Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватызацыя для абраных


Цэхі Менскага аўтамабільнага заводу
Цэхі Менскага аўтамабільнага заводу

Сёньня падчас размовы з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША Аляксандар Лукашэнка заявіў: Беларусь вітае ўдзел амэрыканскага бізнэсу ў інвэстыцыйных праектах на тэрыторыі краіны.

І сёньня ж у штаб-кватэры БНФ адбыўся круглы стол, прысьвечаны розным аспэктам прыватызацыі. Ці нясе прыватызацыя паратунак працоўным калектывам? Ці рэальны прыход замежных кампаній, якіх цікавіць уласна вытворчасьць, а не маёмасьць у цэнтры гораду? Чаму ў Беларусі практычна няма прыкладаў удалых інвэстыцыйных праектаў?

Ад 1 ліпеня флягман беларускай прамысловасьці — Менскі трактарны завод пераходзіць на трохдзённы працоўны тыдзень. Асноўныя спажыўцы беларускіх трактароў у Расеі адмаўляюцца ад “Беларусаў” на карысьць мясцовай тэхнікі, бо існуе магчымасьць крэдытаваньня. Унутраныя ж беларускія патрэбы — нашмат меншыя, чым прадукуюць канвэеры МТЗ. Ці можа ўратаваць сытуацыю прыход інвэстараў?

Вось што мяркуе крызісны мэнэджэр Вячаслаў Бурак:

“Няма ніякай розьніцы — МТЗ гэта, МАЗ ці “Гарызонт”. Сёньня яны пераходзяць на трохдзённы тыдзень, а заўтра пяройдуць на аднадзённы. А ўрэшце ня будзе ні МТЗ, ні МАЗу. Дзе МАЗ-МАН? Дзе сяброўства “Гарызонту” зь “Філіпсам” і “Соні”? Дзе кінэскопы, якія хацелі рабіць у Гомелі? Дзе “Лідсельмаш”, які прадавалі? Дзе “Форд”, якім зьбіраліся заваліць Расею? Чаму нічога няма? Таму што ёсьць інтарэс трымаць уладу. Каб уладарыць, а не праводзіць лінію, выгадную людзям, якія тут жывуць”.

Карэспандэнт: “Падчас абмеркаваньня гучала думка: праблема ў тым, што інвэстараў “прызначаюць”, а не выбіраюць дзеля рэальных патрэбаў”.

Вячаслаў Бурак: “Менавіта так, працэс кіруецца адміністратыўнай сыстэмай. Мы ўжываем слова “інвэстар”, насамрэч “інвэстар” стаіць у двукосьсі. Гэта мафія — спляценьне капіталу і ўлады. Улада праз падстаўных асобаў проста забірае маёмасьць. Прыкладам, мотавэлязавод. Гэта не зусім тое, што там зьбіраюць матацыклы. Гэта кавалак тэрыторыі, неацэнены, у цэнтры гораду, з пад’язнымі шляхамі. І ён можа ўтрымацца толькі ў сыстэме ўлады, якая зараз існуе. Калі будзе дэмакратыя з нармальнымі суадносінамі ўлады і закону, ніхто ня зможа праводзіць схему: свае людзі прыватызаваць могуць, а іншым — нельга”.

Інжынэр-канструктар з 50-гадовым стажам працы на менскім “Мотавела” Барыс Фердман лічыць сябе “ўзорнай ахвярай” прыватызацыі. Зрэшты, як і яшчэ тры тысячы ягоных калегаў, якіх паводле прэзыдэнцкага ўказу перадалі на балянс няпрофільнай аўстрыйскай фірме “ATEC Holding GmbH”. Практычна ў адзін момант вартасьць акцый “мотавелаўцаў” упала ў 20 разоў, а калектыўная доля ў акцыянэрнай гаспадарцы скарацілася да 0,3%:

Барыс Фердман
“Мы лічым, што ў Беларусі няма ніякага рынку. Рынак — гэта калі акцыя каштуе канкрэтную суму. Я тады прыходжу і кажу: хачу свае акцыі прадаць, і рынак дазваляе мне гэта зрабіць. А калі ўказ прэзыдэнта наўпрост абавязвае прадаць прадпрыемства камусьці, дык гэта што — рынак?.. Я здагадваюся, колькі каштуе завод, зыходзячы з уласных разьлікаў. Але насамрэч лічбы, агучаныя ва ўказе прэзыдэнта № 354, — нерэальныя, яны вельмі заніжаныя. Кошт заводу нашмат большы. Увогуле, было б чэсна, калі ўжо ня хочаце пакрыўдзіць чалавека, выклікаць яго і сказаць: мы пастанавілі так і так. А калі ацанілі акцыю ў 500 рублёў — меней за кошт праязнога квітка, то гэта што? Я валодаў 54 акцыямі на паўмільёна рублёў, і раптам ня маю нічога. Што ж гэта за ўлада такая, якая адной рукой дае, а другой забірае?”

Эканаміст Міхал Залескі ў працэсе прынамсі дэкляраванай прыватызацыі па-беларуску адзначае практычна поўную непразрыстасьць працэсу, а таксама немагчымасьць уплываць на выбар інвэстараў (як і на мэтазгоднасьць самога такога кроку) уласна працоўных калектываў:

Міхал Залескі
“Пераўтварэньне дзяржаўных прадпрыемстваў з удзелам інвэстараў цалкам залежыць ад волі ўраду. Толькі ўрад можа вырашыць, што інвэстар здольны дапамагчы прадпрыемству, якое прызнанае фінансава хворым. Воля ўраду ад пралетарыя не залежыць. Ніхто на заводзе, нават дырэктар, ня ў стане паўплываць на рашэньне Саўміну аб прыцягненьні інвэстараў. І ў выпадку з тым жа “Мотавела” інвэстар зьявіўся, як чорт з куфра. З аднаго боку, працоўны калектыў нібыта сувэрэнны — маўляў, будзем прыватызоўвацца. Але сам па сабе працоўны калектыў ня можа паказаць пальцам на інвэстара. І вось тут вельмі значны разрыў у заканадаўстве — на інвэстара можа паказаць толькі ўрад. І колькі ён ва ўрадзе, скажам шчыра, зацікавіў людзей, так яны і вырашаць. Калі ён круты інвэстар, то патрэбных людзей зацікавіць. Калі інвэстар так сабе, то не зацікавіць. То бок — вырашае не працоўны калектыў”.

Між тым сёньня Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з дэлегацыяй Кангрэсу ЗША заявіў, што ў Беларусі дастаткова сфэраў для патэнцыйнага ўкладаньня капіталу, якія могуць зацікавіць інвэстараў: прамысловасьць, энэргетыка, сельская гаспадарка, будаўніцтва, фінансы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG