Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую прафэсію параіць кампутар?


Чэрвень месяц — час, калі бацькі і іх амаль дарослыя дзеці канчаткова робяць выбар, куды пасьля школы ісьці далей. Калі дзіця заўсёды было адназначна “лірыкам” ці адназначна “фізыкам”, то вызначыцца няцяжка, але перад тымі, у каго асаблівых прыярытэтаў няма, задача стаіць няпростая. Што рабіць, каб выбраць ВНУ і не расчаравацца, каб ня страціць час? Як ператварыць “угадваньне” ў асэнсаваны працэс з аптымальным каэфіцыентам карыснага дзеяньня?


Псыхоляг Жана Міцкевіч кажа, што выбар адукацыі для падлетка — вельмі цяжкі і стрэсавы.

Робіцца сапраўды жыцьцёва важны выбар, а досьведу, каб узважыць усе “за” і “супраць”, няма. Да таго ж вельмі часта на выбар ВНУ ўзьдзейнічаюць пабытова-прагматычныя матывы:

“Вельмі многія ідуць не туды, куды рэкамэндавалі ісьці на прафарыентаваньні, а туды, дзе лягчэй паступіць, дзе менш балаў трэба набраць, каб паступіць”.

Потым, калі чалавек ужо пачынае вучобу, на курсе трэцім-чацьвертым прыходзіць больш дарослае асэнсаваньне, што сапраўды цікава, а што — не. І часта гэта прыводзіць да таго, што чалавек сыходзіць на іншую спэцыяльнасьць, хоць і шкадуе часу, змарнаванага на “не сваё”.

Каб гэтага ня здарылася, можна “падсьцяліць саломкі” і вызначыць, наколькі ты адпавядаеш абранай прафэсіі, зыходзячы са здольнасьцяў ды магчымасьцяў.

“Часта дзеці ідуць, ну, напрыклад, на сацыяльнага псыхоляга, але не ўсьведамляюць, што гэта за прафэсія. Таму знаёмства з прафэсіяй, вызначэньне сваіх здольнасьцяў, аналіз прыярытэтаў і кансультацыя з псыхолягам — усё гэта можа дапамагчы”.

Іна Сямёнава, супрацоўніца Камітэту па працы, кажа, што далёка ня ўсе ведаюць пра цалкам адкрытыя для ўсіх магчымасьці выявіць свае таленты і схільнасьці:

“Мы неяк праводзілі Кірмаш вакансій, узялі туды кампутары, і там можна было прайсьці тэставаньне. Дык вакол кампутараў быў літаральна ажыятаж. Хаця абсалютна спакойна можна прыйсьці ў сэктар прафарыентацыі Камітэту па працы і ў спакойнай атмасфэры дасьледаваць сябе”.

У сэктар прафарыентацыі могуць зьвярнуцца і дзеці, і дарослыя. А вось Рэспубліканскі цэнтар прафэсійнай арыентацыі моладзі спэцыялізуецца менавіта на дапамозе падлеткам. Папулярнасьць службы — відавочная, запіс — на 2 месяцы наперад. Праца псыхолягаў, супрацоўнікаў службы, пачынаецца з гутаркі з падлеткам і ягонымі бацькамі, распавядае дырэктарка службы Вольга Тарасюк:

“Гутараць, калі ёсьць неабходнасьць. Школьнік праходзіць шэраг псыхалягічных тэстаў. А пасьля гэтага, паводле гутаркі, паводле вынікаў тэставаньня яму даюць рэкамэндацыі па выбары ВНУ, па выбары канкрэтнай спэцыяльнасьці, па будаваньні пасьпяховай прафэсійнай кар’еры”.

Ініцыятыўныя бацькі могуць папрасіць адміністрацыю школы, каб супрацоўнікаў Цэнтру запрасілі ў школу, дзе вучыцца іх дзіця:

Нараіў прафэсіі камунікатыўныя — там, дзе патрабуецца гутарыць многа зь людзьмі. Напрыклад, маркетоляг, мэнэджэр па продажах, які-небудзь кансультант
“Плюс — у нас жа існуе сыстэма ўзаемадзеяньня са школамі. Яны запрашаюць нашых спэцыялістаў да сябе, прыводзяць школьнікаў да нас. Мы распавядаем ім і пра прафэсіі, пра актуальную сытуацыю з тым, якія прафэсіі больш запатрабаваныя, якія дзе конкурсы — то бок даем інфармацыю максымальна шырока, каб дзеці рабілі выбар асэнсавана”.

Мой суразмоўца Анатоль — 15-гадовы мінчанін. Нядаўна ён прайшоў комплекснае тэставаньне, каб вызначыць свае прафэсійныя прыярытэты:

“Пасадзілі за кампутары, там былі тэсты, з кожнай прафэсіі было некалькі пытаньняў. Кшталту — ці любіце вы паліваць кветкі. Ну, і з колькасьці, мусіць, адказаў станоўчых ці адмоўных на гэтыя пытаньні з розных прафэсіяў рабіліся высновы”.

З вынікамі тэставаньня Анатоль пагадзіўся цалкам.

“І што нараіў кампутар?”

“Нараіў прафэсіі камунікатыўныя — там, дзе патрабуецца гутарыць многа зь людзьмі. Напрыклад, маркетоляг, мэнэджэр па продажах, які-небудзь кансультант.

Мне гэта сказалі ня толькі паводле гэтага тэсту з пытаньнямі, там іх было шмат — і колеравыя асацыяцыі, і іншыя яшчэ. А потым выніковая гутарка з псыхолягам — нас індывідуальна запрашалі ў кабінэт, дзе тлумачылі вынікі. Гутарку вяла наш школьны псыхоляг, таму, мяркую, яна трохі і ведала нас асабіста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG