Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заўважыла беларуская эканоміка лібэралізацыю?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 15-га траўня.

Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што праграма лібэралізацыі выкананая на 60%. Якія яе папярэднія вынікі? Як стасуецца з праграмай лібэралізацыі барацьба зь імпартам? Ці слушна намесьнік міністра крытыкуе прапановы апазыцыі?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і экспэрт Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE-Belarus Зьміцер Бабіцкі.

Валер Карбалевіч
Зьміцер Бабіцкі
Леанід Злотнікаў

Вынікі лібэралізацыі

Валер Карбалевіч: “Год таму Лукашэнка паставіў амбітную задачу ажыцьцявіць лібэралізацыю беларускай эканомікі, каб Беларусь увайшла ў трыццатку краін з найлепшым у сьвеце інвэстыцыйным кліматам. Урад прыняў цэлую праграму лібэралізацыі з 52 пунктаў. Вось учора намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што праграма выкананая на 60%. Як паўплывалі гэтыя захады ўладаў на эканоміку? Ці заўважылі іх эканамічныя суб’екты?”

Леанід Злотнікаў: “Можна выканаць і 90%, а ў эканоміцы нічога ня зьменіцца, калі ня будзе выканана галоўнае: дамагчыся свабодных цэнаў і ліквідацыі абмежаваньняў на эканамічную дзейнасьць. У пытаньні цэнаў асаблівых зьменаў няма.

У іншых сфэрах станоўчыя зьмены ёсьць. Стала значна лягчэй адкрыць і закрыць прадпрыемства. Адбылася пэўная лібэралізацыя замежнаэканамічнай дзейнасьці”.

Зьміцер Бабіцкі: “Зразумела, пэўныя зрухі ёсьць.
Без прыватызацыі які сэнс мае лібэралізацыя?
Напрыклад, у замежнагандлёвай дзейнасьці, рэгістрацыі замежных дамоваў. Хутчэй сталі праходзіць грузы празь мяжу.

Але калі паглядзець з гледзішча чалавека, які працуе ў эканоміцы, дык тут ёсьць пытаньні. Істотных зьменаў, якія б кардынальна зьмянялі мэханізмы гаспадараньня для большасьці, не адбылося. У шараговага прадпрымальніка не зьявілася больш стымулаў для дзейнасьці.

Адным з важных складнікаў лібэралізацыі зьяўляецца прыватызацыя. Але ў гэтай сфэры пляны выконваюцца фармальна. Праграма прыватызацыі зводзіцца да акцыянаваньня прадпрыемстваў. Але іх акцыі застаюцца ў руках дзяржавы. А ў некаторых галінах эканомікі адбываецца нават адваротны працэс”.

Злотнікаў: “У ліпені мінулага году была прынятая праграма прыватызацыі 160 прадпрыемстваў. За час, які прайшоў, ніводнае зь іх не было прыватызаванае. А без прыватызацыі які сэнс мае лібэралізацыя? Калі мы ствараем рынкавыя адносіны, то павінны ствараць і суб’ектаў гэтых адносін”.

Лібэралізацыя і барацьба зь імпартам

Карбалевіч: “Адначасова зь лібэралізацыяй беларускія ўлады робяць захады па змаганьні зь імпартам. Існуе праграма імпартазамяшчэньня. Павышаныя імпартныя пошліны, рыхтуецца дакумэнт, паводле якога грамадзянін зможа празь мяжу бяспошлінна ўвозіць тавараў ня больш як на 200 эўра. Як стасуюцца барацьба зь імпартам і абвешчаная лібэралізацыя?”

Злотнікаў: “Калі мы кажам пра лібэралізацыю, то, зразумела, яна павінна распаўсюджвацца і на замежнаэканамічную дзейнасьць. Барацьба зь імпартам супярэчыць палітыцы лібэралізацыі. Калі мы хочам прыцягнуць замежныя інвэстыцыі, дык трэба адкрыць эканоміку краіны”.

Карбалевіч: “Але ў пэрыяд крызісу ва ўсім сьвеце ўзмацняецца палітыка пратэкцыянізму, урады імкнуцца абараніць свайго вытворцу. Дык палітыка беларускіх уладаў ідзе ў рэчышчы сусьветных тэндэнцый?”

Злотнікаў: “Абмежаваньне
Абмежаваньне спажывецкага імпарту можа зьменшыць агульны імпарт на 1-2%. Гэта праблемаў не вырашае, а шкоду робіць вялікую.
спажывецкага імпарту не вырашае ніякіх задач нашай эканомікі. Асноўная доля беларускага імпарту — гэта імпарт прамежкавых тавараў, безь якіх беларускія вытворцы ня могуць абысьціся. Спажывецкі імпарт складае каля 13-15%. Інвэстыцыйны імпарт (станкі, машыны) таксама невялікі. Таму абмежаваньне спажывецкага імпарту можа зьменшыць агульны імпарт на 1-2%. Гэта праблемаў не вырашае, а шкоду робіць вялікую”.

Бабіцкі: “Падобныя меры пякельнага пратэкцыянізму нікому ў сьвеце нічога добрага не прынесьлі. Беларусь тут выключэньнем ня стане. Скарачэньне сумы бяспошліннага ўвозу тавараў з 1000 да 200 эўра стварае вялікі абшар для спэкуляцый і карупцыі з боку мытнікаў. Гэта дрэнна паўплывае на імідж уладаў і ўнутры краіны, і за межамі яе. Барацьба зь імпартам і лібэралізацыя — гэта рознаскіраваныя вэктары”.

Злотнікаў: “Акрамя ўсяго іншага, гэта сьведчыць пра тое, што ў кіраўніцтва краіны няма ніякіх пазытыўных праграмаў і стратэгій выхаду з крызісу, калі яно хапаецца за такія дробязі”.

Чыя праграма лепшая: ураду ці апазыцыі?

Карбалевіч: “Вось якраз учора сп. Тур сьцьвярджаў, што ўрад мае антыкрызісную праграму. Ён папракаў апазыцыю, што яе прапановы нерэалістычныя, ня маюць мэханізму рэалізацыі. Маўляў, яны прапануюць павялічыць дапамогу беспрацоўным і адначасова зьнізіць выплаты ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, а гэта немагчыма. То бок адначасова немагчыма скарачаць падаткі і павялічваць сацыяльныя выдаткі”.

Бабіцкі: “Што тычыцца антыкрызіснай праграмы ўраду. Магчыма, яна ёсьць. Але заканадаўчая база пад яе будзе кампрамісам розных ведамстваў, інтарэсы якіх не супадаюць. Таму нават добрыя памкненьні будуць нівэляваныя.

А праграма
Заробкі працаўнікоў складаюць 15-20% сабекошту прадукцыі. Дзешавей аддаць іх адразу людзям, чым пераводзіць у пяць разоў большыя рэсурсы.
АДС — гэта невялікі рамачны дакумэнт, там агульныя, але добрыя парады. Яны патрэбныя, і, дарэчы, Тур з гэтым згодны”.

Злотнікаў: “Праграма АДС — гэта прынцыпы функцыянаваньня, неабходныя любой эканоміцы. Што тычыцца прапановы адначасова скарачаць падаткі і павялічваць сацыяльныя выдаткі, то ёсьць рэзэрвы, як гэта зрабіць.

Напрыклад, цяпер улады трацяць вялікія грошы на падтрымку стратных прадпрыемстваў. Кажуць, каб падтрымаць работнікаў, каб іх не звальняць. Але нашмат таньней дапамагаць наўпрост людзям, а не прадпрыемствам. Бо прадпрыемствы выпускаюць прадукцыю, а яна ідзе на склад ці прадаецца ніжэй за сабекошт. Заробкі працаўнікоў складаюць 15-20% сабекошту прадукцыі. Дзешавей аддаць іх адразу людзям, чым пераводзіць у пяць разоў большыя рэсурсы”.

Карбалевіч: “Але вось Лукашэнка казаў, што такая палітыка арыентаваная на далёкасяжную пэрспэктыву. Такім чынам мы захаваем прадпрыемствы, якія змогуць працаваць пасьля заканчэньня крызісу”.

Злотнікаў: “Не дапамагаць стратным прадпрыемствам — гэта ня значыць, што яны ўсе загінуць. Іх трэба рэфармаваць, рэструктурызаваць, прыватызаваць, прыцягнуць інвэстараў і інш. Дарэчы, у нас не было банкруцтваў прадпрыемстваў і да крызісу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG