Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Расіі пэнсіі павышаюць, а ў Беларусі — уразаюць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 жніўня, панядзелак.


СЛУХАЦЬ:


Пасярэднікаў вывелі з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў юрыдычныя асобы павінныя набываць тавары непасрэдна ў вытворцаў ці ў іх афіцыйных прадстаўнікоў. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “Радыё Свабода, добры дзень. Прадпрымальнікаў у Беларусі называлі “вашывымі блохамі”. Прашу прабачэньня ў людзей прадпрымальніцкіх, што напамінаю. Цяпер назвалі мурашамі — мурашы, што расьцягнуць, распрададуць завалы, што на складах дзяржавы. Глядзіш, эканамічны крызіс прымусіць кіраўнікоў і нармальнымі людзьмі іх назваць. Можа, і іншыя зь беларусаў пачнуць людзьмі звацца, адмарозкаў паменее. Ну, хоць веры ў гэта мала. Дзякуй”.

Аляксандар Лукашэнка ўзяў удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў краін АДКБ у Кыргызстане. У афіцыйных выніках не паведамляецца пра падпісаньне Беларусьсю дамовы аб стварэньні калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадар, Маладэчна: “Аб выказваньні Сяргея Прыходзькі, што Лукашэнка павінен падпісаць у Душанбэ дакумэнты апошняга саміту АДКБ. Нашто гэты чарговы бруд выплюхваць на экран ТВ і на старонкі газэты “СБ”, а таксама лішні раз гаварыць аб сваім сувэрэнітэце? Калі Аляксандар Рыгоравіч не зьбіраецца падпісваць, то навошта ганяць самалёт у Кыргызію? Няўжо толькі дзеля таго, каб паказаць свайму пазашлюбнаму малому Сярэднюю Азію? Ватыкану мала? Ці не занадта марнатраўна за дзяржаўны кошт? Дарэчы, як учора сказаў дырэктар Інстытуту дасьледаваньняў канфліктных сытуацыяў у Грузіі ў сучасным сьвеце, няма і ня можа быць абсалютна незалежных дзяржаваў”.

Лідэр апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін выступіў з заявай пра неабходнасьць прызнаньня Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, увядзеньня адзінай валюты “саюзнай дзяржавы” і іншыя падобныя захады. Аналітыкі мяркуюць, што прарасейскія выказваньні зьвязаныя з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Слухачы працягваюць выказвацца на гэтую тэму:

Спадар: “Наконт Калякіна. Нічога дзіўнага ў ягоных заявах няма. Разьлік на падтрымку Масквы. Яна ж пасадзіла калісьці на трон Лукашэнку, ну, а цяпер “бацька” непаслухмяны. Вось і выскачыў тут Калякін. Ён і грашовы станок Маскве аддасьць, і сталінізм ён ня ганьбіць — ну дык і зробіць Крэмль яго прэзыдэнтам-рэзыдэнтам. Дзякуй”.

Працягваюць праграму тэлефанаваньні на іншыя тэмы:

Спадар: “Шаноўная “Свабода”, у Беларусі няма павагі да чалавечай працы і вартых заробкаў і пэнсіяў. У Лукашэнкі і ў ягонай вэртыкалі няма сумленьня і сораму. У Расіі пэнсіі павышаюць, а ў Беларусі ўразаюць”.

Слухач Валерый, Барысаў
: “У суседняй Русі ўлада мацярынству дае значную падмогу. А на Беларусі маці б’юць трывогу. Дабаўку толькі ждуць, а грошы на чэмпіянат сьвету па хакеі пайдуць. Ці ў іншыя гулі, ці адразу, напрыклад, на яго папулізм, на падтрымку “Славянскага базару”. Маці, пэнсіянэр-інвалід, тады дапамогі даб’ецца, калі наш бацька-прэзыдэнт ізноў у саўгасе сваім апынецца. Будзе толькі нам “окэй”, а ў саўгасе яго будзе добры хакей”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG