Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка ўжо ня будзе класьціся пад танкі і гінуць за Расею?”


Забарона на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі на расейскую тэрыторыю, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Расея прыпыніла перамовы з афіцыйным Менскам пра аднаўленьне паставак беларускай малочнай прадукцыі. Беларуска-расейская малочная вайна — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў.

Уладзімер Гайдукевіч, Бабруйск: “Калі Расея не купляе ў нас малако, дык прадавайце нам, толькі скіньце цану папалам”.

Спадар: “Беларускія ўлады хочуць аднавіць мытню на беларуска-расейскай мяжы. І слушна зробяць, таму што Віктар Чарнамырдзін, амбасадар на Ўкраіне, пераведзены на працу ў Крэмль. Ён павінен з Лукашэнкам аднавіць памежны слуп на расейска-беларускай мяжы, які яны разам некалькі год таму ліквідавалі”.

Спадар: “Лукашэнка, напэўна, ужо ня будзе класьціся пад танкі і гінуць за Маскву, за Расею. Разваліў ён гэтую сваю саюзную дзяржаву і беларускую эканоміку. Я гаварыў, што для Лукашэнкі Масква на замку. Расея — гэта не беларускі народ, каб называць іх адмарозкамі і ворагамі народа”.

Спадар: “Пасьля заявы Кудрына больш за ўсіх у паніку ўпаў Лукашэнка, а ў падвойнай паніцы ён апынуўся пасьля забароны малочнай прадукцыі на расейскіх рынках. Як аказалася, яму не падабаецца, калі на яго ціснуць, яму, бачыце, гэта не патрэбна. Аднак яму вельмі даспадобы прыніжаць беларускую апазыцыю. Нездарма кажуць: адальюцца кошцы мышчыны сьлёзы”.

Спадар: “Наконт таго, якія козыры засталіся на руках у нашага прэзыдэнта. Чамусьці ўсе вы, на жаль, забываеце пра галоўны козыр: пра запазычанасьць, якая існуе ў Расеі перад Беларусьсю ў памеры 235 мільярдаў даляраў — гэта тыя страты, якія Беларусь панесла ў выніку чарнобыльскай катастрофы. А як вядома, Расея зьяўляецца спадкаемцай Савецкага Саюзу, таму мусіць кампэнсаваць нам гэтыя страты”.

Ігар Сьцябуля: “Наконт так званай “малочнай вайны”. Гэтай уладзе трэба было рабіць рынкавыя рэформы, а не будаваць так званую саюзную дзяржаву”.

Ларыса, Менск: “Што можна сказаць пра “малочную вайну”? Тут два бакі па-свойму маюць рацыю. Папросту кожны адстойвае свае інтарэсы. Трэба было б панізіць кошт для сваіх родных спажыўцоў, і людзі больш бы пілі малако. І тады асабліва пэнсіянэры і малазабясьпечаныя былі б удзячныя свайму роднаму ўраду”.

Спадарыня: “Нагадавалі мы каровак, набудавалі аграгарадкоў, забыўшыся, што вытворчасьць прадуктаў харчаваньня заўсёды і паўсюль стратная. Расея ўрэшце адумалася, што калі хто хоча існаваць як самастойная дзяржава, то павінен сам забясьпечыць сваю харчовую бясьпеку незалежна ад суседзяў”.

Мікалаевіч, Маладэчна: “Лукашэнка думаў, ехаць на АДКБ ці не. Я вельмі спадзяваўся, што паедзе, бо толькі ў Маскве асабіста зь Мядзьведзевым трэба было разьвязваць малочны канфлікт, а не абвяшчаць палітычную вайну”.

У наступным тэлефанаваньні слухачка задае пытаньне:

Лідзія: “Добры дзень, “Свабода”! Зьвяртаюся да вас з пытаньнем. Вось заўважаю, як Лукашэнка прадае інвэстарам замежных краін участкі зямлі ў сталіцы. Калі ў Менску ўся зямля будзе прададзена іншаземцам, потым пачнецца распродаж пэрыфэрыі. Што станецца зь Беларусьсю? Патлумачце, калі ласка, ці на карысьць гэта беларусам?”

Адказвае палітык і эканаміст Леў Марголін:

“Насамрэч, продаж зямлі — гэта маланебясьпечная рэч. Бо зямлю нельга нікуды з сабой забраць і зьвезьці. Іншая рэч, што продаж зямлі павінен адбывацца не паводле рашэньня Лукашэнкі, а паводле закону. А ў нас такога закону, можна сказаць, няма. Бо ён вельмі складаны і вельмі супярэчлівы”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадар: “У нас вялікае гора, і ніхто пра гэта ня кажа. У Магілёўскім раёне прайшла бура. Стары лес зьнішчаны амаль на 80 адсоткаў, ляжыць, гніе. У гародзе ўсё зьмяшана зь зямлёй. Нават лісьця на грушах засталося адсоткаў 20. Рубэройд на дахах стаў рэшатам. І пакуль цішыня”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG