СЛУХАЦЬ ЦАЛКАМ ІНТЭРВІЮ З ЛЕКСО АЛЕКСІШВІЛІ:
Соўсь: Беларусь цяпер знаходзіцца ў стане “малочнай вайны” з Расеяй, як некалі Грузія, калі былі спыненыя пастаўкі грузінскіх вінаў і мінэральнай вады ў Расею. Сутнасьць канфлікту і яго наступствы тады і цяпер, на ваш погляд, такія самыя або ёсьць новыя нюансы?
Расея ўжо ня раз прадэманстравала, што можа пакараць тыя краіны, якія ёй не падпарадкоўваюцца і жадаюць прымаць рашэньні самастойна
Алексішвілі: Дачыненьні Расеі зь Беларусьсю яшчэ раз даказваюць, што гэтая краіна ня можа быць надзейным партнэрам. Расея ўжо ня раз прадэманстравала, што можа пакараць тыя краіны, якія ёй не падпарадкоўваюцца і жадаюць прымаць рашэньні самастойна. Згаданыя вамі падзеі зьяўляюцца працягам палітыкі расейскага імпэрыялізму. Спачатку былі ўсходнеўрапейскія краіны, пасьля прыбалтыйскія, пасьля Грузія і Малдова, пазьней Украіна і Туркмэністан, цяпер – Беларусь. Спосабы пакараньня, вядома, заўсёды былі розныя і залежалі ад ступені раздражнёнасьці Расеі. Гэты пералік уключаў у сябе закрыцьцё межаў, абвяшчэньне эмбарга, выбухі на нафта- і газаправодах, а таксама правакацыя нацыянальных мяншыняў на тэрыторыі гэтых дзяржаваў. Вось гэта пералічанае і зьяўляецца формамі паводзінаў расейскай дзяржавы ў дачыненьнях з так званымі малодшымі братамі. Па-іншаму ў Расеі ня могуць ні думаць, ні паводзіцца. На жаль. Так адбылося і зь Беларусьсю.
Соўсь: Які галоўны ўрок вынесла Грузія з гэтага канфлікту? Якім грузінскім досьведам магла б скарыстацца Беларусь у гэтым канфлікце?
Ці ёсьць альтэрнатыва ў Беларусі? Я думаю, што, вядома ж, ёсьць. Гэта больш глыбокая інтэграцыя ў эўрапейскія
структуры
Алексішвілі: Урок ў тым, пра што я ўжо сказаў – што Расея не прымае сваіх суседзяў – былых савецкіх рэспублік, як раўнапраўных партнэраў і сама не зьяўляецца партнэрам, так бы мовіць. Напрыклад, праблемы ў гандлёвых дачыненьнях Грузіі і Расеі пачаліся яшчэ ў пачатку 2006 году. Падставай для тых праблемаў сталі палітычныя дачыненьні грузінскіх уладаў з эўра-атлянтычнымі структурамі. Расейскія ўлады рэагавалі на гэта паступова, крок за крокам. Спачатку ў студзені, у самыя халады, на мяжы Расеі з Грузіяй выбухнулі два газаправоды. І ў працягу 8-10 дзён насельніцтва Грузіі заставалася бяз газу. Потым вясной расейскія ўлады закрылі мяжу і забаранілі ўвоз грузінскай гародніны на тэрыторыю Расеі. Летам увялі эмбарга на віны і мінэральныя воды. А восеньню спынілі ўсялякія эканамічныя дачыненьні. Ці ёсьць альтэрнатыва ў Беларусі? Я думаю, што, вядома ж, ёсьць. Гэта больш глыбокая інтэграцыя ў эўрапейскія структуры. Шчыра кажучы, я думаю, што гэта нават не альтэрнатыва, але адзіны шлях Беларусі, калі яна хоча быць сувэрэннай дзяржавай і самой прымаць рашэньні. І каб ня быць заўсёды павінным іншай дзяржаве, якая заўсёды знойдзе спосабы, прычыны і рычагі для пакараньня Беларусі. Калі сёньня Беларусь зьмірыцца, заўтра будзе горш, я думаю, і будуць іншыя праблемы.
Соўсь: Хто больш губляе ў такіх канфліктах – Грузія ці Расея? Беларусь ці Расея? З пункту гледжаньня эканомікі і палітыкі?
Алексішвілі: Губляюць абодва бакі, канечне. У 2006-2007 гадох мы страцілі прыкладна 1 працэнт унутранага валавога прадукту. Але далей у нас быў рост УВП 9.6 і 12 працэнтаў. У доўгатэрміновай пэрспэктыве губляе Расея, паколькі ўсе гэтыя краіны шукаюць спосабы рэструктурызаваць свае эканомікі і пераарыентавацца. А расейскія ўлады робяць, я думаю, злачынства перад сваім народам.
Прадпрымальнікі ўжо ня думаюць пра Расею як пра рынкі збыту ці як краіну-пастаўшчыка. Усе арыентуюцца на другія рынкі і краіны
Яны ня толькі караюць іншыя дзяржавы, але робяць усё, каб іншыя народы пераарыентаваліся на другія краіны і супольнасьці. Грузінскіх і малдаўскіх бізнэсмэнаў аб'яўленае Расеяй эмбарга на віна вымусіла шукаць іншыя рынкі. Канечне, у кароткатэрміновым пэрыядзе эканомікі гэтых краінаў мелі вялікія страты, але ў доўгатэрміновым пэрыядзе ўсе разумеюць, што нельга мець надзею на Расею.
Прадпрымальнікі ўжо ня думаюць пра Расею як пра рынкі збыту ці як краіну-пастаўшчыка. Усе арыентуюцца на другія рынкі і краіны. Канечне, было б лепей, каб былі добрыя эканамічныя адносіны з Расеяй, але калі не атрымліваецца, то што зробіш.
Калі яны спынілі транспартныя злучэньні з Грузіяй яшчэ ў 2006-ым, плыні пасажыраў не памяншалася, але ўсе яны перайшлі на другія маршруты выкарыстоўваючы авіялініі і транзытныя аэрапорты іншых краінаў, у тым ліку Менск
Лепш не рызыкаваць і ня мець надзею на нерэальнае. Напрыклад, калі яны спынілі транспартныя злучэньні з Грузіяй яшчэ ў 2006-ым, плыні пасажыраў не памяншалася, але ўсе яны перайшлі на другія маршруты выкарыстоўваючы авіялініі і транзытныя аэрапорты іншых краінаў, у тым ліку Менск. Чаго дасягнула Расея? Нічога, акрамя вялікай дэзынтэграцыі Грузіі ад Расеі і страты іміджу ва ўсім сьвеце . Але гэтага ўлады Расеі не ўсьведамляюць, як я разумею.
Соўсь: Як вы думаеце, наколькі зьвязаны расейска-беларускі малочны канфлікт з удзелам Беларусі ў праграме Эўразьвязу “Усходняе партнэрства” і ці можна разьлічваць на эканамічную падтрымку з боку Эўразьвязу? Ці была такая падтрымка ў Грузіі?
Алексішвілі: Так, так. Я думаю, што для Беларусі асабліва важная падтрымка Эўразьвязу. Сёньня асабліва. З гэтага пункту гледжаньня, Беларусь абавязкова атрымае падтрымку. Грузія таксама атрымала такую падтрымку, але я думаю, што сёньня Беларусь значна больш важная для Эўропы, чым Грузія тры гады таму.
Лексо Алексішвілі нарадзіўся ў 1974 годзе ў Тбілісі. Скончыў эканамічны факультэт Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выпускнік Прынстанскага ўнівэрсытэту ЗША. Цяпер старшыня Нацыянальнага банку Грузіі (з 30 жніўня 2007 году), былы міністар фінансаў Грузіі (30.06.2005-30.08.2007). Да прызначэньня на пасаду міністра фінансаў займаў пасаду міністра эканомікі і разьвіцьця. Кіраваў недзяржаўнай арганізацыяй «Асацыяцыя маладых эканамістаў Грузіі»