Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік перамоваў -- плян новых сустрэч


У расейскім курортным горадзе Сочы адбыліся перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. "Бакі пацьвердзілі жаданьне зрабіць дадатковыя намаганьні па актывізацыі рашэньня праблем, што накапіліся," – заявіў журналістам памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька па выніках трохгадзіннай сустрэчы двух кіраўнікоў.


Паводле яго, Лукашэнка і Мядзьведзеў абмеркавалі сытуацыю ў беларуска-расейскіх адносінах – у тым ліку бягучыя пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва, зьнешнепалітычную каардынацыю, рэгіянальную бясьпеку. Сяргей Прыходзька таксама сказаў, што
Беларусь хацела б вярнуцца да пытання старшынства ў Арганізацыі дамовы пра калектыўную бяспеку, але толькі пасля правядзення "кансультацый з саюзнікамі па АДКБ".

Раней крыніца ў атачэньні прэзыдэнта Расеі паведаміла расейскаму інфармацыйнаму агенцтву “Новости”, што пытаньне пра крэдыты беларускі бок на перамовах Мядзьведзева і Лукашэнкі ў Сочы не ўздымаў. Кіраўнікі краінаў таксама не абмяркоўвалі тэму паставак малочнай прадукцыі, і пытаньні супрацоўніцтва ў газавай сфэры.

Сяргей Прыходзька сказаў, што Мядзьведзеў і Лукашэнка 28 верасьня будуць прысутнічаць на вайсковых вучэньнях у Беларусі. Паводле яго, прэзыдэнт Расеі таксама возьме ўдзел у паседжаньні міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС 27 лістапада, і ў межах саміта ЭўрАзЭС мае адбыцца двухбаковая сустрэча Мядзьведзева і Лукашэнкі. Спадар Прыходзька дадаў, што расейскі бок разьлічвае правесьці паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады Расеі і Беларусі ў Маскве, у першай палове сьнежня.


Як паведамляла прэсавая служба беларускага кіраўніка, сярод найбольш важных тэмаў сёньняшняй сустрэчы – "гандлёва-эканамічныя стасункі, саюзнае будаўніцтва, сумесныя захады па пераадоленьні ўсясьветнага фінансава-эканамічнага крызысу, пытаньні забесьпячэньня бясьпекі абедзьвюх краін, скаардынаваныя дзеяньні ў зьнешняй палітыцы”.

Апошнім разам Лукашэнка і Мядзьведзеў сустракаліся сёлета ў сакавіку.

З пачатку года гэта ўжо пятыя перамовы двух лідэраў і другая па ліку іх сустрэча ў курортным Сочы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG