Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ ня звольненыя ўжо ідуць у службу занятасьці


Спэцыялісты будаўнічай галіны застаюцца самымі запатрабаванымі на рынку працы Магілёўшчыны. Будаўнічыя арганізацыі толькі аднаго абласнога цэнтру маюць патрэбу прыкладна ў чатырохстах работніках. Патрэбныя таксама бухгальтары, эканамісты, спэцыялісты сфэры збыту прадукцыі, а таксама рэгіянальныя прадстаўнікі арганізацыяў зь іншых беларускіх рэгіёнаў і замежжа. Акрамя таго, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі на прадпрыемствах рэгіёну змушае іхніх работнікаў шукаць іншыя месцы працы.

У службу працаўладкаваньня ўсё часьцей зьвяртаюцца людзі з тых прадпрыемстваў, якія вымушана скарачаюць працоўны дзень, што адбіваецца на заробках.

“Паколькі сытуацыя на прадпрыемствах складаецца такім чынам, што людзей яшчэ не звальняюць, але пачынаюцца нейкія цяжкасьці, праблемы, яны зьвяртаюцца, каб пралічыць свае далейшыя дзеяньні. З тым, каб, можа, сысьці са свайго месца працы й паспрабаваць нават і перавучыцца. Атрымаць іншую прафэсію, больш запатрабаваную”, — тлумачыць супрацоўніца ўправы працы, занятасьці й сацыяльнай абароны Магілёўскага гарвыканкаму.

Паводле яе, служба занятасьці гораду за мінулы год перавучыла прыкладна тысячу дзьвесьце чалавек. Найбольшую патрэбу ў работніках, кажа супрацоўніца, маюць будаўнічыя арганізацыі. Толькі ў адным Магілёве нестае каля чатырохсот будаўнікоў.

У магілёўскім кадравым цэнтры “Амбіцыя”, які падбірае кадры сярэдняга й вышэйшага мэнэджэрскага ўзроўню, адзначаюць, што найбольш запатрабаваная прафэсія — рэгіянальныя прадстаўнікі менскіх і расейскіх арганізацыяў:

Інжынэры-будаўнікі патрэбныя. Кваліфікаваныя, якасныя, атэставаныя. У нас іх няма, яны ўсе ў Расеі.
“Інжынэры ў прынцыпе патрэбныя заўжды. Інжынэры-будаўнікі патрэбныя. Кваліфікаваныя, якасныя, атэставаныя. У нас іх няма, яны ўсе ў Расеі. Тым больш што ў Расеі не патрабуецца атэстацыя, а ў Беларусі яна патрэбная. Каштуе атэстацыя — прараба, скажам, — даволі дорага. Вялікая патрэба ў галоўных бухгальтарах з досьведам працы, бо заканадаўства ў нас даволі складанае”, — зазначае супрацоўніца кадравага цэнтру “Амбіцыя”.

“Нашыя людзі цяжкія на пад’ём і дужа неахвотна наважваюцца наагул на зьмену прафэсіі. Яны яшчэ ня надта й ведаюць пра тое, што ёсьць такое паняцьце, як “кароткатэрміновае навучаньне”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, узровень беспрацоўя на Магілёўшчыне год ад году зьніжаецца. Цяпер ён складае меней за адзін працэнт ад эканамічна актыўнага насельніцтва — гэта каля трох тысяч дзевяцісот чалавек. Эканамічна актыўнага насельніца ў рэгіёне — крыху болей за паўмільёна.

Юрыст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў лічыць, што пра рэальную колькасьць беспрацоўных ня ведае ніхто. Гэтую колькасьць варта было б памножыць на дзесяць, і тады гэта будзе побач з рэальнасьцю, цьвердзіць спадар Каралёў. Прызнаюцца беспрацоўнымі толькі тыя, хто зьвяртаецца ў службу занятасьці й становіцца там на ўлік:

“А тыя, хто не стаіць і не працуе, то іх на ўліку ў дзяржавы няма. Другі бок беспрацоўя — гэта людзі, якія працуюць за мяжой. Яны таксама нідзе за мяжой на ўліку не стаяць. Трэці бок — гэта прадпрыемствы, якія працуюць на дзьве траціны альбо на няпоўны працоўны тыдзень — гэта прыхаванае беспрацоўе”.

Паводле ўсё той жа афіцыйнай інфармацыі, летась па працаўладкаваньне зьвярнуліся сорак тысяч чалавек. З гэтага ліку больш як 27 тысяч былі зарэгістраваныя беспрацоўнымі. Сталае месца працы атрымалі дзевятнаццаць тысяч чалавек. Восем тысяч беспрацоўных прыцягваліся да грамадзкіх працаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG