Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падручнікаў зноў на ўсіх ня хопіць


У новым навучальным годзе зноў будзе дэфіцыт некаторых школьных падручнікаў. Чыноўнікі Міністэрства адукацыі тлумачаць гэта тым, што ў гэтым навучальным годзе завяршаецца канчатковы пераход да 11-гадовай адукацыі, і няма сэнсу на адзін год распрацоўваць новыя падручнікі.


Да новага навучальнага году ў школы паступіць 109 найменьняў новай вучэбнай літаратуры. На выданьне новых падручнікаў — а яны будуць выдадзеныя накладам больш за 4,5 мільёна асобнікаў — выдаткавана 20,2 мільярда рублёў. Але ў вучняў старэйшых клясаў зноў будуць праблемы — падручнікаў па некаторых прадметах на ўсіх ня хопіць. Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва распавяла:

“У гэтым годзе толькі па 12 прадметах на ўвесь блёк вучэбных прадметаў з 1 па 11 клясы застанецца сытуацыя, калі будуць дадзеныя матэрыялы на электронных носьбітах”.

Сапраўды, падручнікі, розныя даведачныя матэрыялы ёсьць на сайце Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Наколькі зручна для школьнікаў і настаўнікаў карыстацца матэрыяламі на электронных носьбітах? Тацяна Кавалёва перакананая:

“Мы правялі вельмі дэталёвую працу па вывучэньні стаўленьня да гэтага саміх дзяцей. І высьветлілася, што гэта ні ў кога не выклікае цяжкасьцяў і незадаволенасьці, якую выказваюць журналісты. Дзеці з задавальненьнем карыстаюцца кампутарам, актыўна, умела, і таму няма ніякіх праблем”.

А вось настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Полацку Валерыя Сом кажа, што тэарэтычна спампаваць можна, а на практыцы мала хто са школьнікаў гэта будзе рабіць:

“Ня ведаю, дзе-небудзь у вельмі-вельмі строгіх гімназіях, можа, хто-небудзь і спампуе. Але, па вялікім рахунку, пэўная колькасьць падручнікаў на клясу ёсьць, і большасьць дзяцей будзе гэтыя падручнікі адзін аднаму перадаваць. А ў электронны варыянт яны не палезуць. Па-першае, не ўва ўсіх нармальны, хуткасны інтэрнэт. А падручнік — гэта даволі вялікі аб’ём, яго трэба спампоўваць цалкам, а ўзяць нейкі пэўны кавалак не атрымаецца. У каго ёсьць друкарка, у каго няма — гэта ў гарадах. А ў вясковых дзяцей наагул кампутараў няма”.

Школьнікі таксама не ў захапленьні ад таго, што падручнікаў на ўсіх ня хопіць і давядзецца шукаць матэрыялы ў інтэрнэце. Гімназіст Антон кажа:

“Насамрэч гэта, можа, было б і цікава. Але на практыцы гэта не заўсёды атрымаецца, у некаторых вучняў няма кампутара ў хаце. Па падручніках хатнія заданьні рабіць зручней”.

За падручнікі бацькам давядзецца плаціць, распавяла намесьніца міністра Тацяна Кавалёва:

“Умовы аплаты застаюцца ранейшымі — гэта 50%. Натуральна, за падручнікі, якія не трапляюць у асабістае карыстаньне, плаціць ня трэба. Кошт складае ад 10 да 24 тысяч, у залежнасьці ад пакета”.

Беларуская школа цалкам перайшла на нацыянальныя беларускія падручнікі. Расейскімі падручнікамі карыстацца можна настаўнікам, а ня вучням, кажа начальнік Упраўленьня сярэдняй адукацыі Юры Гладкоў:

“У Рэспубліцы Беларусь створана на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі сыстэма нацыянальнага вучэбнага кнігавыданьня. Пры падрыхтоўцы да ўрокаў настаўнік можа карыстацца любой літаратурай, у тым ліку і расейскімі падручнікамі, калі яны адпавядаюць вучэбным праграмам. Настаўнік, але ня вучні”.

Адмыслоўцы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту зараз распрацоўваюць новыя падручнікі па замежных мовах, кажа Тацяна Кавалёва:

“Канцэпцыя новых нацыянальных падручнікаў — гэта, перш за ўсё, гутарковая мова. Чаму ўзьнікла ідэя экзамэну — каб матываваць маладых людзей на засваеньне ня толькі граматычнай структуры. Экзамэн таксама мае непасрэдна факт маўленьня”.

Такім чынам, празь некалькі гадоў у беларускай школе ўвядуць экзамэн па замежнай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG