Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рыхтуе новы тэхрэглямэнт на мясную прадукцыю


23 чэрвеня “Роспотребнадзор” амаль удвая пашырыў сьпіс дазволенай да ўвозу малочнай прадукцыі, вырабленай у Беларусі. Да 139 ранейшых найменьняў дадаліся яшчэ 134.


Пакуль гэта амаль у пяць разоў меней, чым пастаўлялася ў Расею да так званай “малочнай вайны”. Між тым кіраўнік “Роспотребнадзора” папярэдзіў: у Расеі рыхтуюцца новыя тэхнічныя рэглямэнты на мяса і птушку, і калі беларускі бок зноў будзе рабіць выгляд, што нічога ня ведаў, чарговых канфліктаў не пазьбегнуць.

Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка перакананы: калі беларускія вытворцы хочуць прадаваць свае прадукты ў Расеі, то павінны выконваць расейскія законы. Пасьля падпісанага 17 чэрвеня ў Маскве “малочнага замірэньня” чыноўнік заявіў: расейскае заканадаўства мадэрнізуецца, рыхтуюцца аналягічныя тэхрэглямэнты на мяса і мясапрадукты, сокі і г.д.

Калі ў экспарце беларускага малака расейскі рынак займаў 93%, то мясныя пастаўкі залежаць ад Расеі на 100%. І калі пачнуцца праблемы з адсутнасьцю сэртыфікацыі мясных прадуктаў зь Беларусі, то, як лічыць экспэрт у аграрнай галіне Іван Нікітчанка, сцэнар харчовага канфлікту можа цалкам паўтарыцца:

“Канечне, тым больш, што на Захад увогуле няма дарогі нашай мясной прадукцыі. Так што пэрспэктывы будуць цьмяныя”.

Карэспандэнт: “Пасьля досьведу “малочнай вайны”, на ваш погляд, ці будзе беларускі бок падрыхтаваны да магчымых захадаў на мясным фронце?”

“Не, ня будуць нашы гатовыя. З адной простай прычыны — паводле якасьці прадукцыі. Я нават ня ведаю, што ў нас зараз ёсьць натуральнае. Калі малако стаіць месяц — дык што гэта за малако? Калі сок ня кісьне гадамі — які ж ён натуральны? Суцэльныя кансэрванты! Ці каўбаса. Я, прыкладам, нашу каўбасу не бяру, ня ем. Таму што мяса, пасьля таго як паляжала некалькі дзён у краме, то бок “вылежала” свой тэрмін, адпраўляюць у Дражню на каўбасны завод, дзе зь яго робяць каўбасу. Дабаўкі, кансэрванты, спэцыі — і кідаюць назад на прылаўкі. Таму лепш узяць кавалачак натуральнага мяса. А пажаванае мяса асабіста я не любіў і не люблю”.

На пачатку чэрвеня віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Віктар Зубкоў заявіў: да 2012 году Расея цалкам забясьпечыць насельніцтва сьвінінай і мясам птушкі. Праўда, пры гэтым удакладніў: дзеля захаваньня канкурэнцыі цалкам абмяжоўваць імпарт ня варта. Але патрабаваньні да якасьці завознай прадукцыі падвысяцца, што і будзе адлюстравана ў новым рэглямэнце.

Алена Краўцова, спэцыяліст аднаго зь менскіх мясакамбінатаў, кажа, што праблемы з экспартам у Расею раз-пораз узьнікалі і раней — расейскіх санітараў не заўсёды задавальняла якасьць прадукцыі. Але пакуль ніякіх дадатковых патрабаваньняў адміністрацыя прадпрыемства не атрымлівала:

“Ведаеце, акрамя скаргаў спажыўцоў і зьніжэньня аб’ёмаў нашых паставак, мне прагназаваць пакуль няма чаго. Натуральна, што мы працуем, мы не зьбіраемся складваць рукі і дачасна скардзіцца, лямантаваць, як нам дрэнна і складана. Не, мы будзем працаваць, і перакананыя, што знойдзем магчымасьць вырашыць гэтую праблему ў выпадку яе зьяўленьня”.

Неўзабаве зазнаць на сабе прынцыповасьць “Роспотребнадзора” могуць актыўныя гульцы харчовага рынку Беларусі. Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі распрацоўвае нормы тэхрэглямэнтаў адносна забароны на перапрацоўку замарожанага мяса. Такім чынам, паводле ведамства, можна істотна падвысіць якасьць мясной прадукцыі, а таксама зрабіць, каб пакупнік бачыў, зь якой сыравіны прадукцыя вырабленая. Прыняцьце тэхрэглямэнту дазволіць абмежаваць імпарт мяса другога гатунку, якое выкарыстоўваецца як сыравіна для вытворчасьці каўбасаў і сасісак.

На пачатку чэрвеня “Роспотребнадзор” забараніў увоз амаль усёй малочнай прадукцыі зь Беларусі, бо вытворцы не перааформілі дакумэнты на адпаведнасьць малака расейскаму рэглямэнту. Пад забаронай апынуліся больш за 1200 малочных найменьняў. Тыдзень таму бакі дамовіліся: беларускія прадпрыемствы будуць паэтапна даводзіць дакумэнтацыю да ладу, а расейскі бок цягам гэтага часу заплюшчыць вочы на адсутнасьць сэртыфікатаў.

Былы кіраўнік камітэту прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Беларусі Аляксандар Ярашук перакананы: нельга ігнараваць законныя патрабаваньні Расеі як галоўнага спажыўца беларускай харчовай прадукцыі.

“Расея сёньня датуе малочную галіну на 5%, мы — на 24%. Сытуацыя ў мясной сфэры ў чымсьці падобная. Гэтыя вялізныя датацыі ў значнай ступені магчымыя дзякуючы сур’ёзным субсыдыям з боку Расеі на энэрганосьбіты. Пакуль праблема закрываецца проста: даюцца субсыдыі, у выніку чаго можна дэмпінгаваць і нібыта выйграваць у канкурэнтаў. З аднаго боку, добра, што ёсьць магчымасьць нешта даваць вытворцам. Але зь іншага — якой цаной гэта ўрэшце даецца? Раней ці пазьней гэта можа мець значна больш цяжкія наступствы, чым мы маем сёньня. Гэта, канечне, будзе недаравальна для той аграрнай палітыкі, якая павінна зьмяняцца, якая апошнім часам відавочна мае патрэбу ў зьменах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG