Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка малочнага крызісу: 14—20 чэрвеня


На пачатку тыдня спробы дамовіцца пра аднаўленьне паставак беларускай малочнай прадукцыі для расейскага гандлю зайшлі ў тупік. Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка заявіў, што расейскі бок бярэ тайм-аўт у перамовах. Падставай сталі крытычныя матэрыялы ў дзяржаўных мэдыях, дзе зьневажаўся, у прыватнасьці, і сам Анішчанка — нібыта галоўны ініцыятар “малочнай вайны”. Прымірэньне надышло гэтак жа нечакана: Анішчанка пагадзіўся весьці справы з новым складам беларускіх “міратворцаў”, і ўжо ад 18 чэрвеня пастаўкі малака ў Расею аднавіліся.

СЛУХАЦЬ:


Яшчэ 15 чэрвеня Генадзь Анішчанка досыць аптымістычна ацэньваў шанцы на вяртаньне ў Расею вырабленага ў Беларусі малака. Ён заявіў, што адбылося папярэдняе ўзгадненьне аб’ёмаў і асартымэнту прадукцыі зь беларускімі спэцыялістамі, а таксама вызначаны лябараторыі ў сумежных раёнах, дзе прадукцыя будзе праходзіць аналіз.

Аднак потым настрой кіраўніка “Роспотребнадзору” рэзка зьмяніўся. Анішчанка заявіў, што ў зьвязку з публічнымі выказваньнямі адказных асобаў Беларусі зьявіліся падставы засумнявацца ў кампэтэнтнасьці беларускай дэлегацыі, якая прыехала ў Маскву. І некалькі дзён папросту адмаўляўся ад сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

Тым часам расейскія вытворцы малака жорсткую пазыцыю “Роспотребнадзора” ўхваляюць, паколькі апошнім часам кошты на малочным рынку Расеі дыктуе Беларусь: у той час як дзяржаўныя грашовыя ўліваньні ў малочную галіну ў Расеі не перавышаюць 5%, у Беларусі такая дапамога складае 24%. У выніку беларуская прадукцыя рэалізуецца па цэнах, ніжэйшых нават за сабекошт. Да таго ж, як зазначае старшыня Расейскага нацыянальнага саюзу вытворцаў малака Андрэй Даніленка, беларусы апанавалі “саюзны рынак” за расейскія грошы:

“Беларусь атрымлівае газ ад Расеі паводле льготных коштаў, атрымлівае крэдыты на йльготных умовах. Натуральна, гэта стварае фінансавыя магчымасьці для таго, каб Беларусь субсыдыявала — і вельмі сур’ёзна — сваіх сельгасвытворцаў. Айчынны, расейскі вытворца ў такіх умовах няздатны канкурыраваць. А калі ён ня можа канкурыраваць, значыць, ён мусіць прымаць рашэньне: альбо ісьці ў страты, альбо прыпыняць вытворчасьць. І, па сутнасьці, сваімі грашыма мы нішчым уласную сельгасвытворчасьць”.

У адказ на “дэмарш” Генадзя Анішчанкі 17 чэрвеня Дзяржаўны мытны камітэт абвясьціў пра ўзмацненьне кантролю за перамяшчэньнем грузаў на беларуска-расейскай мяжы. Прычынай такога кроку было названа нежаданьне “Роспотребнадзору” аднавіць пастаўкі беларускага малака.

Малочная вайна саюзьнікаў абярнулася для беларускіх рэгіёнаў немалымі стратамі. Нясьвіскі раён — адзін з найбольш пасьпяховых аграрных рэгіёнаў краіны. За суткі ў сярэднім на дойную карову тут атрымліваюць па 22 кіляграмы малака — найлепшы на сёньня паказчык у Беларусі. Але гэта стварае дадатковыя праблемы. Удакладняе першы намесьнік начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Нясьвіскага райвыканкаму Іван Крупко:

“Рэнтабэльнасьць малака зьменшылася з 44% да 16%. Гэта адбылося таму, што закупны кошт малака зьменшаны на 10%, а базісную тлустасьць паднялі на 0,2%. З-за гэтага кошт малака ўпаў. У раёне за 2009 год мы недаатрымаем каля 12 мільярдаў рублёў. Як мінімум 7 мільярдаў нам завінавацілася перапрацоўка малака. Грошы абясцэньваюцца, а бягучыя выдаткі трэба гаспадаркам аплачваць. Вось галоўная праблема. Няма жывых грошай”.

Нясьвіскі малаказавод падпарадкоўваецца акцыянэрнаму таварыству “Клецкая крыначка”. Дырэктар філіялу Леанід Апанасевіч тлумачыць, што даўгі прадпрыемства растуць, бо зачыніўся расейскі рынак, куды накіроўвалася больш як 90% прадукцыі “Клецкай крыначкі”:

“Цяпер ня толькі Нясьвіж — ніхто ня плаціць. Няма збыту, і таму ніхто не разьлічваецца за малако. У нас не бяруць, і мы ня плацім. А мы абавязаныя забіраць малако з гаспадарак. Усім калгасам няма куды збываць малако. А ў нас няма грошай, каб плаціць”.

На Меншчыне 13 малочных заводаў. Разам яны перапрацоўваюць цягам году 980 тысяч тон малака, вырабляюць 220 найменьняў малочных прадуктаў. З-за таго, што экспарт у Расею быў спынены, гаспадаркі пачалі правальвацца ў фінансавую яму.

Скасаваны быў сэртыфікат на малочныя вырабы і ў аднаго зь лідэраў галіны, магілёўскага акцыянэрнага таварыства “Бабуліна крынка”. Хоць напачатку кіраўнік прадпрыемства Ігар Кананчук і спадзяваўся, што малочная вайна абміне калектыў:

“Згодна з рэглямэнтам новым, які зацьвердзіла Расея, мы атрымалі новую тэхнічную нарматыўную дакумэнтацыю яшчэ ў сьнежні 2008 году. І на сёньняшні дзень мы працягваем пасьпяхова працаваць”.

Штодзень на расейскі рынак магілёўскае прадпрыемства пастаўляла больш за 60 тон сваіх харчоў. Урэшце малочнікам давялося перапрацоўваць незапатрабаваную прадукцыю на цьвёрдыя сыры, масла ды сухое малако.

На Магілёўшчыне сем малаказаводаў і столькі ж іх філіяў. Зь іх толькі адно прадпрыемства ня мае праблемаў з пастаўкамі прадукцыі ў Расею — гэта горацкі масласыраробны завод, вядомы пад брэндам “Малочныя горкі”. Прадпрыемства належыць расейцам ад 2007 году.

Што да наступстваў малочнай вайны, то, прыкладам, “Бабуліна крынка” адмовілася ўдзельнічаць у міжнароднай выставе-кірмашы ў Маскве, бо везьці туды забароненую прадукцыю было абсурдна.

На малочных прадпрыемствах Гарадзеншчыны склады паступова запоўніліся гатовай прадукцыяй. На Бераставіцкім сыраробчым заводзе спэцыялісты санэпідэмстанцыі адбіраюць пробы малочнай прадукцыі для чарговай экспэртызы ў расейскіх лябараторыях:

“Пробы ізноў неабходна везьці ў лябараторыю. Невядома толькі, дзеля чаго. Усе сэртыфікаты на прадукцыю мы ўжо раней атрымалі ў Бранскай лябараторыі, заплацілі 141 тысячу расейскіх рублёў за правядзеньне экспэртызаў, атрымалі заключэньне. А вось дазвол на ўвоз нам перакрылі”.

На Наваградзкім масларобчым заводзе тэрмінова пачалі шукаць іншыя рынкі збыту, — паведамілі ў аддзеле маркетынгу:

“Займаемся тым, што шукаем новыя рынкі збыту ва Ўкраіне, Казахстане. Але, ведаеце, за такі кароткі тэрмін гэта дастаткова праблематычна зрабіць, устойлівыя сувязі так не складуцца. Каб перапрафілявацца, патрэбен не адзін год”.

Амаль двухтыднёвая беларуска-расейская “малочная вайна” скончылася фактычнай капітуляцыяй Расеі. Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка ўрэшце паставіў подпіс пад двухбаковым пратаколам.

У адпаведнасьці з пагадненьнем беларускі бок цягам некалькіх месяцаў абавязваецца перааформіць усе дакумэнты на прадукцыю, як гэтага патрабуе новы расейскі тэхнічны рэглямэнт. Увесь гэты час малочныя прадукты зь Беларусі будуць бесьперашкодна пастаўляцца на расейскі рынак.

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Сямён Шапіра пасьля перамоваў у Маскве расказаў, што аб’ёмы паставак не скароцяцца, адно што будзе скарэктаваная іх намэнклятура. На паўгода накладзены мараторый на ўвоз у Расею сухога малака, затое экспарт цэльнага малака, сыру і тварагу будзе істотна павялічаны.

Пасьля паразуменьня на малочным фронце Дзяржаўны мытны камітэт абвясьціў, што ўстрымаецца ад узмацненьня кантролю на беларуска-расейскай мяжы. Праўда, намесьнік старшыні Сяргей Барысюк удакладніў, што ўсё будзе залежаць ад далейшага разьвіцьця сытуацыі.

На Магілёўшчыне першым аднавіла пастаўкі ў Расею акцыянэрнае таварыства “Бабуліна крынка”. Пра гэта паведаміла супрацоўніца аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў прадпрыемства:

“Адправілі першую машыну масла. Яна расейскую мяжу прайшла безь перашкодаў. Сёньня мы грузім увесь асартымэнт нашай прадукцыі, у тым ліку й сухое малако. Аднак па сухім малаку нейкія ёсьць пытаньні. Нібыта ёсьць забарона на сухое малако, альбо якіясьці сьпісы існуюць па прадпрыемствах — каму якой прадукцыі дазволены вываз”.

Калі б малочны канфлікт зацягнуўся, сьцьвярджае суразмоўніца, то прадпрыемству давялося б прадаваць харчы ў Казахстан і Ўкраіну, дзе малочныя прадукты значна таньнейшыя, чым у Расеі. Паводле кіраўніцтва “Бабулінай крынкі”, сэртыфікаты ад расейскай санітарнай службы былі атрыманыя на ўсю прадукцыю яшчэ ў сьнежні 2008 году.

Другое паводле магутнасьці малакаперапрацоўчае прадпрыемства рэгіёну, “Асіповіцкі малочны камбінат”, таксама аднаўляе пастаўкі. Гаворыць супрацоўніца аддзелу збыту:

“Дазволілі сыры й масла, малако сухое пакуль не. Цэлы тыдзень мы нічога не грузілі. Пачынаем арандаваць склады ў Магілёве. Можа, дасьць Бог, масла пачнуць браць, і толькі малако сухое застанецца”.

Пра страты, якія пацярпелі малакаперапрацоўнікі ад малочнай вайны, афіцыйных зьвестак няма. Вядома, аднак, што яны ацэньваюцца не ў адну сотню мільёнаў рублёў.

Страты былі б значна меншымі, каб малочнікі ў час парупіліся знайсьці іншыя рынкі збыту сваёй прадукцыі, — заяўляе былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз:

“Нічога фактычна не было зроблена, каб за спрыяльны час сэртыфікаваць нашу прадукцыю паводле патрабаваньняў і стандартаў Эўрапейскага зьвязу. Гэта б дало зусім іншы маштаб дзеяньняў, зусім іншы ўзровень дзеяньняў”.

Ці магчыма дывэрсыфікаваць малочныя плыні ў зьвязку з досьведам нядаўняга канфлікту? У структуры экспартных паставак беларускіх вытворцаў малака Расея займае больш за 90%. Ці чакаюць беларускую прадукцыю ў такіх аб’ёмах дзесьці яшчэ? Ці адкрыецца для Беларусі “акно ў Эўропу” на тле паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам? Колішні кіраўнік рэспубліканскага камітэту прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Беларусі Аляксандар Ярашук наконт магчымасьці геаграфічнай пераарыентацыі выказвае пэсымізм:

“Немагчыма гэтыя 93% рынку так разьмеркаваць, каб знайсьці ў такіх аб’ёмах месца на іншых рынках. І гэта адназначна ня рынак Эўразьвязу. Колькі б мы ні гаварылі пра якасьць сваёй малочнай прадукцыі, толькі ў вельмі нязначнай ступені яна можа туды трапіць. У першую чаргу — паводле парамэтраў якасьці. Гаворка пра рынкі, значна больш далёкія, чым Расея. І гэтыя абставіны дазваляюць зрабіць выснову: прадукцыя будзе неадэкватна дарагой. Таму трэба мець на ўвазе рынак перадусім расейскі, але зусім іншыя павінны быць парамэтры канкурэнтаздольнасьці. Трэба прымаць няпростыя рашэньні на рэфармаваньне галіны, каб у сельскай гаспадарцы быў канкрэтны эканамічны інтарэс, каб прызнавалася прыватная ўласнасьць. Усё тое, што ў канчатковым выніку і павінна зрабіць галіну больш эфэктыўнай”.

“Роспотребнадзор” вызначыў шэраг лябараторый, дзе беларускія прадпрыемствы могуць прайсьці дасьледаваньні на адпаведнасьць сваёй прадукцыі тэхнічнаму рэглямэнту на малако. Гэта адпаведныя ўстановы ў Смаленску, Бранску, Пскове, Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG