Пра гэта заявіў напярэдадні дарадца па эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузьняцоў. Ён таксама паведаміў, што “Газпром” накіраваў ліст “Белтрансгазу” з патрабаваньнем пагасіць запазычанасьць за газ, пастаўлены ў студзені-красавіку гэтага году, у памеры 230 мільёнаў даляраў.
Сёньня ў прэс-службе “Газпрому” заявілі, што сытуацыю пакідаюць без камэнтароў. Там не паведамілі ці пагасіла Беларусь запазычанасьці.
Паводле Андрэя Кузьняцова, цяпер размова ідзе пра аплату ня толькі запазычанасьці ў 230 мільёнаў даляраў, але і ўсёй запазычанасьці, з улікам пяні і штрафаў за няпоўную выбарку газу.
Раней спадар Кузьняцоў заявіў, што Расея можа прад’явіць афіцыйнаму Менску рэгрэсіўны пазоў у зьвязку з разьлікамі за газ у першым квартале. Беларускі бок заяўляе, што паводле вуснай дамоўленасьці кіраўнікоў краін, Беларусь плаціла за газ за гэты пэрыяд з разьліку сярэднегадавой цаны каля 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак гэтая дамоўленасьць не была аформлена юрыдычна. Пры гэтым кантрактная цана газу складала 210 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Гэнэральны дырэктар ”Белтрансгазу” Ўладзімер Маёраў заяўляе, што Беларусь разьлічылася за расейскі газ, пастаўлены у траўні, як і за папярэднія месяцы па сярэднегадавой цане ў поўным аб’ёме.
Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін нагадаў у пятніцу на пасяджэньні камісіі па пытаньнях рэгіянальнага разьвіцьця, што “Газпром” праплаціў Беларусі 650 мільёнаў даляраў. Ён адзначыў, што Расея аказвае вялікую падтрымку Беларусі.
“Некаторыя нас крытыкуюць, што мы перадаём грошы Беларусі:
- 1,5 мільярда даляраў у пазамінулым годзе,
- 1 мільярд у канцы мінулага года,
- 0,5 мільярда на пачатку цяперашняга.
- І яшчэ “Газпром” праплаціў 650 мільёнаў даляраў у гэтым годзе.
Значыць, сёлета з расейскіх крыніцаў атрыманы 1 мільярд 150 мільёнаў даляраў як мінімум”, - сказаў У.Пуцін.
Таксама Беларусь атрымоўвае з Расеі нафту па нізкіх тарыфах.
Паводле Ў.Пуціна, “нашы беларускія калегі перапрацоўваюць даволі цяжкую расейскую нафту, і нафтапрадукты экспартуюць на захад, атрымоўваючы валютную выручку”.
Ён таксама адзначыў, што калі мець яшчэ на ўвазе тавары хімічнай прамысловасьці, якія Беларусь вырабляе з расейскага газу, то валютная выручка беларусаў даволі высокая. Паводле Ў.Пуціна, такая падтрымка дае магчымасьць Беларусі субсыдаваць сваю сельскую гаспадарку.