Лукашэнка кажа, што пра ўсё дамовіўся з Грыбаўскайце
“Я запрасіў прэзыдэнта Літвы прыехаць у Беларусь. Запрашэньне было прынята”, — паведаміў Лукашэнка.
“Справа не ў Беларусі, і калі будзе дасягнута пэўная дамоўленасьць з Брусэлем, то яна прыедзе ў Беларусь і не пашкадуе пра гэта”, — дадаў кіраўнік краіны.
Лукашэнка паведаміў, што ў часе перамоваў з прэзыдэнтам Літвы “гаварылі пра альтэрнатыўныя пастаўкі энэргіі, нафты, у прыватнасьці — пра ўдзел у праекце “Адэса — Броды”, — перадае Інтэрфакс.
Акрамя таго, паводле ягоных слоў, абмяркоўваліся пытаньні будаўніцтва АЭС у Беларусі, удзелу Літвы ў гэтым праекце, яе ўдзелу ў акцыянэрным капітале АЭС.
“Давайце яе разам пабудуем”, — заклікаў Лукашэнка.
Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы з Даляй Грыбаўскайце: “Яна цалкам валодае сытуацыяй. Яна прагматычна ўсё разумее, разумее, што эканоміка ляжыць у аснове ўсяго”.
Менску не патрэбныя адвакаты ў дыялёгу з Эўразьвязам
Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым для Беларусі нармалізаваць стасункі з Эўразьвязам наўпрост, не прыцягваючы да гэтага пасярэднікаў.
“Гэтае пытаньне мы абмяркоўвалі (з кіраўніцтвам Літвы — Інтэрфакс). Нам тут адвакаты і пасярэднікі не патрэбныя, мы будзем весьці дыялёг наўпрост”, — заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне агенцтва Інтэрфакс.
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што Літва, Украіна і Польшча спрыялі пацяпленьню стасункаў паміж Беларусьсю і ЭЗ.
“Мы гатовыя любую дапамогу прыняць, але адвакаты і пасярэднікі нам не патрэбныя там, дзе мы можам працаваць наўпрост”, — падкрэсьліў Лукашэнка.