Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філарэт: "Не валодаю свабодна беларускай, але вітаю яе"


Мітрапаліт Філарэт
Мітрапаліт Філарэт
25 верасьня пачынаецца Першасьвятарскі візыт у Беларусь Найсьвяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якога запрасіў ня толькі Беларускі экзархат, але і асабіста кіраўнік беларускай дзяржавы.

Візыт патрыярха Кірыла будзе доўжыцца чатыры дні. Патрыярх наведае Менск, Полацак і Віцебск.

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыярхшы экзарх усяе Беларусі Філарэт: “Мы рыхтуемся сустрэць Найсьвяцейшага патрыярха ўжо ў сёмы раз. Шэсьць візытаў праходзіла з удзелам папярэдніка патрыярха Кірыла — патрыярха Аляксія, які заўсёды надзвычай цёпла распавядаў пра свае візыты ў Беларусь. Мы перакананыя, што мы спадабаемся і новаму Патрыярху, найсьвяцейшаму Кірылу, які бываў у Беларусі”.

Кіраўнік каардынацыйнай рады зьнешніх сувязяў Беларускага экзархату протаярэй Фёдар Поўны: “Гэты візыт ня толькі па запрашэньні кіраўніка нашай царквы, але і па запрашэньні кіраўніка дзяржавы. Натуральна, ад таго, як мы пакажам нашу краіну, жыцьцё нашай царквы будзе ў многім вызначацца і сытуацыя з разьвіцьцём праваслаўя ў цэлым, а ня толькі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Да візыту Найсьвяцейшага патрыярха ўсяе Русі падрыхтавана факсымільнае выданьне Слуцкага Эвангельля.Яго паказвае Ўладзімер Грозаў, выканаўчы дырэктар Беларускага экзархату.

У Менску патрыярху Кірылу пакажуць новы храм-помнік у гонар Усіх Сьвятых, што на вуліцы Каліноўскага, Дом міласэрнасьці. У Палацы Рэспублікі заплянаваны ўрачысты вечар з удзелам Кірыла. У Віцебску, у летнім амфітэатры, які ўмяшчае 8 тысяч чалавек, патрыярх усяе Русі сустрэнецца з моладзьдзю, студэнтамі, творчай інтэлігенцыяй.

Мітрапаліт Філарэт: “Разынка — візыт у Полацак, удзел у сьвяткаваньні Ўзвышэньня пачэснага і жыцьцядайнага Крыжа Гасподняга. Узвышацца будзе адноўлены крыж Эўфрасіньні Полацкай”.

Кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы запэўніла, што пры наведваньні храмаў, на набажэнствах, масавых мерапрыемствах доступ і ўдзел простых вернікаў абмяжоўвацца ня будзе.

Міністар Гуляка і мітрапаліт Філарэт.
Паводле словаў упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, 82% беларускіх вернікаў — праваслаўныя. На пытаньне Радыё Свабода, ці зьбіраецца праваслаўная царква пераходзіць на беларускую мову, мітрапаліт Філарэт адказаў так:

“Яна ўжо ажыцьцяўляе набажэнствы па-беларуску. У нас ёсьць піянэры ў гэтым — Петрапаўлаўскі прыход у Менску. Я цалкам адкрыты, для мяне гэта не праблема. Хаця я не валодаю свабодна беларускай мовай, але я яе вітаю. Нават зьвяртаюся да нашых пастыраў, якія размаўляюць па-беларуску, заклікаю іх выступаць часьцей з казаньню на беларускай мове”.

Аляксей Шынкевіч

Архімандрыт Аляксей Шынкевіч: “У самой царкве такой праблемы не існуе. Выдадзена Эвангельле на беларускай мове, літургіі набажэнстваў, вечаровых і ранішніх малітваў. Нават у Катэдральным саборы вянчаньне, таінства вянчаньня праводзіцца на беларускай мове — па жаданьні. У нас у царкве праблемы такой няма, паверце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG