Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў Дамову пра КСАР


У сакратарыят АДКБ паступіў пакет дакумэнтаў аб Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня, падпісаны кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У пакет уваходзіць пагадненьне пра КСАР АДКБ, рашэньне Савета калектыўнай бясьпекі АДКБ пра склад КСАР АДКБ і іншыя дакумэнты, паведамляе Інтэрфакс.

Паводле прадстаўніка сакратарыяту, такім чынам А.Лукашэнка поўнасьцю выканаў сваё абяцаньне падпісаць дакумэнты, пра якія ён заявіў на пачатку кастрычніка на сустрэчы з расейскімі журналістамі.

Нагадаем, 14 чэрвеня 2009 года, гэты пакет дакумэнтаў быў падпісаны на Савеце калектыўнай бясьпекі АДКБ кіраўнікамі Армэніі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі і Таджыкістану. Узбэкістан тады выказаў асаблівую пазыцыю па шэрагу пунктаў, а дэлегацыя Беларусі не прыбыла на пасяджэньне Савета з-за "малочнай вайны" з Расеяй. МЗС Беларусі нават назваў тады гэтую дамову нелегітымнай.

Міністэрствы абароны Беларусі і Расеі прынялі рашэньне аб пачатку падрыхтоўкі да апэратыўна-стратэгічных манэўраў 2011 года, заявіў кіраўнік беларускага абароннага ведамства Леанід Мальцаў сёньня ў Маскве на пасяджэньні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі, паведаміла БЕЛТА.

Як паведамлялася, кіраўнікі Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзведзеў прынялі рашэньне, што падобныя да "Захаду-2009" манэўры будуць праходзіць раз у два гады па чарзе ў Беларусі і Расеі.

Як міждзяржаўнае пагадненьне Дамова пра КСАР яшчэ мае быць ратыфікаваная беларускім парлямэнтам.

Нагадаем, што пры канцы жніўня Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію першаму намесьніку гендырэктара ІТАР-ТАСС Міхаілу Гусману. Тады ён сказаў:

"Пішуць: Лукашэнка з Расеяй будзе таргавацца, перш чым падпісаць пастанову, рашэньне АДКБ пра сумесныя ўзброеныя сілы. Я ніколі сьвятым не гандлюю...Я - адзінае - задаў пытаньне: мы ствараем, як Эўразьвяз, НАТО стварыў, мы ствараем вайсковую арганізацыю і дамаўляемся пра тое, што, ня дай Бог, калі нешта зь Беларусьсю, то і казахі, і расейцы, і ўсе, хто ў АДКБ, армяне, будуць тут ваяваць за Беларусь? Ня дай Бог, нешта здарылася ў Расеі, там, мы, беларусы, і іншыя будзем ваяваць за ўсіх. Гэта нармальны прынцып, як у Эўропе НАТО”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG