дапамагаць, Даводзіцца выкручвацца: і працаваць, і яшчэ які-небудзь даход шукаць...
А людзі кажуць: “Падумаеш, “заляцела”... З кім не бывае!..” —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.
Многія памятаюць трапнае народнае выслоўе савецкага часу: “Хто ў калгасе ня злодзей, той у хаце не гаспадар”. Ганебным, грэшным лічылася ўкрасьці ў суседа, на чужым падворку. А цягнуць мех бульбы ці посьцілку саломы з калгаснага поля людзі адзін перад адным не саромеліся. І аргумэнты, на якіх грунтавалася гэта новая савецкая мараль, былі важкія: а ўлада саромелася, калі гвалтам цягнула людзей у калгас, адбірала зямлю, коней, пабудовы? А потым на працягу многіх гадоў проста забірала ўсё вырашчанае, разьлічвалася за цяжкую сялянскую працу “палачкамі” ў калгаснай ведамасьці працадзён. Вось людзі і бралі тое, што ім недаплацілі.
Улада, дарэчы, негалосна вымушана прызнаць гэтую сваю віну. Вось і ў выпадку з Вашай, спадар Бельскі, знаёмай, вызначаючы пакараньне за ўкрадзенае збожжа, абмежаваліся ня надта вялікім штрафам. А маглі ж і ў турму на некалькі гадоў пасадзіць.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by