Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Расеі зьявілася нашмат большая праблема ў стасунках зь Беларусьсю”


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка завяршыў візыт у Кыргызстан, дзе праходзіў нефармальны саміт краінаў-сяброў АДКБ. Ён не застаўся ў Бішкеку на цырымонію інаўгурацыі прэзыдэнта Кыргызстану, якая павінна адбыцца 2 жніўня.

Пакуль невядома, ці ўдалося прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву ўгаварыць Аляксандра Лукашэнку падпісаць дамову аб фармаваньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. Але падчас саміту пра гэта не было аб’яўлена. Памочнік прэзыдэнта Расеі Сяргей Прыходзька заявіў, што асобная сустрэча Мядзьведзева з Лукашэнкам не плянавалася, бо беларускі бок пра яе не прасіў.

Паводле міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, Расея “будзе працягваць тэхнічнае старшынёўства ў АДКБ чакаючы таго моманту, калі Беларусь будзе гатовая ўзяць на сябе паўнавартасныя функцыі старшынёўства”. Паводле спадара Лаўрова, Лукашэнка заявіў на саміце, што “гэтае пытаньне разглядаецца і адпаведныя рашэньні будуць прынятыя своечасова”.

Андрэй Суздальцаў
Камэнтуючы паводзіны кіраўніка Беларусі ў Кыргызстане, маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў сказаў, што той адлюстроўвае “антырасейскія ў цэлым настроі беларускай палітычнай клясы”.

“Лукашэнка завяршае цяпер фармаваньне эўрапейскага вэктару сваёй палітыкі. На паводзіны яго ў Кыргызстане паўплывалі некалькі фактараў. Найперш ён атрымаў чарговую траншу крэдыту МВФ. Ён упэўнены ў палітычнай падтрымцы Захаду. Ён прыехаў у Бішкек як прадстаўнік Эўропы. Такі пасол Эўропы атрымаўся. Таму паводзіў ён сябе значна, з прэтэнзіяй. Ня выключана, што ён чакаў, што яму запрапануюць гандаль. Расея ня стала ўступаць зь ім у гандаль. Яна ня стала прапаноўваць яму падпісаць пагадненьне аб калектыўных сілах узамен на нейкія траншы крэдыту. Магчыма, гэта яго і расчаравала”.

Дзяніс Мельянцоў
Палітоляг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што вынікі візыту ў Кыргызстан сьведчаць пра тое, што канфлікт з Масквой, то бок малочная вайна, яшчэ не завершаны.

“Лукашэнка стараецца знайсьці сабе ўсё больш месца для палітычнага гандлю. Вось як зараз ён адмовіўся пераймаць старшынёўства ў АДКБ і зрабіў гэта ўмовай для далейшага гандлю. Чакаецца, што Расея перавядзе апошнюю траншу крэдыту, тады, магчыма, гэтае пытаньне будзе неяк разьвязана. Зараз, натуральна, ніхто не кажа аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, бо гэта крыху адыходзіць на другі плян. Бо зараз у Расеі зьяўляецца нашмат большая праблема ў стасунках зь Беларусьсю. Гэта тое, што Беларусь фактычна блякуе ператварэньне АДКБ у такі аналяг Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Беларусь чакае і ад ЭЗ, што будуць нейкія фінансавыя ўліваньні. І далучэньня Беларусі да праекту з удзелам ЭЗ. Таму АДКБ сталася такім закладнікам палітычнай гульні паміж Захадам, Усходам і Беларусьсю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG