Выпускнік бюджэтнага аддзяленьня ВНУ, які не зьяўляецца па месцы разьмеркаваньня, згодна зь беларускім заканадаўствам павінен вярнуць дзяржаве затрачаныя на сваё навучаньне сродкі. У адваротным выпадку прыцягваецца да судовай адказнасьці.
Першая мая гераіня, Ірына, пасьля сканчэньня Слонімскай мэдычнай вучэльні паехала па разьмеркаваньні ў вёску за 50 кілямэтраў. Адразу ж давялося сутыкнуцца з тым, што яе не змаглі забясьпечыць жыльлём як маладога спэцыяліста.
Ірына: “Жыльля мне не прадставілі, хаця павінны былі гэта зрабіць, і я здымала пакойчык у бабулі без усякіх выгодаў. Ільготаў ніякіх не было, адзінае даплачвалі за тое, што працавала на вёсцы”.
Магчыма, вы набраліся там мэдычнай практыкі, сталі за гэты час спэцыялістам? – пытаюся ў Ірыны.
“Практыкі як такой у сельскай мясцовасьці не набярэсься, паколькі ніхто там гэтага ня хоча. Вось у прымусовым парадку праводзілі жаночы агляд, нават даводзілася па хатах хадзіць з усімі мэдычнымі інструмэнтамі”.
Практыкі як такой у сельскай мясцовасьці не набярэсься, паколькі ніхто там гэтага ня хоча
Другая мая гераіня, Алена, сёлета скончыла эканамічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Яна з жахам узгадвае: каб атрымаць нібыта разьмеркаваньне, іх прымушалі хадзіць па прадпрыемствах і самім шукаць месца працы, прыносіць адтуль адпаведныя паперы.
А дэкан ёй на гэта гаворыць: “А што вы думаеце, гэта мой абавязак вас разьмяркоўваць?
Са слоў Алены, месца даводзілася шукаць праз знаёмых і блізкіх. Адна зь яе сябровак прыйшла і заявіла дэкану, што нічога не атрымліваецца, “блату” няма, паўсюль адмаўляюць…
Алена: “…А дэкан ёй на гэта гаворыць: “А што вы думаеце, гэта мой абавязак вас разьмяркоўваць?”
Алена, як і многія яе сакурсьніцы, працуе не па спэцыяльнасьці, не карыстаецца ніякімі ільготамі маладога спэцыяліста, але вымушаная два гады адпрацаваць, таму і разьмеркаваньне ўзгадвае зь непрыемнасьцю. Яна марыць аб тым, што праз два гады пакіне гэтую працу і паспрабуе ўладкавацца куды-небудзь эканамістам, паколькі ёй падабаецца яе прафэсія.