Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытае імя: Віктар Вальтар


Выдавецтва “Кнігазбор” выдала кнігу выбраных твораў Віктара Вальтара. Гэтае імя — з пакаленьня і лёсу Максіма Багдановіча. Першая кніга пісьменьніка, невядомага шырокай публіцы амаль стагодзьдзе, выйшла дзякуючы намаганьням краязнаўцы Міхася Казлоўскага і паэта Сяргея Панізьніка.

З фатаздымка на нас глядзіць шляхетна апрануты малады чалавек. Тонкія рысы твару і самазаглыблены позірк выдаюць натуру адораную і неардынарную.

Народжаны ў 1902 годзе ў Дзьвінску (цяпер горад Даўгаўпілс у Латвіі), Віктар Вальтар там скончыў пачатковую вучэльню і беларускія настаўніцкія курсы, пасьля чаго паехаў вучыцца ў Праскі тэхнічны ўнівэрсытэт. Атрымаць дыплём якога, аднак, не дала хвароба. Вярнуўшыся ў 1926 годзе на радзіму, працаваў у беларускіх школах і шмат пісаў. Але ў 1931 годзе сухоты абарвалі ягоны жыцьцёвы і творчы лёс.

Параскіданыя па розных тагачасных беларускіх пэрыёдыках ягоныя творы доўгі час заставаліся невядомыя сучаснаму чытачу. З пачаткам перабудовы штосьці пачало зьяўляцца ў беларускіх газэтах і часопісах, але спатрэбілася амаль дваццаць гадоў, каб спадчына невядомага пісьменьніка нарэшце выйшла асобнай кнігай.
Спатрэбілася амаль дваццаць гадоў, каб спадчына невядомага пісьменьніка нарэшце выйшла асобнай кнігай.
Гаворыць яе ўкладальнік, краязнаўца Міхась Казлоўскі:

“Мяне зацікавіла гэтае прозьвішча, калі ў „Голасе Радзімы“ быў надрукаваны газэтны варыянт ягонага раману „Роджаныя пад Сатурнам“, які зрабіў Сяргей Сьцяпанавіч Панізьнік. Мяне ўразіла і зьдзівіла гэтая публікацыя. Гэта сапраўдная проза, і мяне доўгі час зьдзіўляла, чаму гэты твор не выходзіць асобным выданьнем”.

Спадар Казлоўскі заняўся пошукамі іншых твораў пісьменьніка зь Дзьвінску і зьвестак пра ягонае жыцьцё. Вынікам стала выданьне першае кнігі Віктара Вальтара. У ёй на дзьвюхстах шасьцідзесяці старонках зьмешчаныя, апрача згаданага раману, вершы, пераклады, нарысы і публіцыстычныя артыкулы. Але складальнік тома ўпэўнены, што яму ўдалося выявіць далёка ня ўсю спадчыну пісьменьніка.

“Калі ў 1932 годзе, ужо пасьля сьмерці Вальтара, выйшаў у Рызе невялічкі зборнічак, больш правільна назваць яго адным апавяданьнем — „Лесьнікова сена“, — там прадмова была Кастуся Езавітава. І ў ёй ён напісаў, што самая вялікая колькасьць твораў Вальтара застаецца ў рукапісах. І яны да гэтага часу яшчэ не былі нідзе надрукаваныя. Вось мяне лёс гэтых рукапісаў вельмі хвалюе. Напэўна, яны ўсе загінулі”.

Але спадар Казлоўскі ня траціць надзеі нешта з творчай спадчыны дзьвінскага пісьменьніка яшчэ знайсьці.

“У нас не захаваліся найбольш важныя крыніцы інфармацыі пра яго творы — гэта часопіс „Беларуская школа ў Латвіі“, поўны камплект яго не захаваўся, і не захаваўся поўны камплект „Голасу беларуса“, газэты, каторая выходзіла ў Рызе. Вось там, можа, яшчэ нейкія творы можна знайсьці”.

Але паехаць працаваць у архівах Латвіі краязнаўца Міхась Казлоўскі ня мае мажлівасьці. Надзея на тое, што адгукнуцца зацікаўленыя ў лёсе твораў беларускага пісьменьніка з Прыдзьвіньня ягоныя землякі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG