Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: гастарбайтэры вяртаюцца ў беспрацоўе


Дзяржаўныя службы занятасьці насельніцтва ў рэгіёнах рэгіструюць цяпер большую колькасьць зваротаў беспрацоўных зь ліку нядаўніх гастарбайтэраў. Спэцыялісты характарызуюць гэтую сацыяльную зьяву як крытычную.

СЛУХАЦЬ:



ГАНЦАВІЧЫ

У папярэднія гады амаль 60 мужчын зь вёскі Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёну выяжджалі на заробкі ў Расею. Сёлета ж — наадварот: павялічваецца колькасьць тых, хто вяртаецца.

“З Расеі ў вёску ўцяклі ўжо больш за 15 чалавек”, — кажа Мікола Пятровіч.

“Праца там ёсьць, але як раней ужо ня плацяць. Некалі атрымлівалі па 2 тысячы даляраў, а зараз толькі 500. Да таго ж колькасьць заказаў упала. А за прастой ня плацяць”, — далучаецца Віктар Калатовіч.

“Упадзеш у бэтон — ніхто ратаваць ня будзе”

Суразмоўца кажа, што беларусам небясьпечна знаходзіцца ў Расеі. Нанятыя будаўнікі часта гінуць ад няякаснай гарэлкі, ад бандытаў, а таксама на дарогах.

“У цябе няма грамадзянства. Ты там ніхто. Упадзеш у бэтон — ніхто ратаваць ня будзе. На маіх вачах аднаго зарэзалі. А колькі аварый!” — камэнтуюць супольна нядаўнія гастарбайтэры.

На што спадзяюцца цяпер беспрацоўныя Антон Лойка і Мікола Пятровіч? Іх разважаньні:

“Пад Менскам ці ў Менску яшчэ можна зарабіць, але шмат трэба аддаць за рэгістрацыю, жыльлё і іншае. Таму застаюцца капейкі. Тое ж і ў камэрсантаў. Яны нават імкнуцца ашукаць цябе. Максымум, на што разьлічваеш, — тысяч 500”.

Пра варыянты працаўладкаваньня ў Ганцавіцкім раёне гутарым са спэцыялістам дзяржаўнага цэнтру занятасьці насельніцтва спадарыняй Галінай. Яна называе сытуацыю крытычнай:

“Што тут можна прапанаваць беспрацоўным, нават ня ведаю. Нічога. Таму яны дома сядзяць. Вам кажу: у мяне і муж дома сядзіць! Ня выганіш жа з дому... Вось такая сытуацыя. Што тычыцца працы, то проста жах”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

У Сьветлагорску на Гомельшчыне цяпер значны розгалас набыў зварот паўдзясятка гараджанаў, якія паскардзіліся ў міліцыю на працоўную эксплюатацыю ў Расеі. Інфармуе наш карэспандэнт:

Працяглы час сьветлагорцы працавалі ў Расеі, але вярнуліся дамоў бяз грошай — зь імі проста не разьлічыліся. Аднак і ў Сьветлагорску працоўная пэрспэктыва выглядае няпэўнай.

“На прадпрыемствы ў Сьветлагорску набору няма”

Гаворыць грамадзкі актывіст Вадзім Болбас:

“Толькі ідуць часам абвесткі, што патрабуюцца працаўнікі на нейкія дробныя прадпрыемствы, найперш камэрцыйныя. Ні на якія буйныя прадпрыемствы набору няма — там увесь час пагражаюць скарачэньнямі. Хто ўладкоўваецца, дык толькі па блаце з высокім начальствам гэтых прадпрыемстваў — ніяк не інакш”.

Пра сытуацыю ў мястэчку Ўваравічы Буда-Кашалёўскага раёну паведамляе мясцовы жыхар Аляксандар Дорын:

“У нас тут пятнаццаць чалавек езьдзілі ў Расею. Цяпер толькі траіх выправіліся, дый тыя наўздагад. Астатнія сядзяць дома і чакаюць. У Маскве — крызіс, поўны абвал. Пакуль там няма чаго рабіць”.

На мясцовых нешматлікіх прадпрыемствах гастарбайтэрам таксама даюць ад варот паварот:

“На працу ў нас нельга нідзе ўладкавацца. Усе месцы занятыя. Пэнсіянэры па блаце працуюць. Былыя міліцыянты — яны таксама ўсе ўладкаваліся. Па пяцьсот тысяч рублёў як вартаўнікі атрымліваюць, ды яшчэ пэнсія блізу мільёна. Ім што — ім хапае. На прадпрыемства зьвяртаесься, дык кажуць: “Чакайце да красавіка. Магчыма, нешта пераменіцца”. Спасылаюцца на крызіс. Я пярэчу: “Дык крызісу ж няма ў краіне”. А мне ў адказ: “Чаму ж гэта няма?!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG