Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма павялічыць крэдытаваньне насельніцтва?


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

14 ліпеня старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч дакладваў прэзыдэнту Беларусі аб выніках працы банкаўскай сыстэмы ў першым паўгодзьдзі. Пракаповіч паведаміў, што за шэсьць месяцаў ваганьне курсу беларускага рубля ў адносінах да кошыка замежных валют было ў межах калідора +/- 5%. На думку старшыні Нацбанку, найбліжэйшым часам неабходнасьці выходзіць за гэтыя межы няма. Ці магчыма захаваць адносную стабільнасьць беларускага рубля без далейшых замежных крэдытаў? Ці могуць беларускія банкі выканаць даручэньне Аляксандра Лукашэнкі павялічыць крэдытаваньне насельніцтва? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: Ці сапраўды сытуацыя выглядае настолькі аптымістычна і беларускія ўлады да канца году ня выйдуць ня толькі за 10 працэнтаў калідору, але нават і за 5 працэнтаў?

Жаліба: Так, мы ведаем, што за чэрвень золатавалютныя запасы скараціліся на 600 мільёнаў даляраў. Але тут акурат прыйшоў чарговы транш МВФ каля 670 мільёнаў даляраў. Насамрэч, Нацбанк вытрымліваў калідор у 5 працэнтаў. Але золатавалютныя рэзэрвы на першага ліпеня зьнізіліся да 2,6 мільярды даляраў. І гэты крэдыт МВФ, без перабольшваньня, быў выратаваньнем сытуацыі.

Цыганкоў: Ці рэальна ўтрымліваць адносна стабільны курс рубля без далейшых замежных крэдытаў?

Жаліба:
На месцы Пракаповіч я б ня быў такім упэўненым.
Толькі калі быць вельмі вялікім аптымістам. Бо стратэгічна становішча нашай эканомікі не палепшылася. Не палепшыўся экспарт, кепскія справы на прадпрыемствах машынабудаваньня, мэталюргіі. Чакаць, што наша экспартная выручка павялічыцца цягам наступных 6 месяцаў, ня варта. Так што на месцы Пракаповіч я б ня быў такім упэўненым.

Цыганкоў: Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, Аляксандр Лукашэнка даручыў зьвярнуць асаблівую ўвагу на працу банкаў па крэдытаваньні, у тым ліку па стварэньні ўмоў для паляпшэньня даступнасьці банкаўскіх крэдытаў насельніцтву і прадпрыемствам. Пракаповіч запэўніў, што Нацбанк прыме дадатковыя меры для выкананьня гэтага даручэньня. Наколькі гэта рэальна? Апошнія месяцы, як вядома, грамадзянам вельмі цяжка атрымаць крэдыты, банкі згарнулі многія праграмы крэдытаваньня…

Жаліба: Зьвярніце ўвагу, што стаўка рэфінансаваньня застаецца 14 працэнтаў. Дзяржава праводзіць такую палітыку, каб абмежаваць валютныя крэдыты насельніцтва. Што да рублёвых крэдытаў, то Нацбанк будзе імкнуцца выканаць гэтае даручэньне прэзыдэнта і павялічыць крэдытаваньне

Цыганкоў: А ці ня можа гэта паўплываць на ўзровень інфляцыі?

Жаліба: Можа, але ня так сур’ёзна, бо цяпер працуюць і іншыя чыньнікі. Па-першае, сэзонны чыньнік. Жнівень — гэта заўсёды мінімум інфляцыі, падзеньне цэнаў, так што можна нават чакаць дэфляцыі. У цэлым, я ня думаю, што банкаўская сыстэма настолькі павялічыць крэдытаваньне насельніцтва, што гэта можа істотна паўплываць на ўзровень інфляцыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG