Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навасяд зноў судзіцца зь Мін’юстам


У Вярхоўным судзе Беларусі пачалі разглядаць скаргу стваральнікаў Партыі свабоды і прагрэсу на Міністэрства юстыцыі. Арганізатары новай партыі лічаць, што міністэрства само парушае закон, калі адмаўляецца рэгістраваць новую партыю.


Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд кажа, што міністэрства напачатку праверыла больш за 100 удзельнікаў устаноўчага зьезду:

“Толькі двое са 111 грамадзянаў адмовіліся пацьвердзіць свой удзел у гэтым мерапрыемстве. І тыя пад ціскам кіраўніцтва тых прадпрыемстваў, дзе яны працуюць. Так мы разумеем сытуацыю. Усе астатнія, хаця да іх ужывалася такое ноў-хаў, як рассылка спэцыяльных анкетаў, пацьвердзілі свае подпісы. А пытаньні ў анкетах нагадвалі пытаньні сьледчых зусім зь іншых установаў”.

Уладзімер Навасяд кажа, што Міністэрства юстыцыі чарговым разам ужывае дробныя прычэпкі. Напрыклад, заснавальнікам упікаюць, што ў аднаго з удзельнікаў устаноўчага сходу пазначаны толькі год нараджэньня, а не запісаныя месяц і дзень.

“Але ж гэты чалавек нарадзіўся ў 1955 годзе, і любому зразумела, што гэта даволі сталы чалавек. А нам кажуць: а можа, ён непаўналетні? Што ж гэта такое, калі не фармалізм ды зьдзек?!

Вось такія фармальныя пытаньні, якія зьвязваюцца ў нейкі ланцужок. І атрымліваецца такая падстава, што іх нібыта нельга зарэгістраваць”.

Гэтыя ды іншыя меркаваньні спадар Навасяд і ягоныя калегі сёньня выказалі ў судзе. Свае меркаваньні выклаў і прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон. Заўтра суд працягнецца.

Першую спробу зарэгістравацца Партыя свабоды і прагрэсу зрабіла яшчэ ў 2003 годзе, калі Ўладзімер Навасяд яшчэ быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня. Тады гэта не атрымалася. Пазьней стваральнікі партыі зрабілі яшчэ дзьве безвыніковыя спробы. Сёньняшняя скарга — ужо чацьвёртая.

Цяпер у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партыяў. Гэтаксама судзіцца зь Міністэрствам юстыцыі партыя “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Падала дакумэнты на рэгістрацыю Беларуская працоўная партыя. А ў верасьні свой устаноўчы сход плянуе правесьці Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG