СЛУХАЦЬ:
Аляксандар Камароўскі -- старшыня аргкамітэту аб’яднаньня “аўганцаў”, якое стваралася з удзелам Мікалая Аўтуховіча, таксама вэтэрана вайны ў Аўганістане. Ён мяркуе, што грамадзкая пазыцыя Мікалая Аўтуховіча спрычынілася да таго, што супроць яго ўлады вырашылі сфабрыкаваць справу аб падпале і падрыхтоўцы да тэрарызму:
“Для мяне пытаньне Аўтуховіча і Лявонава з Асіпенкам — простае. Прычына — у ягонай былой барацьбе за справядлівасьць ды ў тым, што адбылося на пачатку году. У студзені на знак пратэсту супраць палітыкі ўлады адносна вэтэранаў Аўганістану мы адмовіліся ад мэдаля „20 гадоў вываду войск з Аўганістану“, якім Лукашэнка ўзнагароджваў „аўганцаў“. 2 тысячы адазваліся і таксама адмовіліся ад гэтага мэдаля. Для ўлады гэта быў моцны ўдар па твары. Не адказаць яны не маглі і нанесьлі ўдар па Мікалаі. Таму Мікалай Аўтуховіч і ягоныя сябры — вязьні беларускага рэжыму”.
Аляксандар Камароўскі ня верыць у тое, што ў сьледзтва ёсьць доказы вінаватасьці Аўтуховіча ў падпале дома міліцыянта, а тым болей у тэрарызьме, як кажуць у Міністэрстве ўнутраных спраў. Ён прапануе зрабіць будучы працэс над Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам адкрытым, каб “усе маглі праверыць самі: вінаватыя яны ці не”.
“Не, мы не абараняем яго ад суду, калі ён вінаваты. Калі ласка, судзіце яго адпаведна з законам. Але адкрытым судом. Не хавайцеся, як вужакі”.
Аўтуховіч, калі летась выходзіў з турмы, казаў, што будзе змагацца за сваю маёмасьць, якой адабралі на 300 тысяч даляраў. Вось яму і не даруюць.
“Ён дагэтуль лічыць, што прыдумка пра другую крымінальную справу, якая пачалася сёлета, ідзе ад кіраўніцтва Гарадзенскай вобласьці, ад мясцовага КДБ і міліцыі. Аўтуховіч, калі летась выходзіў з турмы, казаў, што будзе змагацца за сваю маёмасьць, якой адабралі на 300 тысяч даляраў. Вось яму і не даруюць. А доказаў віны ў тэрарызьме няма і не было, гэта ўсё фантазіі”.
Алег Воўчак нагадаў законныя прычыны, на падставе якіх працэс могуць зрабіць закрытым. Гэта робіцца ў справах асобаў да 16 гадоў, у справах пра сэксуальныя злачынствы і ў справах, дзе ёсьць небясьпека сьведкам і ўдзельнікам працэсу, а таксама дзеля аховы дзяржаўных сакрэтаў. Паводле праваабаронцы, улады робяць штучныя захады, каб справа Аўтуховіча падпала пад адну з гэтых умоў.
Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя сябры, вінаватым сябе не прызнае. З 16 красавіка па 16 ліпеня прадпрымальнік трымаў галадоўку пратэсту. Празь некалькі дзён пасьля таго, як Аўтуховіч спыніў галадоўку, МУС распаўсюдзіў зьвесткі, паводле якіх прадпрымальнік фігуруе яшчэ ў адной крымінальнай справе — аб падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Віктара Камянко.