Сёлета Вільня – эўрапейская культурная сталіца. Але якога-небудзь ажыятажу з гэтай нагоды не назіраецца. Для Вільні неўласьцівая мітусьлівасьць ці аўральная падрыхтоўка да чаго-небудзь. Яна проста жыве сваім жыцьцём, не хаваючы праблемаў і не імкнучыся пусьціць пыл у вочы.
З чаго людзі пачынаюць знаёмства з горадам? Найчасьцей – не зь мясцовых слувутасьцяў, а з гандлёвых цэнтраў, такіх, як гэты – “Эўропа”. А найвялікшы гіпэрмаркет у Вільні называецца “Акропаліс”, і нярэдка прыежджыя цікавяцца толькі ім. Віленчукі часам крыўдуюць з-за гэтага і называюць гіпэрмаркет “сталіцай мясцовых калгасьнікаў”.
Сучасны дзелавы квартал у цэнтры гораду. Сярод тутэйшых людзей дагэтуль ідуць спрэчкі, упрыгожыў ён ці пагоршыў воблік сталіцы.
У гарадах, дзе шмат вузкіх вулак, міні-аўтамабілі становяцца ўсё больш папулярнымі. На іх езьдзяць і розныя гарадзкія службы.
У Вільні шмат месцаў, дзе жылі ці працавалі славутыя асобы беларускай гісторыі, і некаторыя з гэтых месцаў нават адзначаныя памятнымі шыльдамі. Але мала каму вядома, што з чырвоным будынкам па вул. Швянта Йона зьвязаны студэнцкі пэрыяд Сьцяпана Некрашэвіча, будучага арганізатара Інстытуту беларускай культуры (цяпер – Акадэмія навук Беларусі).
У эўрапейскай культурнай сталіцы ёсьць помнікі розных эпох.
Дахі Старога гораду
Прэзыдэнцкі палац (будынак ХVI – ХIX ст.) знаходзіцца побач з старой часткай Віленскага ўнівэрсытэту. У сьпякотныя дні на траве ў сквэрыку пад вокнамі прэзыдэнцкіх памяшканьняў нярэдка сядзяць і нават ляжаць студэнты. Аховы вакол – ніякай.
Шлях да храму ў віленчукоў-католікаў: Катэдральны касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладыслава. У дні нацыянальных сьвятаў летувіскі прэзыдэнт ідзе сюды ад свайго палацу пешкі, разам са звычайнымі грамадзянамі і двума ахоўнікамі. Чаму б і беларускаму прэзыдэнту такім жа чынам не хадзіць да Катэдральнага сабору?
Напэўна, Вільні было наканавана стаць сталіцай ВКЛ хоць бы таму, што на абшарах краіны больш не было такой гары, як тутэйшая Замкавая. Яна найлепшым чынам падыходзіла для княскай рэзыдэнцыі, найвышэйшым пунктам якой была вежа Гедыміна.
Такі выгляд на горад адкрываецца з Замкавай гары у наш час.
“Рабі пільна – і тут будзе Вільня” – гаворыць старадаўняя прыказка.
Ці зьяўляецца ў наш час гэты горад для беларусаў нейкім узорам высокай культуры? Напэўна, у кожнага свой адказ на такое пытаньне.
Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Тэльман Масьлюкоў закончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, гісторык. У 1993 – 2001 гг. – арганізатар і дырэктар першага ліцэя на Гомельшчыне. Выявіў Здудзіцкі каменны крыж (Х – ХІІ ст.), прапанаваў пачаць археалягічныя раскопкі на месцы невядомага раней гораду Казіміру, а таксама ў Шацілках – старадаўняй частцы Сьветлагорску. Супрацоўнічае зь інфармацыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі і СМІ.