Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае — сярэднявечная дзяржава на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны, часткі Расеі. Утворанае ў 1248 годзе. Сталіца — Вільня.
ВКЛ — гэта гістарычны міт, які дапамог беларусам у ХХ стагодзьдзі адрадзіць сваю дзяржаўнасьць, але ня быў цалкам рэалізаваны.
Вячаслаў Ракіцкі: Вялікае Княства Літоўскае цалкам зьнікла з эўрапейскай мапы пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай пры канцы ХУІІІ стагодзьдзя.
Калі ж і ў зьвязку з чым адраджаецца гэтае дзяржаўнае ўтварэньне ў сьвядомасьці беларусаў на ўзроўні міталягічным?
Алесь Краўцэвіч: Міт ВКЛ стаў найбольш патрэбным беларусам у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, калі пачаў афармляцца беларускі нацыянальны рух. Якраз у тыя часы ў нашым рэгіёне Эўропы, менавіта ў Сярэдняй Эўропе, усе недзяржаўныя народы (чэхі, палякі, славакі, славенцы, харваты, летувісы і іншыя) фармавалі праграму ўласнага дзяржаўнага быту, нацыянальную праграму на будучыню. Надзвычай важнай складной часткай той праграмы ва ўсіх народаў была гістарычная парадыгма — пошукі даўняй сярэднявечнай дзяржаўнай традыцыі. Яны імкнуліся абаперціся на нейкую даўнюю дзяржаву. Чэхі — на слаўнае сярэднявечнае Чэскае каралеўства, і вугорцы, і палякі, і харваты — на свае каралеўствы. А летувісы — на Вялікае Княства Літоўскае. Тыя народы, якія не маглі знайсьці ў мінулым уласную дзяржаву, мусілі шукаць іншыя доказы, чаму яны ў навейшы час павінны атрымаць незалежнасьць і, як правіла, такія нацыянальныя рухі адставалі ад іншых.
Такі лёс і беларусаў. Сёньня можна сьцьвярджаць, што аб’ектыўна на ролю гістарычнага падмурку беларускага нацыяналізму найбольш прыдатным быў міт ВКЛ. Гаворка, натуральна, пра міт у сэнсе культуралягічным.
Цалкам чытаць гутарку ТУТ.