Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: фэстываль савецкай настальгіі


Вітальная расьцяжка на гасьцініцы “Магілёў”
Вітальная расьцяжка на гасьцініцы “Магілёў”
Сёньня ў Магілёве пачаўся XI міжнародны музычны фэстываль “Залаты шлягер”. Упершыню за сваю гісторыю ён адбудзецца ў кастрычніку. Раней яго пачыналі першымі днямі лістапада — напярэдадні гадавіны бальшавіцкага перавароту 1917 году. Гэта чацьвёрты фэстываль, які пройдзе без удзелу яго заснавальніка, былога дырэктара магілёўскай філярмоніі, Уладзімера Браілоўскага. Ад сьнежня 2005 году ён адбывае дзевяцігадовае пакараньне ў адной з магілёўскіх калёніяў.

Афіцыйна перанос даты правядзеньня фэстывалю тлумачыцца пажаданьнямі людзей, якія нібыта захацелі паглядзець на выступленьні ўдзельнікаў конкурснай праграмы на пляцоўках пад адкрытым небам, бо ў кастрычніку цяплей. Ёсьць, праўда, меркаваньні, што яго перанесьлі, каб ён не асацыяваўся выключна з савецкім мінулым. Музычная кар’ера большасьці ўдзельнікаў сёлетняга фэстывалю прыпадае на савецкія часы.

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік лічыць, што гэты фэстываль і застанецца настальгіяй па савецкім часе, бо ўлада ўвесь час падкрэсьлівае гэта:

“Гэта трэба для вяртаньня ўпэўненасьці ў тым, што той лад быў добры, той лад быў правільны. Прасоўваньне гэтых рэчаў патрэбна ўладзе для спакойнага жыцьця, для адчуваньня сваёй стабільнасьці. Вось мы вам вяртаем усё, што вам дорага”.

Фэстывалем савецкай настальгіі ён застаецца для людзей сталага веку:

Спадарыня: “Старыя песьні, старыя артысты — вось гэта цікава. Глядзіш — узгадваеш”.

Спадарыня: “Яны індывідуальныя. Яны не такія, як цяпер. Цяпер дужа мала тых, хто вылучаецца на эстрадзе”.

Спадарыня: “Гэта наша мінуўшчына і будучыня. Гэта наш другі “Славянскі базар”.

Моладзь жа ад пытаньняў пра іх стаўленьне да фэстывалю аднекваецца.

У магілёўскай філярмоніі заяўляюць пра небывалы попыт на квіткі канцэртнай праграмы.

“Не спадзяваліся на такі продаж. Калі ўзяць усе “Шлягеры”, якія былі, на гэты — самы вялікі продаж. Пра што гэта кажа, што крызісу не існуе і вялікі попыт. Мы не чакалі”.

Разам з тым, як удалося высьветліць, некаторыя з гарадзкіх арганізацыяў атрымалі загад набыць пэўную колькасьць самых дарагіх квіткоў па 100-170 тысяч рублёў. Самыя танныя квіткі каштуюць 5 тысячаў рублёў.

Цяпер імя Браілоўскага публічна ня згадваецца. Хаця калёнію, дзе ён адбывае пакараньне, рэгулярна наведваюць з канцэртамі зоркі беларускай эстрады.
На падрыхтоўку самога фэстывалю ўжо патрачаны адзін мільярд рублёў, зь іх 700 мільёнаў зь бюджэту вобласьці. 300 мільёнаў далі спонсары. Палова затратаў улада верне з продажу квіткоў.

Маштаб правядзеньня сёлетняга фэстывалю значна саступае, тым, якія арганізоўваў яго заснавальнік Уладзімер Браілоўскі. Цяпер ён у турме, але за сваім дзецішчам сочыць. Гаворыць яго адвакат Анатоль Гоманаў:

“Шмат чаго ён зрабіў бы па-іншаму. Гэтыя ідэі якаснага іншага парадку. Непараўнальна больш цікавыя для людзей, якія робяць гэты фэстываль, якія ў ім удзельнічаюць. І, вядома, непараўнальна больш цікавыя для простых гледачоў”.

Уладзімер Браілоўскі
Уладзімера Браілоўскага асудзілі за крадзеж шляхам злоўжываньня службовым становішчам. Цяпер ён адбывае пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Зьмякчыць прысуд ня здолелі нават хадайніцтвы вядомых беларускіх і расейскіх музыкаў.

Цяпер імя Браілоўскага публічна ня згадваецца. Хаця калёнію, дзе ён адбывае пакараньне, рэгулярна наведваюць з канцэртамі зоркі беларускай эстрады.

Пра тое, што фэстываль “”Залаты шлегер” пачаўся ў абласным цэнтры, пакуль мала што сьведчыць. На будынку гасьцініцы “Магілёў” расьцяжкай на рускай мове вітаюць удзельнікаў фэстывалю. На плошчы Леніна расьцяжкай інфармуюць пра пачатак фэстывалю. Няшмат у цэнтры горада фэстывальных плякатаў й праграм. Улада, праўда, абяцае гэты хіб выправіць, калі сьцямнее. Тады будзе ўключаная сьвяточная ілюмінацыя.

Міжнародны музычны фэстываль “Залаты Шлягер” упершыню адбыўся ў лістападзе 2005 году. Паводле супрацоўнікаў магілёўскай абласной філярмоніі, гэта прыкметнае сьвята музыкі й песьні. Першапачаткова ідэя фэстывалю ўзьнікла з жаданьня сабраць разам прызабытых артыстаў савецкай эпохі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG