Двое забойцаў зь вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія ўчынілі самасуд над аднавяскоўцам, памілаваныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаю, што Сяргея Аліфяровіча ды Ігара Макарэвіча суд пакараў 5 і 3 гадамі пазбаўленьня волі за забойства чалавека, якога падазравалі ў падпалах. Камэнтар слухача:
Тэхнік Віктар Пятроў: “Я наконт “герояў”-забойцаў з Пухавічаў. Трэба праўдзіць: усе беларусы падзяляюцца на тых, хто падабаецца прэзыдэнту і хто яму не да густу. Апошніх можна забіваць, зьдзекавацца зь іх трупаў: густ прэзыдэнта вышэй законаў. Самасуд — гэта хутка і танна!”
Моладзеваму актывісту Франку Вячорку, якога гвалтоўна прызвалі на вайсковую службу, вынесена дысцыплінарнае спагнаньне. Сам актывіст сьцьвярджае, што пакараны за ўжываньне беларускай мовы. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:
Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: “Добры дзень, Радыё Свабода. Ня дай Бог, начальнікі арміі будуць прыставаць да салдат за беларускую мову, караць іх. Прыедзем у Менск на плошчу. Гэта ж вядома: у нас свая беларуская мова. А Франак Вячорка — гэта слаўны беларускі сынок, мы ім ганарымся”.
Далей выказваньні на тэму ўнутранай і зьнешняй палітыкі кіраўніцтва Беларусі:
Спадар: “Увесь гэты тыдзень Лукашэнка праводзіў шоў: з крыкамі, зь віскатам і гэтак далей. Усё гэта адбываецца на фоне абразы людзей, пачынаючы са старшыні Савету міністраў. Гэта проста недапушчальна. Другое, увесь час то кляне Расею, то сьцелецца, клянецца ў вечным сяброўстве. Ён ніяк ня можа зразумець: не істотна там, Расея, Амэрыка ці Ангельшчына — кожны глядзіць свой інтарэс. То туды Расею, то сюды крытыкуе — увогуле ў вар’ятню нейкую ператварыў гэтую нашу рэспубліку. Гэта проста недапушчальна”.
Аляксандр Яцкевіч: “Пачуў, што Абама павініўся перад паліцэйскім, якога незнарок нібыта пакрыўдзіў неасьцярожным словам. Павініўся перад усім сьветам. Ці павініўся наш хоць адзін разочак перад кім-небудзь, скалечыўшы лёсы людзей? Наш ніколі, ні разочку не павініўся. Не сказаў ніколі, што прабачце, можа, дзе я памыліўся, ня тое што-небудзь зрабіў, нейкія ўказы. Ніколі не павініўся за пятнаццаць год. А гэтым усё сказана”.
Спадар: “Калі не рабіць процілеглыя крокі, то навошта Лукашэнку амаль кожны дзень заяўляць пра адданасьць Расеі? Назарбаеў, у якога выдатныя адносіны з усімі, з Расеяй, Кітаем, Амэрыкай, Эўразьвязам, суседзямі, ён ніколі не пераконвае ў сваёй адданасьці, бо не дапускае рэзкія і абразьлівыя выказваньні ў чый-небудзь адрас. У тым ліку і ў адрас Расеі”.
Спадарыня: “Расейскі тандэм Пуцін-Мядзьведзеў больш не жадае аплачваць абяцаньні Лукашэнкі і цалкам сур’ёзна вырашыў скінуць яго са сваёй шыі. Эўразьвяз адразу ж падставіў сваю, згадзіўшыся аплачваць ягоныя абяцаньні — вось гэта неразьбярыха! Нават коштам свайго прыніжэньня Эўразьвяз падставіў сваю шыю беларускаму дыктатару. Вось ужо ня думала, спадары чыноўнікі Эўразьвязу, што так танна каштуе вашая годнасьць і вашыя прынцыпы”.
Выказваньне камэнтуе палітоляг Уладзімер Роўда:
“Канечне, ня ўсё так проста, як выказана ў гэтым тэлефанаваньні. Справа ў тым, што пераарыентацыя Беларусі на Эўразьвяз яшчэ не адбылася. Гэта толькі пачатак доўгага працэсу. Да канца гэтага года Лукашэнка павінен прадэманстраваць сапраўдныя пазытыўныя крокі ў бок збліжэньня з Эўропай. Бо Эўропа — гэта геапалітычная рэальнасьць, якая абапіраецца на пэўныя каштоўнасьці. У тым ліку на правы чалавека, дэмакратыю і гэтак далей”.
Далей тэлефанаваньні з адказам слухачу “Свабоды”, які ўхваляў савецка-камуністычную сыстэму і ганьбіў капіталізм:
Валерый Курневіч, Барысаў: “Хачу адказаць слухачу, які р’яна за камуністычнай ідэяй стаіць. А я маю назву — адмарозкам быць. Пры сацыялістычнай загоннай сыстэме жалезны занавес быў. Людзей, з сыстэмай нязгодных, яна піхала ўсіх у псыхушкі, як нягодных. Майго бацьку, які хадзіў у лапцях, раскулачыла. Дзядзьку яго, жонку — настаўнікаў — за тое, што лісты-запыты наконт бязьвінных пісалі — арыштавалі, хату забралі, потым расстралялі, можа ў Курапатах. Потым прыйшоў перакон: Эўропа сацыялізм выгнала вон, тады панавала КПСС. Чаго дабілася — сама развалілася. У слухача, відаць, існуе нейкі камізм, бо ён так шануе сацыялізм. Пры той сыстэме, відаць, гэты слухач памеў: каля карыта-кармушкі сядзеў”.
Спадарыня: “Паважаная “Свабода”, вітаю. Мы чулі ад слухача беларускай “Свабоды” настальгічна-зласьлівую прамову ў абарону савецкіх часоў. А я і мільёны іншых людзей запомнілі бясконцыя савецкія чэргі на ўсё ў паўпустых бедных крамах. Напэўна, слухач ня мусіў стаяць у такіх савецкіх чэргах. Былі ж і асобныя крамы, па прапусках, у райкамах, абкамах, гаркамах. Памятаем зьнясільваючыя пасьля працы савецкія нарады, палітінфармацыі, ману, прыніжэньне чалавека як асобы. І навошта было думаць пра сваё асабістае жыцьцё — думалі савецкія функцыянэры за цябе. А калі ўмеў падладжвацца пад іх, то “дармовую” кватэру давалі і раней, чым празь пятнаццаць-дваццаць год. Толькі дармовага нічога не бывае і не было. За такое савецкае “давалі” разьлічваліся рабскім прыніжэньнем, мізэрнымі заробкамі”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.