Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Харэўскі — пяць найлепшых кніг пра Менск


Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі
Нашы экспэрты працягваюць вызначаць лепшыя беларускія кнігі пэўнага жанру ці тэматыкі. Сёньня свой прыватны рэйтынг прадстаўляе мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Ён перагартаў усё, што напісана пра Менск, і вызначыў пяць найлепшых кніг, якія варта прачытаць, каб ведаць беларускую сталіцу.

Зянон Пазьняк. “Рэха даўняга часу”. Мн, “Народная асьвета”, 1985.


Самым лепшым з старых, яшчэ савецкіх выданьняў, прысьвечаных Менску, я лічу фотаальбом Зянона Пазьняка 1967 году. Зрэшты і сёньня цяжка з чым параўнаць тую дыхтоўную, квадратнага фармату, у цьвёрдым пераплёце кнігу з шыкоўнымі чорна-белымі фотаздымкамі. Нібы і паліграфія крочыла наперад невераемнымі крокамі і цалкам зьмянілася ўся фотасправа, але… чагосьці самага важнага, чагосьці няўлоўнага і непаўторнага, што было ў фотаздымках маладога Зянона Пазьняка, у сучаснай нашай фатаграфіі — вобмаль. А пра Менск — дык і казаць няма чаго…

Ужо вялося аднаўленьне дому Ваньковічаў, Траецкага прадмесьця, былі адрэстаўраваныя фасады сабору Пятра і Паўла, касьцёлу Язэпа. Не хапала толькі інтэлектуальнага падсьвятленьня. І яго даў Зянон Пазьняк. Ягоная кніга “Рэха даўняга часу” стала сапраўдным тады бэстсэлерам. Там упершыню быў дадзены мастацтвазнаўчы аналіз архітэктурнае спадчыны Менску, распаведзеная гісторыя стыляў, а ўсе здымкі, у тым ліку і аўтарскія, былі дакладна атрыбутаваныя і прадатаваныя. Сёньня гэтая кніга мае ўнікальную дакумэнтальную каштоўнасьць, бо тое, што мог тады сфатаграфаваць аўтар, ужо не існуе.

Ну і, вядома ж, там былі цудоўныя малюнкі Віктар Сташчанюка! Ягоныя мастацкі рэканструкцыі менскіх храмаў і кляштараў, зрабілі мо для ўздыму нацыянальнае самасьвядомасьці ня меней, чым палымяныя прамовы публіцыстаў ці публікацыі палітыкаў. Станавілася ясна, гартаючы кнігу “Рэха даўняга часу”, ня толькі колькі і чаго мы страцілі, але і за ШТО змагацца, пра ШТО марыць!

Вячка Целеш. “Менск на старых паштоўках”. Мн, “Беларусь”, 1984.


Праз 17 гадоў пасьля выхаду фотаальбому Зянона Пазьняка, выйшаў іншы фотаальбом — “Менск на старых паштоўках”. Зрэшты тую невялічкую кніжачку ў мяккім карэньчыку назваць альбомам можна з нацяжкаю. Але ягонае аздабленьне, у модным тады кшталце “рэтра”, настолькі выломвалася сваёй густоўнасьцю, зробленасьцю і цэласнасьцю, што прыцягвала, міжволі, увагу эстэтаў і гуманітарыяў… Гэта быў, без перабольшаньня, эстэтычны прарыў. Але гэта быў і прарыў сьветапоглядны. Мы зусім іншымі вачыма, праз калекцыю старых, яшчэ расейскіх часоў, паштовак, зірнулі на родны горад. Я толькі з гэтага фотаальбому і дазнаўся, дзе ў нас ёсьць катэдральны касьцёл, міма якога, як спартыўнага таварыства “Спартак”, я хадзіў гадамі! Мы, юныя беларусы, з трымценьнем адкрывалі для сябе старасьвецкія назвы сваіх вуліцаў і з захапленьнем разглядалі хараство зьнішчаных храмаў.

А яшчэ праз пару гадоў мне ўжо задавалі пытаньні ў КГБ, ці не знаёмы я з укладальнікам гэтае кніжкі. Сувязь тут была мне неўразумелая, але супрацоўнікі ўсёзнайнага ведамства мяне прасьвяцілі, што аўтар — мастак, які называе сябе Вячкам Целешам, жыве ў Рызе. І адкуль ён тыя, несавецкія паштоўкі здабыў, няясна. Няясна ім было і тое, чаму беларус у Латвіі застаецца беларусам… А вось мне стала ясьней, што за чалавек мог падарыць Менску такую кнігу.

Уладзімер Дзянісаў. “Площадь Свободы в Минске”. Мн, “Полымя”, 1985.


У 1985 годзе выйшла цянькая брашурка Ўладзімера Дзянісава, па-расейску, “Площадь Свободы в Минске”. На першы погляд непрэзэнтацыйнае, гэтае выданьне ўжо мела зусім іншы дыскурс. Бо ў ім пісалася ня гэтак пра зьнішчаныя помнікі нашае даўніны, але і пра тыя, што дзівам ацалелі. Больш за тое, у кнізе Дзянісава былі зьмешчаныя праекты іх рэстаўрацыі і аднаўленьня. У гэтай брашурцы былі малюнкі і фотаздымкі даўніх часоў і раней нікім не чытаныя цытаты падарожнікаў і публіцыстаў мінулых эпохаў. Зь іх стары Менск паўставаў калі не Градам нябесным, то, прынамсі, цалкам эўрапейскім горадам, апірышчам заходняе цывілізацыі, зьнішчаным ворагамі. Менавіта ў гэтай кнізе быў першы падрабязны аповед пра будынак першага менскага тэатру, дзе была пастаўленая нашая опэра. А подпіс пад падсьлепаватым чорна-белым здымкам сьведчыў, што гэты ўнікальны помнік нашае цывілізацыі зьнішчаны літаральна год таму. То бок, аўтар ня проста зьмясьціў гэты подпіс, але і клікаў да змаганьня…

Захар Шыбека. “Минск в конце XIX- начале ХХ в.”. Мн, “Навука і тэхніка”, 1985.


Яшчэ адна кніга, у якой скрозь сачылася антысавецкасьць, была лапідарная ў афармленьні і безэмацыйная па стылі, навуковая праца Захара Шыбекі “Минск в конце XIX- начале ХХ в.“. Нібы разьлічаная на вузкае кола чытачоў, абазнаных у палітычнай эканоміі і ў сацыялёгіі, яна наўпрост пярэчыла нашым савецкім падручнікам. З кнігі Шыбекі вынікала, што Менск быў не мурзатым захалусным жабрачым мястэчкам, як нам убівалі ў галаву ў школе, а буйным транспартным вузлом, местам дынамічнага капіталістычнага разьвіцьця. Тавары зь Менску атрымоўвалі, высьвятляецца, эўрапейскае прызнаньне!… Высьвятляецца, што беларуская сталіца сталася ўнікальным палітычным цэнтрам, дзе ўтварыліся сацыялістычныя і сіянісцкія рухі і партыі Расеі, Польшчы і Беларусі, празь якія палітычная гісторыя ўсёй Эўропы склалася так, а не іначай. Пазьней Захар Шыбека стаў аўтарам тых выдатных, пульхных, добра аформленых кніг, што сёньня ўпрыгожваюць нашы кніжныя зборы. А тады, у далёкім 1985 годзе, гэта быў першы стрэл у савецкую гістарыяграфію пра Менск.

Васіль Каляда. “Менск учора i сёньня”. Мн, “Беларусь”, 1989.


Гэтае саліднае, шыкоўна на свой час праілюстраване выданьне ўнікальнае з многіх прычынаў. Вядома ж, і праз тое, што бальшыні тых будынкаў, што яшчэ можна было якасна сфатаграфаваць у колеры ў апошнія гады СССР, ужо разбураныя. Сёньня, гартаючы гэтую кнігу, мы дзівімся, як шмат мы страцілі літаральна за апошнія два дзесяцігодзьдзі. Васіль Каляда ня быў ані гісторыкам, ані археолягам. Ён дзясяткі гадоў працаваў лекарам-аталярынголягам у другой клінічнай бальніцы. Фатаграфіі, малюнкі і паштоўкі Васіля Каляды, карэннага менчука, зробленыя ім самім і сабраныя за дзесяцігодзьдзі калекцыянэрскіх пошукаў — унікальны жыцьцёвы праект. І подпісы і ракурсы здымкаў і невядомыя цяпер нікому адрасы былі выяўленыя ў кнізе “Менск учора i сёньня” самым лепшым, прыгожым бокам. Праз ягоны збор, праз ягоныя ўспаміны мы можам уваскрасіць той стары Менск, што яшчэ бачылі нашы бацькі і дзяды і ніколі ўжо не ўбачым мы. Ніколі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG